Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Хрыстовы вочы п’яна і страшна заблішчалі. Ён грукнуў кулаком:– Застанемся. І гор-ра ўсім. Звяжам! Скруцім! Усё княства, усю Б-беларусь і ўсю Карону... Разнясём магнацкія камяніцы! Усіх д-да-станем-м! І з жонкамі хлуслівымі!– Мілы! Даражэнечкі! Можа б, ты пабляваў? Га? Паблюй. І потым ціха-ціха пойдзем, і няхай яны тут задавяцца са сваім Панам Богам і сваёй верай. І няхай у іх будзе столькі вошай у галовах, колькі было пакрыўджаных імі ад дзён Выйсця і да нашых дзён. Няхай будзе ў іх столькі вошай і не будзе рук, каб пачухацца.– Д-душыць мяне... Цісне, – вочы Хрыстовы пацьмянелі, абвіслі рукі.У яго рэзка змяніўся настрой: на месцы Машэкі сядзеў цяпер Іерамія.– Прарокі прарокуюць хлусню, і свяшчэннікі вывяргаюць брахню, і народ мой любіць гэта. Ну, што ты будзеш рабіць пасля... гэтага? Як сказаў... яшчэ... Іерамія.– Пхе, – суцяшаў Раввуні. – Ну, наплюй ты на іх. Ды яны ж усе сволачы. Гэты добранькі, разумненькі Басяцкі, і гэтая свіння Камар, і тая трэфная курыца Балвановіч. А Лотр? Уй, не кажыце мне пра Лотра.Магдаліна ўбачыла, што Юрась досыць п’яны, каб паверыць у другую частку маны, і яшчэ не досыць п’яны, каб забыць канчаткова тое, што яна сказала раней.У пакоі было зусім пуста. Апосталы зніклі. На дыване не засталося аніякай ежы. Хоць бы крышачку пакінулі.– Ідзі, Іуда, – сказала яна. – Ты толькі шкодзіш. Ты разумееш? Ідзі. І вазьмі з сабой дзяўчыну.– Я разумею. – Іуда трохі хістаўся. – І праўда, так будзе лепей. Не кідай яго.– Я яго не кіну.– Не кідай! Падары яму цеплыні! – маліў за друга Іуда. – Іначай мне будзе сорамна маёй.– Ідзі, – мякка сказала яна. – Не саромейся. Яму будзе не горш.Раввуні ўзняў дзяўчыну, і тая прыціснулася да яго, і так яны выйшлі. Магдаліна ўстала, замкнула за імі дзверы і вярнулася да Юрася, які мармытаў нешта, седзячы, ці то ў сне, ці то ў прастрацыі.– Езус, – ціха сказала яна. – Пойдзем адсюль. У палі.– Усё адно... Няма сумленных жонак... Няма праўды... Здрада... П-піце, гул-ляйце!– Ціха! А ты ведаеш, што я не веру гэтым плёткам? Што гэта няпраўда?Яна паўтарыла гэта яшчэ пару разоў і раптам убачыла амаль свядомыя вочы. Гэта было так нечакана, што сэрца ледзь не спынілася ў яе грудзях.– Не верыш? – Хрыстос паматляў галавою.– Амаль не веру. Ходзяць і другія чуткі. Толькі я не хацела гаварыць пры іншых... У мечніка нібыта ёсць моцныя ворагі, і ці то сам ён, распусціўшы чуткі аб шлюбе, вывез дачку, ці то самі гэтыя ворагі выкралі яе.– Што ж праўда? – зноў на вачах п’янеючы, спытаў ён.– Я не ведаю. Можа быць і тое і тое. Могуць быць хлусамі і мужчыны, і жанчыны.– Хто ворагі?– Як быццам нейкі царкоўнік.– Ты мяне забіваеш. Што ж гэта такое?!– Я кажу, можа быць усё. Але хіба табе самому не трэба адшукаць, упэўніцца, ведаць праўду, ведаць нешта адно?– Трэба.– Ну вось. І таму пойдзем з горада. Заўтра ж.– Пойдзем... Заўтра ж.– Я пайду з табою. Я не кіну цябе. А зараз кладзіся... Я лягу з табою.Яна прыцягнула з кута адну шкуру і амаль зваліла на яе п’янага. Пасля разула яго і накрыла другой шкурай ягоныя ногі.– Не думай... Кінь думаць зараз... Я лягу з табой. Я не кіну цябе.– Ляж, – ціха сказаў ён. – Так будзе лепей. “Таксама, калі ляжаць двое, то цёпла ім; а аднаму – як сагрэцца?ч” – сказаў... Эклезіяст... Я чытаў... Я стараўся зразумець... Не так будзе далёка ад людзей уначы... Я не крану цябе... Проста мне... Проста я, здаецца... страшэнна п’яны... І мне... Ты не смейся... Мне сапраўды страшна.