Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Вы... прыйшлі. Вы абяцалі мне... і не падманулі.– Я не падманваю ніколі... І асабліва такіх людзей... Прашу прабачэння, я нават не магу паднесці вам келіх віна. Я тры дні пасцілася, і вось мы спазніліся сюды, хаця пост мой скончыўся з захадам сонца. Крамы на замках, рынак пусты, у корчмах згас агонь. Міжволі мне давядзецца аддаць Богу і гэтую ноч. Я збіраюся не спаць. Добра, што вы падзеліце неспаннё са мной.– Божа мой! – сказаў юнак. – Якая сціпласць! І, вы думаеце, я дам вам пасціць лішнюю ноч? Богу досыць і таго, што ён атрымаў. Я хачу вячэраць з вамі... Вы будзеце мяне слухаць... Ну!І ён пазваў слугу Хроля і загадаў, каб той прывёз усяго патрэбнага і віна, што хутка было выканана, а пасля яны сядзелі побач, і елі, і суцяшаліся віном.– Бачыце, я вам падчынілася, – сказала яна. – Хаця гэта і не кажа на карысць кабеты: сядзець уначы ў адным пакоі з мужчынам. Але я веру вам... Вось, адпіце з майго кубка. Гэта будзе прычасць вечнага нашага сяброўства.І засумавала:– Хутка мы ідзём далей за сваім святым.– І вы кінеце мяне? – збялеў ён.– Дурнік, гэта абяцанне. Але я вярнуся, – яна паклала руку яму ў далонь. – Як толькі давяду яго да ягонай мэты. Магчыма, мы сустрэнемся ізноў.– Але, – у яго раздзімаліся ноздры. – Іначай мне хаця не жыць.– Які вы. А ваш шлюб?– Я дашлю іх да апраметнай!..– Што вы?! – з жахам прашаптала яна.– Прабачце, я забыў, хто вы... Але я дашлю іх... Я ненавіджу сваю так званую нявесту... Мне цяжка і страшна з ёю. Усё жыццё я шукаў такую, як вы... Як я доўга шукаў!“Доўга, – падумала яна. – Колькі табе там было яшчэ шукаць?”Ён быў у гневе, але ён нават рукі не працягнуў да яе.– Я хачу вас... Я хачу жонкаю толькі вас... Я памру, калі гэтага не будзе... Я даб’юся гэтага... Заўтра ж.– Вы небяспечны, – уздыхнула яна, нібы з сілаю адводзячы вочы.Рукамі яна нібы адштурхоўвала яго, і ён міжвольна схапіў гэтыя рукі.– Толькі вас... Пашкадуйце!– Пашкадуйце вы мяне... Мне цяжка... Гэта вышэй за мяне.У яго калаціліся плечы, зрываўся голас. І гэтым голасам з нечуванай пяшчотай ён прашаптаў:– Што мне яшчэ зрабіць, каб вы былі маёю?– Я мяркую, вам трэба замкнуць дзверы, – сказала яна.Раніцаю ўвесь хаўрус займаўся тым, што штурхаўся па кірмашы, шукаючы, як бы тут змахляваць на ежу. Не было толькі Сымона і Баўтрамея, якія гойсалі загадам Братчыка па гарадскім сметніку, выкопваючы з адкідаў найбольш старыя, крый Божа, не сённяшнія, пляшачкі, бутэлечкі і бутэлькі, а пасля да слёзнай чысціні мыючы іх у рацэ.Ва ўсіх добра круціла ў жываце ад голаду. У страўніках сядзела нібы гайня галодных ваўкоў.Магдаліна, што праўда, перадала раніцай Братчыку залаты, але ён не сказаў сябрам, збярог манету. Мала што магло здарыцца. На ягоную прыдумку маглі і не клюнуць.Кірмаш ляжаў на плошчы між чорным, дзікім Наваградскім замкам і вялізнай карчмою. Плыў натоўп, свісцелі свісцюлькі, вялі свой напеў сляпыя жабракі, нібы душу з казла цягнулі. Штурхаліся мужыкі, дзеўкі, багатыя кабеты. Зрэдку паважна, як каравела пад ветразямі, плыў праз натоўп дваранін у плашчы.Магдаліна не знаходзіла сабе месца. Нават уначы, даводзячы каханка да непрытомнасці і ўтрапення, сама задыхаючыся ад яго абдымкаў, яна думала краем думкі, ці здолее выканаць загад, вызваліцца, магчыма, назаўжды застацца з гэтым. Не жонкай, дык каханкай. Бо гэтага яна не адпусціць. Гэты ніколі, удзячны ёй, не здолее забыць яе і гэтыя начныя пацалункі.