Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Пэцкаеш ты ў тое самае карыта, з якога ясі, – сказаў Хрыстос. – Урэшце, усе вы так.– Мала таго, – паспрабаваў замяць размову Волесь. – Вы можаце купіць тое, што Маці Божая перад смерцю сама з’явіцца да вас, каб асабіста аднесці душу вашу ў рай.– Жанчына нясе ўласнага гвалтоўніка. Думай, што гаворыш.– Слухай, сатана, кінь вывяргаць гразь!– Гразь – справа твая...Магдаліна, сама не ведаючы чаму, паспрабавала затрымаць яго, але ён вызваліўся. І яна зразумела: усё. Час, прызначаны Лотрам, настаў. Дзень пройдзе, два, тры. І тады давядзецца ёй займацца іншай справай. Лотр наўрад ці верне яе да сябе. Давядзецца, відаць, сапраўды спакусіць таго хлапчука з Наваградка.– Чорт яго ведае, што там напісана, – сказаў Хрыстос. – Можа, лаянка?– Прачытай! – з бруднай мніхавай пашчы ляцела сліна.– Адкуль ім чытаць?– А хто забараняе?– Папа Сабініян, як вядома, пад пагрозай анафемы забараніў простым вучыць грамату.– Дык ці не паўтарыць таго і нам?– Да таго ідзе.Натоўп ажывіўся і зашумеў.– Забараняйце, – чырванеў Братчык. – Усіх запішыце ў манахі. А хто вас тады будзе гадаваць? Гэта ж яны і без таго, як жывёлы... Урэшце дай і мне адну індульгенцыю. На адзін грэх. Колькі?Мніх усміхнуўся:– Дзесяць грошай. Бачыш, і цябе праняло. Наш папа гэта табе не папярэднік, не паршывец Юлі Другі. Вялікая розніца.– Вядома. Абодва хворыя на неапалітанскую хваробу. Адзін ад яе памёр. Другі дзякуючы ёй прыдбаў тыяру.– Блюзнерыш? – мніхавы вочы зрабіліся вострыя. – А святая служба?Юрась паказаў яму кавалачак пергаменту.– Дзеля таго і купіў. Маўчы.Народ засмяяўся.– Блюзнеру цяпер колькі хачу, аж пакуль не спынюся... Дзіўна, як гэта ў вас. Паскуднік Баніфацый VІ праклінае мярзотніка Фармоза І, Стафан VІІ праклінае Баніфацыя, а труп Фармоза аддае публічнаму ганьбаванню1, Раман І адмяняе ўказы Стафана наконт Фармоза і бэсціць Стафана... Леў бэсціць Юлія. І кожны аб’яўляе, што ён непагрэшны, а папярэднік – адроддзе Сатанііла, і выкрывае яго ўтрапёна і з жывёльнай нянавісцю. То хто мазурыкі, мы ці яны?.. Ёлупы! Сячэце сук, на якім седзіцё. Трэба ж мне навучыць хаця адну тваю дурную галаву. Раз падманулі... два... дзесяць. Аднаму раскрылі твар, другому... сотаму. І яшчэ думаеце, што вам будзе нехта верыць. Ужо і зараз ведаюць людзі, што то за птушка – Леў.Змоўк.– Скончыў? – спытаў мніх. – Вось і добра. Індульгенцыі!.. Індульгенцыі!– Можаш прадаць яшчэ адну, медналобы?– Колькі пажадана будзе, – нахабна сказаў Гіменіус.– Адрэж яшчэ на адзін учынак.Волесь пачаў арудаваць нажніцамі. Юрась кінуў яму манету.– К-колькі пажадаеце.– Вось дзякуй, – сказаў Хрыстос.І раптам адвесіў манаху пярунападобную поўху. Той вякнуў, адлятаючы. Братчык паматляў рукою ў паветры. Вакол зарагатаў народ.– Не маеш права падымаць руку на пасланца папы, – захныкаў Гіменіус.– А на Маці Божую, значыцца, маю, варта толькі паперку купіць? Чуеце, людзі?Служкі Гіменіуса пачалі былі набліжацца.– Вось добра, – сказаў Хрыстос. – Гэтым я і без грошай морду наб’ю. Тры чалавекі. Па трыццаць тры з трэццю грошы за рыла. Даволі танна. Увесь век хадзіў бы дый лузаў.Служкі спыніліся. Манах варушыў сківіцай, але прыходзіў ужо да прытомнасці.– Спаймаў ты мяне, невядомы, – няшчыра ўсміхаючыся, сказаў манах. – Ну, індульгенцыі! Індульгенцыі!Хрыстос паклаў руку на рукаяць корда:– Тады прадай яшчэ на адзін учынак.Мніхавы вочы забегалі:– Ну, гэта ўжо занадта. До, людзі! Да заўтра, а мо і на тры дні ятка зачыняецца.