Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Пляменнік кінуўся на суседні двор. Потым здалёк пралунала:– Суседзі! Су-се-едзі!Праз нейкую гадзіну кавалькада коннікаў у сорак, на чале з разгневаным мужам, памчалася ў ноч.У карчме было цемнавата і дымна. Сталы – векаўшчына – застаўлены ежай і пітвом. Лавы ля сценак. Сценкі на адным узроўні выцертыя спінамі да бляску.Хаўрус прыйшоў позна. Усе бакоўкі, усе стайні і пуні былі ўжо занятыя. Давялося начаваць у агульным пакоі, галавою на краі стала. На апошні Іудзін залаты засмажылі трох бараноў, папрасілі цыбулі, часнаку і рэпы, чорнага хлеба, двух куранят для Магдаліны, трохі віна і тры “буслы” гарэлкі і мёду. Астатняе карчмар ім зараз жа не аддаў.– І што паны будуць есці недзе ў нейкага там наваградскага Шабса? Гэта ж, дальбо, і не іудзей. Гэта ж чорт ведае што такое! Беланогая падла, і носіцца са сваім... як... Ну, я не буду лаяцца. Але ж у яго не куры, а ціхія па старасці нябожчыкі. І хіба ў яго гарэлка? Божа мой! Ваш Люцыпар мыў ногі – то і тое вада крапчэйшая была. А заўтра паны будуць мець амаль тое, што і сёння, і за тыя самыя грошы. А я вам яшчэ сена на падлогу...Пасмяяліся дый згадзіліся. Куды спяшацца?І вось сядзелі і елі. Якуб адзін даядаў палову барана. Астатнія наеліся ўжо, глядзелі на людзей.Палаў вялізны камін. Круціліся ў ім на пожагу, шыпелі ў агні кроплямі тлушчу куры. Карчмар стаяў за загародкай у атачэнні куфляў, мерак, бочак; наліваў, мераў, кідаў на гліняныя місы. Прытрымліваючы хусткай, адразаў ад вісячай шынкі. Любата было глядзець – здаецца, удзесяцёх не ўправіўся б за аднаго.Людзей было ўжо не так і многа. Позна было.Ян, прыадкрыўшы па-юродску рот, разглядаў на паліцах, што цягнуліся па ўсіх сценках, для прыгажосці пастаўленыя алавяныя і гліняныя распісаныя місы. Іуда пісаў нешта на краёчку стала.– Ты... гэна... што гэта? – спытаў Піліп.– А евангелле пра нас... Трэба ж камусьці.– Добра табе, пісьменны.Усім было добра. У галаве прыемны туман. Шум. Сядзіць са шлюхай манах-дамініканец. Смяюцца чагосьці. А унь у куце п’е кампанія шляхціцаў. Адзін ужо ляжыць галавою ў місе... Самы сярод іх паджылы, з пасечаным тварам і пачварнымі сівымі вусамі, бурчыць:– Не, не тое ўжо, што было. Чорт яго ведае, куды коціцца свет! А бывала... Ой, бывала!.. Бывала, ежа была лёгкая. Паеў – праз гадзіну зноў есці хочацца... А жанчыны якія былі! Дваццаць узапар цалаваў бы. А цяпер? І на адну не глядзеў бы... Вы ўсе тут шчанюкі. Бывала, віно, дык гэта віно – усе б, як вось ён, ляжалі б... І вечная слава ў людзей цягну-у-лася, цягнулася. А сёння – то-олькі аб’явілі вечную славу – бац, памёр; бац, заўтра ніхто ні храна яго не помніць.Паступова, аднак, карчма пусцела, і яны засталіся адны. Нават карчмар пайшоў да сябе. Сёй-той ужо драмаў, паклаўшы галаву на стол, або на падлозе, на сене. Не спаў з Хрыстом Пятро. Было душна, і Юрась адчыніў акно. І вось тады, адчыніўшы, яшчэ далёка пачуў ён у перадранішняй цішыні, прыглушаны адлегласцю, тупат шматлікіх капытоў.– Здаецца, дасціглі, – сказаў ён. – Ну вось, маеш, Пятро.З’явіліся агні паходняў.– Хлопцы, пагоня!!! – крыкнуў Хрыстос.Усе замітусіліся па карчме. Толькі адзін Іуда, здаецца, нікуды не спяшаўся. Некаторыя скочылі за дзверы. Андрэй пачаў ліхаманкава ціснуцца ў падпечча....Іліяш, выскачыўшы, пабег гародам, капуснымі градкамі, блытаючыся ў гарбузінні, якое, здаецца, лавіла яго за ногі....Хрыстос уздзеў рукі:– Петрэ-Петрэ, набліжаецца ўжо да мяне келіх мой. Маем праз цябе ўзяці. – І раптам выставіў акно, скеміў: – Хіба што пакуту акном адсюль вымкнуць?