Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Яна ўбачыла шалёную радасць на яго твары. Што ж, гэта, магчыма, будзе ёй зачэпка. Давядзецца ж, рана ці позна, выдаць свайго “святога”.Коні аддаляліся, а яна ўсё бачыла над натоўпам яго прасветлены ад неймавернага шчасця твар....Юрась не заўважыў гэтага. Ён глядзеў на манаха, які крычаў, гарлаў, лаяўся, нібы гандляваў салонай рыбай. Братчыка раздражняў гэты нахабны балаган.Ён шмат чуў аб гэтым чалавеку. Адзін з самых удачлівых гандляроў дараваннем, ён прыносіў прастолу столькі грошай, колькі не прыносіла сотня другіх махляроў, а сабе ў вацок клаў не менш. Яму і далі гэтае месца як знак асаблівай прыхільнасці папы Льва. Сябравалі ў юнацтве. І агульныя круцельствы чынілі.Гэты мазурык, неабазнаны і непісьменны, як вяленая вобла, разам з намеснікам Пятра ў юнацтве перадаваў жанчынам і юнакам запіскі з прапановаю пасці – у аблатцы святой прычасці, напляваўшы на святасць госціі. Абодва яны пазней знаходзілі сабе ахвяры сярод замужніх кабет і цнатлівых дзяўчат нават у алтары Божага храма... І вось зараз гэты дурыць і крыўляецца, як малпа, і плюецца бруднымі словамі.Хрыстос ведаў, што разумней было б прамаўчаць, але злосць аж душыла яго, і ён адчуваў: яму не вытрымаць. А там хай будзе, што будзе.– Купляйце! Купляйце! – гарлаў манах. – Купляйце дараванне. Вы можаце купіць сабе адпушчэнне нават за тое, што згвалціце адзінаццаць тысяч вядомых святых дзеў – оптам ці ў розніцу, калі хопіць на гэта моцы вашай, якая – ад Бога... Вы, цёмныя доўбні, можаце нават вызваліць з чысцяца ўсіх родных і знаёмых. Вось пергамент. За 24 гадзіны між першым і другім днямі ліпеня вы можаце колькі хочаце разоў заходзіць у храм, чытаць там “патэр ностэр” ці нават “ойча наш” і выходзіць. Гэта будзе лічыцца як малебен. Колькі малебнаў – столькі і душ, вызваленых з агню. О слодыч! О велькая Боская літасць!Юрась сказаў даволі голасна:– Адзін, кажуць, на гэтым звар’яцеў. Бегаў туды і назад цэлы дзень. Вызваліў увесь гарадок. І ніхто там больш не купіў ніводнай індульгенцыі. І такая была страта для папскай кішэні! То каб гэтага не было – войскі зраўнавалі ўсё мястэчка з зямлёй і ўсіх жыхароў выправілі проста ў рай.Натоўп засмяяўся. Волесь, аднак, распінаўся далей:– Ты атрымаеш свяшчэннае паўнамоцтва папскае. Хіба наша справа не стане тваёй?! Справа Хрыста – папежа Льва – кардынала Лотра і мяне, грэшнага. Не сумнявайся, ты ўвойдзеш у наша воінства. Бо галоўнае не тое – злодзей ты, прыгнятальнік, распуснік, садаміт або скаталожнік, а галоўнае – адданасць справе нашай і святому храму, царкве. Ты можаш украсці срэбную агароджу вакол труны Пятра або накласці ў дарахраніцельніцу ягоную срэбную, вагою ў тысячу шэсцьсот фунтаў. Ты можаш, калі прыйдзе табе ў галаву такая фантазія, згвалціць самую Матку Боскую на залатой надгробнай пліце апостала Пятра, пастаўленай Львом ІV... І нават больш. Прасвятая Дзева панесла толькі па асобым загадзе Пана Бога і, маткай стаўшы, засталася цнатлівай... То вось, нават каб нехта надумаў узнагародзіць Пана Езуса зямнымі братамі і сёстрамі, а Юзафа – цеслю – рагамі і каб ён паспяхова зрабіў гэта – будзе адпушчаны яму і гэты грэх.– Слухай ты, – азваўся раптам Юрась. – Лягчэй наконт зямных братоў. У яго былі яшчэ браты і сёстры. Чацвёра братоў і сёстры.Гіменіус не разгубіўся:– Ну, гэта пасля. Яна зрабіла сваю справу і далей магла трымаць сябе, як хоча.