Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Ну? – буркнуў Бекеш.– Наш ныня жывы папа, Леў Х, – манах гаварыў ціха, – адразу пасля выбрання адмяніў адну старажытную цырымонію. Якую, хачу я вас спытаць?– Прылюдную праверку coram populo1, – здагадаўшыся, пырснуў Кляонік.– Менавіта, – сказаў манах. – Мала што, а, можа, там суцэльныя дурныя язвы. А тое, што ён мужык – кожны папа давядзе, мяркую, і так. Дурная справа няхітрая.– Не разумею, куды ты вядзеш? – злёгку ўсміхнуўся Бекеш.– І цябе яшчэ вучылі па законах рыторыкі? Бездар! Дык вось, адна мая пасылка тая, што ў кожнага можна праверыць ягоны coram populo.– Ён гэта ўжо і так давёў, – сказаў Бекеш, – Хрыстос гэты.– Чакай, цяпер другое. Скажыце, ці пры кожным сваім з’яўленні месія выбірае новы воблік, ці карыстаецца старым воблікам?– Мяркую... старым... – няўпэўнена сказаў Кляонік. – Хіба што ран няма, таму што яны – справа чалавечых рук, так, справа чалавечых рук.– І я думаю – старым. Першавоблік Бога-сына – рэч устаноўленая і страшэнна каштоўная. Не можа ён з’явіцца ў выглядзе гарбуна, бязногага, рабога. Нездарма ж на ўсіх іконах ён збольшага падобны: каштанава-залатыя валасы, блакітныя вочы, “тварам не круглы”.– Ясна, – сказаў Кляонік. – Далей.– Яшчэ адно пытанне. Скажыце, можа адна рэч быць адразу ў двух месцах?– Не, – сказаў Бекеш.– І яшчэ адно. Якую самую галоўную рэліквію прыдбаў пры сваім жыцці для Францыі Людовік святы?Сябры стаялі аглушаныя. Знішчальны, бязлітасна лагічны ход думкі Крыштофіча пачынаў адкрывацца ім.– Крайнюю... плоць... Хрыста, – ледзь выдушыў разьбяр.– Так. Воблік Хрыстоў – рэч нязменная, настолькі вялікая і вечная, што Езус не дазволіць сабе вечна мяняцца, як гэты паскудны свет. Адна рэч не можа быць у двух месцах. Праўдзівасць рэліквіі Людовіка гонарам сваім зацвердзіў Рым. Значыцца?..– Значыцца, трэба ўчыніць гэтаму круцялю праверку coram populo і заадно ўпэўніцца ў іншым, – засмяяўся Бекеш. – Наўрад ці гэта пацвердзіцца.– Горш другое, – з’едліва і сумна сказаў Крыштофіч. – Намеснікі Хрыста лічаць, што яны вышэй за яго. Што пасуе Хрысту – не пасуе ім. Хрысту можна было не мець крайняй плоці, папе – аніяк нельга, і на гэта ёсць найстражэйшы закон. Я зусім не за тое, каб такое рабілі з усімі людзьмі, я – хрысціянін. Але, уласна кажучы, чаму? Злітуйцеся, дзе тут справядлівасць?Змоўклі трубы. Цяжкія палавінкі брамы пачалі разыходзіцца. У натоўпе пачуліся ўздыхі.– Так і не праверым, – прытворна ўздыхнуў Бекеш. – Зірніце, як іх Лотр праводзіць... Са слязой.І ў гэты момант Кляонік з усмешкай сказаў:– Слухайце, хлопцы, не можа гэтага быць, каб Лотр не хацеў быць папай... Спадзяецца, відаць?Сябры, улавіўшы ход ягонай думкі, зарагаталі. Бекеш уявіў сабе тую карціну і, паколькі меў жывую фантазію, аж заліўся смехам.– А добра было б, хлопцы, яму тыя спадзяванні абрэзаць.– А што, пры выпадку, можа, і зробім, – сказаў Кляонік.Брама выпусціла Хрыста з апосталамі. Народ кінуўся быў за імі, – варта, налягаючы на жалезныя палавіны, са страшэннымі намаганнямі зачыніла іх.– Усё ж ненадзейна гэта, што выпусцілі, – ціха падаў голас кат. – Ім бы хадзячыя клеткі. У мяне ёсць вельмі міленькія.– Цыц, – сказаў Басяцкі. – Не трэба ім гэтага. Увесь свет – клетка. А ўжо такой клеткі, як княства Беларуска-Літоўскае – пашукаць, дык не знойдзеш... Бывай, Пане Божа.Дарогі, дарогі, беларускія дарогі. Дажджлівая далячынь. Дарогі. Манатонныя, пяшчотныя і журботныя, як лірны спеў. Чорныя палі. Лужыны. Курныя рэдкія хаты сярод палёў. Скураныя поршні месяць гразь.