Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Аблічча было нязломна-незалежнае. Ігумення яшчэ знайшла сілу іранізаваць:– Пасці? То ішла б адразу ў наш кляштар.– А мне вашы зладзеі з вялікай дарогі без патрэбы. У мяне – мой. Мне ўсё адно, хто ён, – яна ўперла рукі ў бокі. – Параўнаць з вашымі ніжнікамі, дык ён вышэй за Бога. І яго вы не адбярэце ў мяне, добрага, моцнага, пяшчотнага. І мяне нельга ад яго адабраць. І я не ўздыму рукі на ягоную плоць!.. А кляштар ваш не ў імя Марты і Марыі, а ў імя вялікай блудніцы і самога сатаны, у якога другое імя – Лотр!...Марта і Марыля раніцай наступнага дня правялі іх да раздарожжа. І Марыля спытала, ці прыйдзе Хрыстос яшчэ... да яе. А ён адказаў ёй, што, відаць, не, што занадта далёка ідзе ягоны шлях. І тая пайшла дадому, здзіўляючыся яго незразумелай святасці. Таму што яна не паставілася б да яго жорстка. А Марта ішла і ў душы радавалася яе няўдачы....І зноў дарога. Поўныя сумы за спіною. У скрыні ў Іуды бразгаюць грошы, і, значыць, можна ісці далёка-далёка. А перад Іліяшам бяжыць свіння. Адна з двухсот Лазаравых. Таму што Лазар – сальнік. Свіння харошая, пярэстая.Радасна глядзець на Божы свет. Але не ўсім.У Пятра балела галава. Ішоў і звягаў:– У падзяку за ўваскрэсенне паднеслі яны нам хваробы.– А малодшая была нішто, – сказаў Андрэй.– Не з тваім... гэна... лычам... – абарваў яго Піліп. – Яна... гэна... ад Братчыка не адыходзіла. Аж старэйшая... узраўнавала. І чаго глядзеў чалавек?Магдаліна ўсміхнулася трохі пагардліва. У бліжэйшым мястэчку трэба выпусціць голуба і напісаць, што Юрась, нават калі і не шукае схопленую, нікога не хоча, і, значыць, гэта занадта сур’ёзна. Значыць, калі ён даведаецца праўду – гневу яго не будзе мяжы.І ўсё ж ён быў не такі, як тыя, з кім зводзіў яе лёс дагэтуль. Яна адчувала нават міжвольную зацікаўленасць да яго. Цень павагі, калі яна здатная была да павагі.

Раздзел ХІХ

Пасля гэтага пайшоў Хрыстос са сваімі апосталамі ў бок Любчы. Ногі іхнія былі ў пыле шматлікіх дарог, і не маглі яны ўжо ісці далей і вырашылі спыніцца на ноч тут.Паўсюль пытаў ён аб жанчыне, якую шукаў, і нідзе ані слова не пачуў пра яе, і ў адчаі ўсё больш злаваўся на подласць роду людскога. Але злосць – кепскі дарадчык. Часам яна можа штурхануць высакароднага ў тое балота, у якім сядзіць яго подлы вораг.Ён ішоў, апусціўшы вочы, бо не хацеў бачыць твараў людскіх. На ўсіх тварах, здавалася яму, ляжаў водсвет блізкага пекла. Рылы, пысы, брудныя храпы, а не твары. І ўвесь час хацелася яму зрабіць з кімсьці нейкае злоснае свавольства.І, наблізіўшыся да Любчанскага замка, узвёў ён вочы і ўбачыў вялізны натоўп народу, і зразумеў, чаго яны тут, і зразумеў, што тут ён, нарэшце, здолее на сім-тым адвесці душу.Сярод натоўпу стаяла вялізная ятка, крытая белым ядвабам. За ёю, у нішы мура, стаялі дзве скрыні, поўныя срэбрам, і столік з вялізнаю стопкаю пергаменту. Пергаменты з пячацямі віселі і на ятцы. А пад навесам стаяў непамерны ў азадку і пузе дамініканец, які нагадваў з гэтай прычыны лютню або мандаліну на кароткіх тоўстых ножках. З ім былі два служкі.Нават па адных нахабных паводзінах гэтага чалавека, па развязных словах ягоных Юрась здагадаўся, хто перад ім. Але дзеля вернасці ўсё ж перапытаў:– Брат Волесь Гіменіус?– Але, – малітоўна адказаў той. – Прападобны брат Волесь Гіменіус, вялікі Ачышчальнік.І тады яны сталі слухаць Ачышчальніка. На шчасце, яны не вельмі спазніліся. Той не паспеў яшчэ нават пачырванець.