Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Вось што тут напісана, – торкаў ён тоўстым пальцам у пергаментны скрутак, пад якім, як крывавы плявок, вісела і гайдалася пячатка мудрага і вялікага Айца. – Напісана самім вялікім львом нашай думкі. “Хай даруе вам той, што прыняў смерць на крыжы за грахі вашы”. Я! – І тут ён шырока распахнуў брудную таўсташчокую пашчу. – Я, сам Валенты Гіменіус, уладаю Хрыста, блажэнных святых апосталаў Петры і Паўлы вызваляю вас ад усіх царкоўных парушэнняў, грахоў, праступкаў, празмернасцей, як былых, гэтак і будучых, якія б яны ні былі вялікія... Купіце індульгенцыю, і паступіце вы ў шэрагі ваяўнічай царквы, якая ўсе будучыя грахі вашы адпусціць. І прылічаныя вы будзеце да святых подзвігаў ваяўнічай царквы нашай, хаця б ані храна не рабілі! Будзеце ўслаўленыя ёю і разам з ёю будзеце некалі, пахаваўшы ворагаў яе, панаваць над зямлёю.Людзі маўчалі. Частка, відаць, верыла, частка баялася сказаць слова супраць. Але нехта непадалёку ад Хрыста няголасна сказаў:– Добрае будзе панаванне. Панаванне соваў. Над падлаю і руінамі.І тады Братчык зразумеў, што цалкам, магчыма, люд не возьме нічыйго боку. Злосць усё яшчэ кіпела ў ім. І на гэтае быдла, і на гэтага мазурыка, які не плаціў, як яны, жахам за кожнае круцельства. І ён зразумеў, што задыхнецца ад гэтай злосці, калі не абсмяе гэтую чараду або не раскладзе гэтага манаха і не ўсыпле яму ў тоўстую задніцу.– Купіце індульгенцыю, насіце яе ў каліце заўсёды з сабою і заўжды будзеце мець рацыю перад ерэтыкамі і розным хамлом, якое не купіла яе. Бо тут напісана: “Я далучаю вас да святых таямніц, да чысціні нявіннасці, роўнай чысціні хрышчонага нованароджанага; і хай будзе пекла зачынена для вас, і хай мецьмеце рай на зямлі, а брама будучай раскошы таксама адчыніцца для вас пасля смерці. Аман!”Ён крэкнуў і змяніў тон, перайшоў, так бы мовіць, да размовы “па шчырасці”.– А вы, ёлупні, думаеце, што трэба быць светлым і заўсёды бездакорным, каб прапаведваць святую ідэю? Глупства. Мы – людзі, і царства Божае таксама робіцца рукамі людзей. Наш вялікі Айцец зразумеў гэта. Карыстайцеся!Некаторыя зазвінелі грашыма. Але яшчэ раней за іх да манаха падышоў чалавек у чорным з золатам плашчы (залаты меч прыўздымаў край плашча), у багатай чузе і кабцях чорнага з золатам саф’яну. Шырокі грубы твар з нядобрымі вачыма быў насцярожаны, нібы заўсёды чакаў удару з-за павароткі.– Ваявода наваградскі, – сказаў нехта. – Мартэл Хрыбтовіч.За ваяводамі ішоў юнак, амаль дзіця, вельмі падобны на яго, але з чыстым і наіўным яшчэ тварам і празрыстымі ад цікаўнасці да свету вачыма. – Сын, – сказаў той самы каментатар, – Ратма па імю. Або Радша. Ратмір.– Маладзенькі яшчэ, – сказаў нехта.– Чаго? Дзеўкамі цікавіцца пачаў. Ды нядоўга яму цікавіцца. Мартэл, дарма што сам багаты, як сатана, прасватаў за яго Ганорыю з Валевічаў.– Чаго-о? Ды гэта ж чорт ведае што? Агульная... – і чалавек адпусціў нечытэльнае слова. – Яна ж яго, калі не заб’е, за адну ноч такому навучыць, што... А Божа, хлопчыка як шкада! Або надарвецца з такою, або...– Або хутчэй будзе падобны, як сто аленяў. Ды Мартэлу што? Палічыў за магчымае прадаць сына. У яго, брат, вельмі павярхоўнае ўяўленне, што такое мараль. А ў той – багацейшыя землі ў пасагу. І вось... жаніх багатай самадайкі... Золата мала.Магдаліна прыслухоўвалася да размовы чуйна, як каза ў начным лесе. Хлопчык стаяў ля бацькі і зычліва глядзеў на яго, на індульгенцыі, на манаха і натоўп. Сустрэўся з Магдалінай вачыма, і раптам вусны здрыгануліся, рот прыадкрыўся. Тая смірэнна апусціла павекі.