Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Што ж датычыцца мышэй, дык яны сапраўды пайшлі з горада. Моўчкі стаяў натоўп. У адчыненую браму ветрам несла смецце і пыл. І вось з’явіўся ар’ергард1 мышынага войска.А потым пайшло і пайшло. Перапэцканая, трывожна-маўклівая рака.Ішло войска. Запаланяла браму, плыло, рухалася. У нейкі свой апошні паход...”

Раздзел ХІІІ

У невялічкім пакоі новага дома на Старым рынку сядзелі тры чалавекі. Сядзелі і маўчалі. І маўчанне тое цягнулася, відаць, вельмі даўно, бо відавочна гняло іх.Гэта быў дзіўны пакой, не падобны на ўсе іншыя багатыя пакоі Гародні, скляпенчатыя, з маленькімі акенцамі. Тут вокны былі шырокія і вялікія, забраныя кутымі танюткімі кратамі. Ніхто і не падумаў бы, што гэтыя краты ад злодзея або віжа, так яны нагадвалі карункі або сплеценыя кветкі.Столькі ранняга цёплага сонца лілося ў вокны, што ўвесь пакой аж плаваў у святле.Безліч кніг на паліцах, стале, у разьблёных скрынях і проста на падлозе; чучалы жывёл і вясёлкавых птушак, скураныя папкі з гербарыямі, дзве дубовыя шафы з мінераламі, кавалачкамі дрэва і тарпы. За адчыненымі дзвярыма ў суседні пакой цьмяна свяцілася зорная сфера, блішчэлі шклянымі бакамі колбы і пузатыя бутэлі, грувасціліся ціглі, стаяў перагонны куб.Адзін з трох быў ужо вядомы нам разьбяр багоў Кляонік. Побач з ім сядзеў у крэсле румяны чалавек у белым францысканскім плашчы. Ачышчаў ад паціны старую бронзавую статуэтку велічынёю ў палову мезенца і раз-пораз разглядаў яе ў павелічальнае шкло. Вочы ў чалавека былі цёмныя і мяккія. Гэта быў былы прыёр2 маленькага францысканскага кляштара брат Альбін з Арэхвы, а ў ранейшым жыцці Альбін-Рагвал-Алёйза Крыштофіч з Дубатыння. Былы нобіль, былы прыёр – ён быў цяпер ерэтык, пакінуты пад моцным падазрэннем. Ад усіх яго імёнаў засталіся ў ягоным распараджэнні дзве мянушкі: Геамант3 і Пожаг. Абедзве распусціла царква.Паходжанне першай мянушкі больш-менш яснае. Другую трэба растлумачыць. Францысканец гэты даўно займаўся навукай, праслаўляў вопыт, важдаўся з чарнакніжнікамі, а значыцца, і з нячыстай сілай, чытаў не адных хрысціян і дакаціўся да таго, што стаў адмаўляць самога Арыстоцеля, тройцу, непарочнае зачацце і тое, што Хрыстос выкупіў смерцю сваёй першародны грэх. Святая служба даўно сачыла за ім, але да часу яму ўдавалася пазбегнуць яе кіпцюроў.Схапілі яго ў часе ягонай паездкі ў Рым па даносу сябра. Галоўным пунктам абвінавачвання было тое, што ерэтык Альбін Крыштофіч, брат Альбін, падзяляў погляды Арыстарха Афінскага і горача прапагандаваў іх1. Але паколькі гаварыў ён аб гэтым у краіне, адкуль немагчыма было прывезці сведкаў; паколькі ў Рыме сведкам ягонай гнюснай ерасі быў толькі адзін чалавек – даносчык; паколькі святая царква ў тыя змрочныя часы лічыла, што даносу аднаго чалавека верыць нельга, – Крыштофіча аддалі на катаванне і паступова спускалі з прэнга на востры пожаг. Ён вісеў на руках сорак гадзін і не прызнаваўся ні ў чым, і, значыцца, даносчык не меў рацыі. Яго знялі і тыдзень паілі адным малаком. Калі ён у першы раз адчуў позыў – яму здалося, што зноў уваходзіць у ягонае цела востры кол. Ён страціў прытомнасць.Лекар-магаметанін вылечыў яго. Пасля Крыштофіча адпусцілі. Цяпер першы данос мог зноў павесіць яго на прэнг. Але да Рыма было далёка, і гэты чалавек нічога не баяўся.Трэці субяседнік быў юнак, амаль хлопчык, апрануты, бадай, залішне франтавата, дарма што сядзеў у сваім доме.