Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Якая я табе баба? Я дваранка! Хам ты! Мужык!Тумаш крэкнуў, нібы ў кепскім люстэрку ўбачыў сябе. Затое мытар Мацей не стрываў. Сказаў са страснай з’едлівасцю:– Я з такіх дваран мытарам апошнія штаны здымаў. Быдла ганарлівае.Баба адарвала руку і языкамі цеста ляснула Мацея па мордзе. Пасля чамусьці Пятра. Пасля – зноў і зноў Мацея.– Ходзяць тут. Ходзяць тут зладзеі. – Лясь! – Ходзяць усялякія. – Лясь, лясь! – Швэндаюцца. – Лясь! – Палатніну не пакладзі – сцягнуць.Неабдымнымі каменнымі грудзьмі яна насоўвалася на апосталаў, і тыя паволі адступалі.– Стой, баба, – сказаў Якуб. – Табе кажуць – Хрыстос прыйшоў.– Няхай бы і сядзеў у сваёй царкве! – крычала тая. – Няма чаго яму бадзяцца, як сабаку.Іліяш ужо засунуў у кішэнь пляшку са стала і збіраўся юркнуць у дзверы, але тут Каток – Тадэй узняў рукі. І выгляд ягоны быў такі дзіўны і страшны, што каменная баба заміргала вачыма.– Жэно! – магільным голасам сказаў ён. – Наракальніца! Хлеб ставіш, а хлябы ўжо гатовы ў цябе ў пешчы тваёй.І ён лапатаю з печы выбраў два боханы. Ударыў па адным нажом – пацягнулася пара. Баба войкнула:– Каторага ж там ніхто не саджаў...– Ад Бога ўсё, – грозна паказаў пальцам Тадэй. – Ад яго!Баба кульнулася ў ногі.– Пане Божа! Даруй мне, дурніцы!– Давай палатніну, – узяў быка за рогі Баўтрамей. – Садзі за стол. Давай яму ахвяру, будзе збаўлена душа твая.У бабы сквапна забегалі вочы:– А галубочкі! А я ж ведаю, што не тыя вы хадасоўскія галадранцы. Ужо вам бы я дала. Не скупая... Але мужа дома не маю. Не магу так без волі яго ўчыніці, хаця б хацела.Якуб з тугою паглядзеў на дарэмна аддадзены хлеб.– Вы ўжо лепей, галубкі, ідзіце далей. Па дарозе ў вёсках не спыняйцеся, таксама дохнуць. А ідзіце проста на Усялюб. То там, можа, у каго і муж удома будзе.– Маеш якую палатніну або лён да пасвячэння? – спытаў Пётр.– Пага-аненькая, – яна падала гнуткі сувой.– То мы з сабою возьмем, – Якуб усміхнуўся. – А Хрыстос цябе будзе бласлаўляць, абы табе кудзелю хутка прала.– Кажы другое палатно, утканае, калі маеш, – падступныя Пятровы вочы нібы чаравалі. – А мы табе будзем пасвячаць.– Людзі мруць, – ціха сказаў Юрасю Раввуні. – А гэтая... Во каб пярун яе спаліў.Баба з сумненнем падала Пятру таўсценную штуку палатна. Пётр узвёў вочы і зашаптаў нешта сам сабе. Ніхто не заўважыў, як ён непрыкметна выбіў у сярэдзіну сувоя жарынку са сваёй люлькі:– На. Будзь блаславёная за дабрыню да нас.– І да суседзяў, – з іроніяй дадаў Раввуні.О, каб ён ведаў, што словы тыя трэба казаць не з іроніяй, а з пагрозай!...Баба паклала палатно ў скрыню і зноў пачала ласкава насоўвацца на іх грудзьмі.– Прабач, Пане Божа. Прабачце, Божыя госцейкі. Я ўжо і затрымаць вас не магу.Яна выціснула іх у сенцы, а пасля на двор.– Ані на хвіліначку не магу. Па кароўкі ў чараду бегчы трэба... Хаця якія ўжо там кароўкі. Два дзесяць нейкія разоў па сем. Вы ўжо як калі-небудзь яшчэ пойдзеце, можа, то заходзьце, заходзьце.І хаця ўсе – і яна сама – разумелі, што па каровы ісці рана, усе зрабілі выгляд, што так і трэба.– Мужык калі вернецца? – падступна ўсміхнуўся Пятро.– Заўтра, любенькія, заўтра.– То перадавай яму прывітанне ад Хрыста з апосталамі, – усміхнуўся Пятро. – Яшчэ раз будзь блаславёная за дабрыню.Ён ведаў такіх людзей.Яны рушылі сваёй дарогай, а баба пабегла сваёй.І калі яны адышлі ўжо вельмі далёка, Лявон – Пятро раптам зарагатаў. Усе пачалі распытваць, і тады ён расказаў ім усё. Хрыстос аж збялеў.