Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Свет пачаў круціцца ў вачах Братчыка. Нейкі скрогат ціснуў на вушы. І ліпучыя ніці круціліся разам са святлом. А потым свет пацямнеў....Ён ляжаў ніцма, галавою ў паваленыя пляшкі. Ляжаў, адкінуўшы адну руку і няёмка падкурчыўшы другую. Спалоханая такім вынікам, жанчына адхіснулася ад яго, нібы хацела ўшчаміцца ў кут. А над нерухомым целам стаялі апосталы. Ніхто нічога не разумеў. І раптам з’явілася палёгка.– Ну вось, – сказаў Мацей. – Нажлукціўся, як свіння.– Чужое, чаму не жлукціць, – усміхнуўся Баўтрамей.Філіп з Віфсаіды прыцягнуў вядро:– Гэна... Адцягніце яго з дывана... Хай бы яно...І шухнуў ваду на галаву Хрыста.Чатыры коннікі ўбачылі праз дзверы гэтую сцэну і рушылі з месца коней.– Ну вось, – сказаў Лотр. – Нам тут больш няма чаго рабіць. Астатняе яна даробіць...– Шкада, пэўна, ваша правялебнасць? – спытаў біскуп Камар.– Захачу – вернецца. Паехалі. Бачыце – маланкі.Маланкі паласавалі неба часцей і часцей. Першы павеў свежага ветру варухнуў плашчы.– До гэтай камедыі, – сказаў Лотр. – Рым занепакоіцца. А нам што? Не атрымалася – атрымаецца ў другі раз.І раптам славуты Рыгор Гародзенскі, моцна, відаць, п’яны, пачаў бурчаць і лаяцца:– Ну, добра, брыдкія вы ерэтыкі... Няхай... Але блюзнерыць нашто, садаміты вы... Не толькі немаўлят манастырскіх – ісціну вы хаваеце, адаміты, што галізною сваёю багабрыдкай выхваляюцца.– Чаго ты? – спытаў Камар.– А што? Брахала самазванцу гэтая ваша Магдаліна, блюзнерка, дачка сатаны і папскай палюбоўніцы. Стане Бог пасля гэтага дробнага махляра з той дзеўкай спаць? І які яшчэ там магнат?– А чаму? – спытаў раптам сябра Лайёлы. – Хіба Пан Бог не самы ўплывовы і моцны магнат на беларускай зямлі? І хіба манастыры не ягоныя замкі? І хіба манашкі не Божыя нявесты? Усё правільна.– А хіба Бог не здолее адрозніць дзеўку ад маладзіцы? – выбухнуў Балвановіч. – Хіба нябесны муж – дурань?!– А вы што, іншай думкі? – прыжмурыўся дамініканец.Ён захінуўся ў плашч. Коні зніклі ўначы.Увесь мокры, ён сядзеў ля кіліма і сціскаў у руцэ кубак. Цяпер ён сапраўды быў цяжка, да змрокавага стану, п’яны. Магдаліна абдымала яго, церлася шчакою аб ягоную шчаку, абвівала валасамі яго шыю – ён быў безудзельны. Патлы валасоў падалі, мокрыя, на лоб, і пад імі трапяталі да шаленства пашыраныя зрэнкі.А галасы раўлі і раўлі старую шкалярскую песню. І яна грымела і вырывалася з пакояў у ноч, пад маланкі.Гарэлкі ў гляк налі...Ні Зеўс і ні ЮпітэрГарэлкі не пілі.І яловай актавай бурчаў Якуб Алфееў меншы, бамбіза з асалавелымі вачыма.Дурныя... Во дурныяБагі тады былі!Слухаючы гэта, Братчык нібы ад сэрца адрываў словы:– Піце, хлопцы. Застаемся тут.Раввуні стаяў над ім.– Плюнь, Юрась.– Хрыстос, – змрочна папраўляў ён. – Ідзі ты з суцяшэннямі, Іуда... Давай ламаць кумедзь. Усё адно.Іуда развёў рукамі і раптам сарваўся:– Не, вы паглядзіце на гэтага дурня! Раней я думаў, што большага дурня, чым слонімскі рабін, не стварыў мудры Бог. Але цяпер бачу, што нам з імі пашанцавала ўсё ж болей, чым беларусам з табою... Ша!.. Прашу цябе... Бяры коней, грошы, нас...– Ты мне д-друг?– Я табе друг. А ты мне?– І я табе друг.– Тады пойдзем. Не сёння заўтра здарыцца жах. Гора мне, маці мая! Так распусціцца... П’яная свіння! Юрась!.. Хрыстос!.. Божа мой! Ліхаманка табе ў галаву! Кінь гэтыя глупствы! На прэнг захацеў? Уцячом...– Усё адно. Вернемся, Іуда. Няма любві на свеце. Дарэмна распяўся Бог. Падман адзін. Усё адно. Піце. Гуляйце. Застанемся да смерці ў гэтым дзярме.