Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

“Страшна. Як малому, – падумала яна. – А што? І праўда, страшна”.Ён заснуў, ледзь дакрануўшыся галавою да падушкі. Спаў, па-дзіцячы прымасціўшыся галавою на кулак. Аблічча ў сне было прыгожае і спакойнае.Яна адшукала чысты кубак, наліла ў яго віна і павольна, з асалодаю выпіла. Цяпер было можна. На сёння яна зрабіла сваю справу.Потым яна наліла яшчэ кубак і паставіла ля шкуры. Можа, яму давядзецца даць уначы, калі пачне хапацца за сэрца і стагнаць... Напіўся, дурань.“Нібы п’янаму гаспадару”, – падумала яна і ўсміхнулася. Думка на хвіліну дала ёй нават нейкую радасць і гонар. І яна здзівілася гэтаму.Пасля яна скінула сукню і забралася пад шкуру побач з ім. Дзьмухнула на апошнюю свечку. Наваліўся змрок.За акном урэшце лінуў дождж. Спорны, часты, густы. У акно і дзверы павеяла прахалодным і прыемным. І ён у сне нібы адчуў гэта і яе цеплыню побач, працягнуў руку і паклаў ёй на грудзі.Што ён сніў?Яна ляжала на спіне, адчувала цяжар і цеплыню ягонай рукі на сваіх грудзях, і гэта было добра, і – дзіва – зусім нязвыкла.Гэты мужчына не імкнуўся да яе. Нават цяпер. І гэта было шкада і адначасова добра.Апошнія думкі блукалі ў яе галаве:“Спаў, як дзіця... І ўвогуле, дзіця па думках і помыслах... Усяму паверыў. На табе: пойдзем заўтра... Пойдзем шукаць каханне. Толькі і ў галаве гэта ёй... Як пакутаваў!.. Шчанюк... А харошы шчанюк... У многім лепшы, чым тыя... Шкада, што давядзецца яго забіць”.

Раздзел ХVІІ

Не пад покрывам цемры выходзілі яны з горада, а ўдзень. Але іх таксама шукалі забіць – няхай сабе і не сягоння.Усе чатырнаццаць былі ў звыклых саматканых хітонах, у скураных моцных поршнях. Ува ўсіх чатырнаццаці за спінамі былі клункі, а ў руках кіі. На шыі ў Іуды вісела грашовая скрынка.Толькі адна Магдаліна, як то і належыць, адрознівалася ад іх вопраткай: нават самае сціплае з яе адзенняў здавалася побач з хітонамі бадзяг багатым. Але яна таксама збіралася ісці пешшу, і толькі мул, наўючаны саквамі (яго вёў за аброць Роскаш), сведчыў аб тым, што яна ўзяла сёе-тое з свайго майна.Каля Лідскай брамы, высокай, з дзікага чорнага каменя, моўчкі стаяў народ. На гэты раз не чуваць было крыкаў. Развітвацца было страшнавата: пойдзе і не вернецца, а там розная навалач і возьме за бакі. Аднойчы ўжо так было.Сядзелі на конях ля самай брамы Лотр, Басяцкі і Рыгор Гародзенскі. Стаяў за іхнімі спінамі кат.А насупраць іх збіліся ў кутку старыя знаёмыя: да сіняга чорны Гіаў Турай, разьбяр Кляонік са сваёй чарцячай зялепіўшчыцай Фаўстынай, усмешлівы Марка Турай, залатарукі Ціхон Вус, дудар з вечнай дудой і змрочны волат Кірык Вястун.– Вось і ідуць, – сказаў ён. – Пажылі некалькі дзён, а тут зноў...– А братачка, – сказаў ласкавы дудар. – А Бог, пэўпа ж, не выдасць. Ну што зробіш? І паўсюль трэба, каб добрым людцам палепшала.– Людцам палепшае, – сказаў Зянон (на такі выпадак ён прыцёгся з вёскі). – Як бы вось нам не пагоршала.Марка Турай думаў. Пасля ўзяў Кляоніка за руку:– Глупства мы зрабілі, што не паспрабавалі з ім дамовіцца, пакуль тут быў.– Піў, кажуць, – сказаў Вястун.– Ну і што? А ты не п’еш? – спытаў Кляонік. – Давай хадзем да яго.Яны падышлі да Хрыста.– Ану, Божа, адыдзем трохі.Твар Юрасеў быў трохі бледны і мяты з пахмелля. Ён кіўнуў галавою і адышоў з хлопцамі ўбок.– Што вам, дзецюкі?– Каб адразу зразумеў, з кім гаворыш, – сказаў Кляонік, – ведай: вось гэты каваль горад узняў, калі вас у катавальню пацягнулі.