Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Чатырнаццаць чалавек адны на гразкай дарозе.Перад імі – далячынь.

Раздзел ХVІІІ

І хадзілі яны па зямлі беларускай і, не дужа выказваючы сябе, глядзелі, што робіцца на ёй. І Хрыстос шукаў і не мог знайсці, і ўсё больш верыў, што адзіная ў свеце жанчына падступна кінула яго. І дайшло да таго, што стаў ён казаць, што не кахае яе, а хоча адшукаць і адпомсціць. А Іуда не верыў гэтаму, бо кожны час бачыў вочы Хрыстовы.Магдаліна то ішла, а то і ехала на муле. Не забывала з кожнага мястэчка галубоў адпускаць. А апосталы ад нудзьгі патроху сварыліся. Каток, напрыклад, даводзіў Шалфейчыку, што Тадэй – апостал вышэй за Якуба, а той на гэта рэзонна заўважаў, што гэта нават толькі зірнуўшы, і то ясна, хто вышэй. Ён, Якуб, дыяканам быў, а тыя амаль спрэс рослыя. А Тадэй – скамарох бяскосты, смаржок. Пасля чаго дужа пашкадаваў Тадэй, што ў яго хадуляў няма, бо йначай гэткаму бамбізе і ў морду не плюнеш..І засумавалі яны.Але блізкі ўжо быў час, калі зноў давялося ім давесці здольнасць сваю тварыць дзівы.Прыйшлі яны ў гарачы вечар у весь Збланы, што ля Нёмана, і ўбачылі, што ляжыць пасярэдзіне вуліцы і перакачваецца ў пыле з боку на бок багата апрануты чалавек. І селянін і нібыта не селянін. А над ім квокчуць дзве бабы: старэйшая і маладзейшая. І клічуць яны яго: “Лазар! Лазар!”, а той толькі: “Жад-даю пам-міраць. Адкасніцеся!”– Лазар! Гэта ж я, Марта! А Божачка мой! А ці ён набраўся, як жаба гразі, ці гэта ён памірае? Марылька, падтрымай ты яго, ліханька наша горкае, апошняе.– І памру, – сказаў Лазар і ляснуўся ў пыл.І кінулася тады Марта да прышлых людзей і пачала лямантаваць:– РатуйцелюдзідобрыятамуштопамёрбратнашЛазарзгорадавярнуўшыся – ізасталісямыўдзвюхзсястрою-сіротыняшчасныяінеабароніцьнасніхто!А Хрыстос заціснуў далонямі вушы. І ўбачыў малодшую, дзіўнага смаку вясковую кабету. І ўсміхнуўся.– Лазар, брат наш, памірае, – сказала яна. – А ты хто?– Я? Я Хрыстос, – і ён схіліўся і прыўзняў галаву таго, хто ляжаў. – Лазар... Паўстань, Лазар...Лазар, пачуўшы тое, расплюшчыў вочы. Плыло над ім чорнае сонца, а ўбаку, над акаёмам, весела скакаў цёмна-барвяны серпік месіка.– Сонца ператворыцца ў цемру і месяц у кроў, – шапянуў ён.– Лазар, гэта я, Хрыстос.– Хрыстос? Пане Божа, у рукі твае аддаю дух мой.А потым узніклі перад ім два Хрыстосы... Пасля яшчэ два... Сорак... А за імі – незлічоная колькасць апосталаў.– Легіёны Гасподні, – сказаў ён, і ўпала ягоная галава.Тады Марыля, сястра Лазара, пачала гаротна плакаць і стагнаць, а Марта, ломячы рукі, залямантавала:– Аказаліўцарквенексмерціхваробатаяалекславебожайхайпраславіццапразяесынбожы-ы-ы... Восьба-чышпанебожакабтыбыўтутнепамёрбыбратмой.– Не памёр, але спіць... Дзе тут бліжэйшая крыніца.– Там, пане мой! – і Марыля паказала ім у яр, зарослы хмызнякамі.– Добра, – сказаў Братчык. – Ану, Іакаў, Піліп, Багдан, бярыце яго за белы рукі, нясіце за мной.А крыніца тая была дзівосная. Пясчаная, узятая ў зруб, уся пад крутым схілам.Падала ў яе вада танюткім, чыстым, як шкло, струменьчыкам з трубачкі балігалова, устаўленай проста ў жарало.І пасадзілі яны яго ў крыніцу па шыю і так, каб струмень падаў на галаву, а самі адышлі і сталі чакаць Божага дзіва.– Ты адкуль даведаўся, што п’яны? – спытаў Піліп з Віфсаіды. – Я... гэна... нізавошта б не даведаўся.Юрась пацягнуў носам:– Ды гэта і адсюль чуваць. Слівянка... Мёд... Жытняя гарэлка.