Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Шчасце вялікае, што некаторыя пачулі маленне людское, падумалі, што вось сапраўды дасць хлеба і тым гандаль падарве, дый ад аднае тае думкі трохі пашалелі. Глядзім – праштурхаліся праз натоўп ад сваіх крам два чалавекі. Адзін худы, рыжы і вэнджанай рыбаю пахне. Другі – нібы з боханаў хлебных збіты. І апошні са з’едлівасцю такою Хрысту кажа:– Але. Хлебчыку. Ствары ім цуд.А другі з такой фарысейскаю мордаю пытае:– Што ж не нагадуеш іх хлебам і рыбай?Братчык маўчыць.– Ці не можаш, і гандлярам трэба рабіць гэта? – пытае хлебнік.І тут свежанькі наш Хрыстос нібыта зразумеў нешта. Паглядзеў на гандляроў. На крамы. На цэхавыя знакі над іхнімі дзвярыма.– Гэта вашы склады?– Н-ну, нашы.– То прасцей, відаць, было б, каб гэта вы людзей нагадавалі.– У нас нямашака, – кажа хлебнік. – Евангеллем святым клянуся.– Ды яны ў нас пустыя, хоць ты сабак ганяй.– Добра, – кажа Братчык. – Што ў вас ёсць, людзі?Пашукалі ў натоўпе. Урэшце кажуць:– У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.– Вось і добра, – усміхаецца шкаляр. – Вось мы іх зараз і парэжам. А каб не бачылі вы на свае вочы Божага дзіва, мы зробім так. Ты, Тумаш, вазьмі трохі апосталаў і дзве рыбіны, ды ідзіце ў тыя дзверы (вось я іх бласлаўляю). А я з шасцю хлеб вазьму ды пайду сюды... А вы, людзі, ставайце ў хвост, не штурхайцеся, без чаргі не лезьце, хопіць на ўсіх. А хлеб і рыбу падаем праз акенца.Хлебнік з рыбнікам кінуліся былі да яго. Той голас узвысіў так, што глядзець на яго страшна стала.– Чаго вам? Людзі, вы ўсе чулі! Гэтыя евангеллем кляліся, што ў іх там пуста. То чаго шкодзіць вам свой хлеб атрымаць?Толькі мы і чулі, як шыпеў хлебнік ля сваіх дзвярэй.– Нельга сюды. Канкурыруеш, пан Езус.Натоўп насунуўся бліжэй. І тут залямантаваў ля сваёй крамы рыбнік:– Па жаданні веруючых цуду не будзе!Але іх адцерлі ўжо. Хрыстос твар свой амаль да самых вачэй рыбнікавых прысунуў:– Ану, ляці адсюль!Той не хоча.– У вас жа там нічога няма? – зноў спытаў Хрыстос.– Н-ну.– Тады ізыдзіце...І пацяклі натоўпы. Дзве вялізныя змяі чалавечыя. А мы падавалі і падавалі праз акенцы хлябы, вэнджаную і салоную рыбу, мяхі з сухарамі і збожжам.Пазней сказалі нам, што хлебнік з рыбнікам спалохаліся, што разарве іх галодны натоўп, але да самага канца глядзелі, як гэта можна з пустых складаў дзвюма рыбамі і пяццю хлябамі нагадаваць увесь горад. Надта гэта ім цікава было.І нібыта хлебнік сказаў:– Гадавец! А яшчэ Хрыстос. Ці Хрыстос бы так зрабіў?А рыбнік нібы адказаў яму:– А я здзіўляўся яшчэ ў царкве, якія гэта дурні крычалі: “Распні яго!” Дур-рань стары!І нагадавалі мы тымі хлябамі і рыбінамі ўвесь горад, і ў запас людзям далі, і самі наеліся так, што лоб і жывот былі аднолькавай цвёрдасці. Ды яшчэ і засталося дванаццаць кашоў аб’едкаў.Адно насцерагала. З моманту гэтага большасць “апосталаў” адчула смак у салодкім жыцці і страціла адвечную пільнасць валацуг. Яшчэ б, то кралі, а тут самі нясуць табе. І нікуды не трэба ўцякаць, і тут добра, а катавальня – гэта нешта далёкае. Лявон – Пятро нават блюзнерыў, гладзіў сябе па пузе і ўздыхаў: “Царства Божае ўнутр мяне ёсць”. А як Братчык сказаў яму, што не скончыцца гэта дабром, ён яму кінуў: “Уцякаць не ўздумай. Выдадзім. Тут грошай – рэкі”. І як ні казаў Іуда, што разумны чалавек даўно б падумаў, як адсюль навастрыць лыжы, – ніхто пра гэта сур’ёзна не думаў, бо рэдкая гэта з’ява на зямлі – розум.