Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Вернемся.– Позна. Цяпер, пэўна, яна з лазінай да чарады ідзе, а са скрыні з усіх шчылін дым валіць. Пакуль дойдзем... Пакуль тое... А ты што, Езус? Пагоні баішся? Мужык заўтра вернецца.– Можа, яна гэта таму сказала, каб мы вечарам не вярнуліся, – баязліва сказаў Андрэй.– Глупства! – сказаў Пятро і раптам зноў зарагатаў. – Каб жа яна не была гэткая разумная ды не выжыла нас адразу з хаты. Ну, пачаў бы кубел смылець – пачула б. А то... “кароў-кі”. “Хай зды-ха-юць...” Во, цяпер яна, пэўна, да чарады падыходзіць... А дым ужо з акон.– Вось што, – сказаў Хрыстос. – Праўда, вяртацца позна. То сядай, кабета, на мула і едзь. А мы за табою. І – бегма! Каб усе гэтыя вёскі бокам абысці, за сабою пакінуць. Каб начаваць ва Усялюбе, а то і далей. Спаймаюць – галаву адкруцяць. А табе, Пятро, за такія штукі я ў другі раз усе кіі абламаю аб лысую тваю пустую конаўку.Яны ішлі хутка. Яны амаль беглі за мулам. Але Пятро ўсё адно часам спыняўся і захэкана рагатаў.– Во, быдла гоніць... Во, дым убачыла...І праз некаторы час:– Во, падбегла... Дом гарыць... Бурным, халера на яго, полымем.І потым:– Во, пластае!.. Во, раве!Калі яны такім чынам ужо ўначы дабеглі амаль да Усялюба, убачылі агеньчыкі і, знясіленыя, пайшлі трохі цішэй, Раввуні раптам вылаяўся:– Ну і д’ябал з ёю... Хай уся згарыць...– Ты што? – здзівіўся Юрась.– А тое, – з негасімай злосцю сказаў Іуда. – Хай гарыць!І пасля маўчання дадаў:– Тыя ў яе таксама, пэўна, прасілі аб літасці. А ўся літасць – кавалак хлеба, каб душу ў целе ўтрымаць, у брудным, у паскудным гэтым свеце.За іх спінамі было ўжо вельмі многа вёрстаў. Яны дайшлі да Усялюба і пераначавалі ў апошняй, на выездзе, глухой карчме....А на захадзе сонца набліжаліся да Вераскава два коннікі, адзін з якіх быў муж каменнай бабы, а другі – яго пляменнік.– Бачыш? – сказаў старэйшы, вытрасаючы з каліты на далонь тры залатыя. – А ты казаў, каб я росту з тых Хадасоў не браў. Захацелі, дык адразу і доўг вясковы заплацілі... А ты: “пашкадава-аць, адкласці бы тро-охі”. Вось табе і пашкадаваў бы. Сам бачыў: п’юць ды ядуць. Прыкідваліся ўсё, вядома... Не, праўду вучыць начальства: “Не плоціць мужык падатку – раскладзі яго на прыгуменні ды лупцуй, пакуль не заплоціць. Не бойся – знойдзе”.– Ды я, дзядзька, і сам цяпера бачу, – паныла адказваў грыбасты пляменнік.– То ж бо, – і шляхцюк засунуў каліту ў запазуху багатай чугі.– Бацюхны, гэта што ж?! – ахнуў пляменнік.З павароткі яны ўбачылі зыркае вялізнае полымя, што рвалася ў прыцемак.Каменная баба сядзела каля дома, які палаў, і выла.– Гэта ж як, жэно?!– Хры-Хры-Хрыстос! – смаркалася і рыдала яна.– Ведаю, што ўсё ад Бога, – нагайка ў мужавых руках уздрыгвала.– З-ле-е ў дому Хрыста з апо-осталы чэствавала, пра тое ён на наш дом помсту зэсла-аў...– Якога Хрыста, бервяно ты?!– Палотны свяці-ілі. Кла-а-ала ў скрыню, – морда ў каменнай бабы была чырвоная, а не плыло хіба толькі з вушэй. – Ад каторага палатна скрыня, а ад скрыні до-ом, заняўшыся, згарэў... Праклялі-і... Нібы жакгва з агнём той праклё-он! У-ы-ы-ы!Муж пачынаў нешта разумець.– Казалі, за яе дабрыню да іх, ды-ды-ды Хадосо-оўцаў! А тут зарана па каровы пайшла, ды абачыла дом спалены.– Дык чаго ж ты, халера табе ў жывот, па каровы зарана пайшла?– Хры-хрыста хацела вы-жыць.– Дурніца! Калода! – у гневе кінуў ёй. – Для Бога... Шалберы якіясь, зладзеі, а не Хрыстос быў. – І ў гневе, разумеючы, што ўсё адно дом згарэў і зараз нікуды не паткнешся, аперазаў жонку нагаем. – Каб ты спрахла, у Бога... душу... свяціцеля... – І звярнуўся да пляменніка: – Бяжы, кліч суседзяў. Чорта дагонім, то хаця нап’емся, хаця пысу, рыла гэтае свіное ноч бачыць не буду.