Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Пятро кінуўся за Братчыкам, які ўжо ціскаўся ў акно:– І я, пане, па сіле маёй не адпушчу цябе. Але дзе ты будзеш, і я за табою пайду. Куды ты, Божа, туды і я.Яны ўцяклі акном і пабеглі гародамі. І тут за іхнімі спінамі пачуўся звон шкла і крыкі – коннікі ўварваліся ў карчму.

За стойкаю гасцінна стаяў Раввуні:– Можа, яснавяльможныя паны выпілі б? Такіх каплуноў, такога мёду!– Дзе махляры, карчмар?! – зароў муж.– Якія махляры?.. Э-э... Ну... тут, разумееце, я, а ў бакоўцы – жонка, а ў падпечку, разумееце, куры.– К-куры?– Я ж не кажу, што львы.Андрэй у падпечку пачаў квахтаць, раздзімаючы тоўстую морду. Гроб салому і квахтаў, нібы яйка знёс. Вельмі натуральна.– На двор, – сказаў муж. – Там яны! Н-ну, мы ім!Магдаліна паднялася ад печкі і выйшла за імі ў сенцы.– Слухай, – сказала яна мужу. – Ты ведаеш, што на гэтых людзях?– Здохнуць, каб яшчэ не ведаць?.. Заб’ю падлаў!– На гэтых людзях справа і прэнг самога кардынала. Іх вось-вось павінны ўзяць. Уцяміў?Шляхцюк атарапеў.– Д-добра, – урэшце сказаў ён. – Забіваць не буду. Але ўжо д-дам-дам! За мной, хлопцы!...Апосталы ўцякалі як маглі. А за імі адусюль, даганяючы, валілі коннікі і пешыя з кіёвым крапілам.Іліяш – Сымон, на шчасце, паспеў схавацца ў вадзе ля бабровай хаты ды сядзеў там, пускаючы бурбалкі.Коннікі гналіся за Тумашам. Ён круціўся з шабляй, адганяючы ўсіх, хакаў, а пасля з кашэчым спрытам амаль узбег на бярозу. Бярозу пачалі трэсці.– Я дваранін! – крычаў ён зверху.Астатнія ж спаўна выпілі келіх свой. За імі гналіся да шляху самога і яшчэ далей і, трэплючы, пыталі:– Прарокі, прарокуйце, у каторым лесе тыя кіі раслі?Яны, нічога на тое не адпавядаючы, з усёй сілы ўцякалі ад небяспскі.

Раздзел ХХІІ

Сядзелі яны ля карчмы, і большасць лічыла сінякі.– Плач і скрогат зубоўны, – сказаў жанчынападобны Ян. – Не наследуй злу, але дабру.– Калі вока тваё спакушае цябе, – мацаў здаровы ліхтар Пятро.А Тадэй выняў з рота зуб і сказаў сумна:– Фокусы можна было б паказваць.Пятро ўзарваўся:– Што ж гэта, кожны раз нас так біць будуць? Куды ж такая работа?!– Сказана бо: “Будуць біць вас у сінагогах”, – сказаў Мацей.– Пры чым тут сінагога, казёл?! – узлямантаваў Раввуні.– Не, – усё яшчэ не мог супакоіцца Пятро, – як так далей жыць?! Ты, Езус! Ану, давай нам грошы і ежу, раз вучняў набраў! Хоць нарадзі, хоць з калена выламі, а дай.– Гандляваць трэба, – сказаў Баўтрамей. – Унь царква індульгенцыямі гандлюе, зноў жа, мошчамі, і ніхто іх не б’е.– А дарэмна, – сказаў Хрыстос.– Ну? Дык што? Што?!– Чакайце, – стомлена сказаў Ісус. – Ёсць план....Праз некаторы час прыйшлі яны ў Наваградак і там, не плацячы наперад, бо не мелі грошай, але спадзяваліся іх здабыць, размясціліся ў гасцёўні, што ў парафіі святой Тройцы. Ляглі з малітваю аб удачы замест вячэры.Магдаліна ж, паказаўшы каму трэба пярсцёнак, дабілася вернага слугі і перадала з ім Ратму, што стаіць у гасцёўні. Яна вельмі спадзявалася, што ён з’явіцца адразу, і не памылілася ў сваіх спадзяваннях.Ратма прыйшоў і цяпер стаяў у гэтым пакоі, румяны ад хвалявання. Глядзеў на вартую жалю мэблю, на скупое святло свечкі. Гэта была святая сціпласць. І, аднак, ён бачыў, што перад ім знатная дама. Магдаліна паспела выцягнуць з сакваў парчовае пакрывала, распяцце слановай косці і ружанец з рубінаў.Яго здзіўляла такая сціпласць. Ён быў ад яе без памяці. Гэта была не Ганорыя з Валевічаў.