Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Прыгарэлая, – Якуб абіраў сцябліны лопуха і еў іх. – Ужо я ведаю.Тумаш чысціў шаблю.– Ну і дурыла. Гэта не ад яе дымком цягне, – ён аблізнуўся. – Гэта зельвенская аржанка. Яны назнарок робяць, каб з дымком.– А я кажу – прыгарэлая, – сказаў Якуб.– З дваранінам ён яшчэ аб гарэлцы будзе спрачацца. Хам!Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але ў гэты час мярцвяк у крыніцы заляскаў зубамі.– Б-б-божа, в-в-ваз-зры на мяне. У по-по-порубе сяджу... Це-цемра непрасвя-цімая, скро-скро-скрогат зубоўны.І пачалі глядзець у той бок Марта і Марыля, якіх паклікаў Баўтрамей, і з’явілася надзея ў вачах іхніх.– Лазар! Ідзі прэч! – узгаласіў Братчык.– В-в-в, – адказаў Лазар і, густа-сіні, з’явіўся з зарасцяў.– Пане Божа... – Марта ўпала ў ногі Юрасю.– Н-н-ну, Б-б-божа, н-навекі я цяпер р-раб твой. На крыж нацягнуць пакліч – прыйду.І павёў іх Лазар у хату, і выбілі яны донцы з бочак, і засмажылі кормных цяльцоў, і распачалі пір сілен. І села Марыля ля ног Хрыстовых і слухала яго. А Марта не села, бо такую плойму нагадаваць ды напаіць – гэта вам не байкі слухаць.І ўсё менш верыў Езус у тое, што дзяўчына з месячнага саду выкрадзена кімсьці, а ўсё больш верыў, што падманула яна яго.А было між тым не так. Было тое, што новую манахіню ніхто ніякімі сродкамі не мог прымусіць жыць так, як жылі ўсе ў Машкаўскім манастыры. Да імшы не хадзіла, у хоры спяваць адмаўлялася, высокім гасцям прыслужваць не хацела. Ціхая і сціплая раней, трымала яна сябе цяпер так, нібы ў яе ўсяліўся бес. І ўрэшце ігумення не вытрымала, сама прыйшла да яе ў келлю і завяла апошнюю размову. Не паслухае – хай наракае на сябе. Сказала, што калі апаноўваюць цябе д’ябальскія думкі, дык трэба пасціцца, а не то – бічавацца, а не слухаць старэйшае пакаленне – гэта ўжо зусім нікуды не варта.Анея не глядзела на яе.– То што, даслаць бізун?– Дашліце яго гародзенскім айцам царквы. Ён з іх крыху юру выпусціць. А я ні маліцца, ані бічавацца не буду. І вы не робіце – і я не буду.– У нас д’ябальскіх думак няма.– У каго ж яны тады ёсць? Кажу: бізун пакіньце сабе.– Што ж гэта, паня такая?– Нельга ўзняць руку на плоць Божую. У мяне можа быць сын.– Адку-уль?– Не ведаеце, як бываюць дзеці? Дзіўна, мне здавалася, што менавіта вы павінны ведаць гэта лепей за ўсіх... Я г о н ы сын.Твар ігуменні пайшоў плямамі.– Не магу... Не магу, – яна раптам зарагатала. – Дык ты думала, ён Бог? Шалбер ён, прайдзісвет, шкаляр, які з калегіюма вылецеў. Апосталы ягоныя – зладзеі ды канакрады. Яго пад бізунамі прымусілі Богам быць. Хрысто-ос! Ды ён з васковага Хрыста ў храме за шэлег порткі здыме.Жанчына паглядала ёй у вочы і зразумела – праўда.І раптам загучала музыка начнога саду, шолах дрэў, гукі пацалункаў. І пачула яна зноў ягоныя словы аб тым, што ён шкаляр, што “дзеля яго самога”, што “а каб я быў іншы”. І ўбачыла яна месячны дым, і неба, і гукі далёкіх званоў, і спевы анёла, які казаў аб тым, што боязі няма, і другія спевы, у якіх ганец з любоўю і тугой казаў: “Кахаю”.Ён не хацеў падманваць яе. Ён казаў пра ўсё, і толькі яна была глухая, была дурніца і чакала прывіду... А прывід быў жывы. І ён шаптаў ёй дзівосныя словы, ніколі дагэтуль не чутыя на зямлі, узятыя з неба... І, значыцца, было ўсё адно, хто ён.– А прывід быў жывы, – ціха сказала яна, і вочы яе з нянавісцю зірнулі на ігуменню.Тая не зразумела яшчэ, што прайграла:– Разумееш? Прайдзісвет!– А мне ўсё адно, – усміхнулася Анея. – Магчыма, я і хацела пасці? І менавіта з ім.