Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Трывога ўзрастала. Ці паспее сотнік? Ці атрымалі яны кліч? А можа, голуба сустрэла страла ці коршак?На рынку было ўсё дорага. Нейкі скнара – па мордзе відаць, што пры выпадку растаўшчык, як муж каменнай бабы, гандляваў яйкамі. Юрась прыглядаўся да яго спачатку з усмешкай, пасля – з абрыдлівасцю.– Пачым? – пытае бедная баба.– Два грошы сотня, – голас такі, нібы глотка поўная скабак.– А Божачка, гэта ж за свінню столькі...– А ты вось і купі, і жары гэтую свінню... калі гэткая багатая. Ды яшчэ дастань яе. А яйкі – ежа панская. Не для твайго халуйскага хлябала. Бач, яйкі! Р-рас-пусціўся народ.– Два шэлегі? – спытаў Юрась. – Бога пабойся, чалавеча. Сорам.– Сорам, сабачы ты сын, людзям толькі ў лазні відаць.У Хрыстовых вачах загарэлася раптам хітрае, з’едлівае і круцельскае.– Добра. Угаварыў. Трымай прыпол – будзем лічыць.Людзі, здзіўленыя вялізнай пакупкай, пачалі збірацца вакол. Бессаромны гандляр узняў прыпол даўжэзнай кашулі. Хрыстос пачаў класці яму ў прыпол яйкі.– Пяць... Дзесяць... Дваццаць.І тут Магдаліна з радасцю, аж упала сэрца, убачыла.За натоўпам сядзеў на кані, падобны на самавар, чырвоны Карніла і аглядаў натоўп. Шалом трымаў у руцэ. Падстрыжаныя гаршком валасы падалі на нізкі лоб.Шукаў змрочна і не знаходзіў. Яна хацела была падаць яму знак, але забаялася.– Пяцьдзесят, – лічыў Хрыстос. – Дзвесце...Гандляру было ўжо цяжка трымаць. І тады Хрыстос, нагнуўшыся, чыкнуў нажом па ачкуры ягоных портак. Порткі ўпалі. Скупірака, увесь чырвоны ад ганьбы, баючыся выпусціць яйкі, да белых суглобаў учапіўся ў прыпол. Уцякаць ён таксама не мог: порткі звязвалі ногі ля самай зямлі. І таму ён казаў людзям і далей сваю непрыглядную галізну.– Бачыце? – пад агульны рогат спытаў Юрась. – Сорам у лазні.І тут Магдаліна з радасцю ўбачыла, што Карніла пачуў рогат і глядзіць сюды....Убачыў. Крануў каня ў натоўп. А за ім, клінам рассоўваючы гурму, рушылі коннікі. Пайшлі перад імі поп і два ксяндзы.– Сорам, бачыце, толькі ў лазні. А сорам твой і ў натоўпе можна купіць. Усяго за дзве сотні яек. Ану, людзі, бяры астатняе. Бяры, баба, малому ў ручку дасі.Рогат аж глушыў... Магдаліна бачыла, што побач з канём Карнілы ідуць поп і два ксяндзы. Ясна чаму. Каб агаласіць загад аб узяцці ад імя царквы. Аб усім падумалі. Яна зразумела, што сёння ж будзе вольная, што сёння ж уладкуе сваё жыццё. Ратма не забудзе яе – яна цвёрда ведала гэта.Юрась рагатаў разам з усімі, выскаляючы белыя зубы. І раптам змоўк – гэта штурхнуў яго Тумаш. Знікла ўсмешка. Разразаючы натоўп, набліжаўся да іх закуты ў латы і кальчугі конны атрад. Бязлітасныя, дрымучыя вочы Карнілы сустрэлі ненатуральна вялікія і празрыстыя вочы Хрыста. Сотнік усміхнуўся.Зразумеўшы нешта, змоўк і народ. Цяпер жалезны конь высіўся над самім Юрасём. Сотнік паклаў адну руку на эфес мяча.– Адгуляўся, шалбер. Ланцуг сюды!І працягнуў руку ў жалезнай пальчатцы:– Узяць!– Што такое? Хто? За які грэх? – шапталі паўсюль галасы.І тады заспявалі галасы свяшчэннікаў:– Прысуд духоўнага суда... Злодзей... Блюзнер... Зневажальнік Бога і царквы... Па загаду святой службы.Пачуўшы страшную назву, людзі пачалі адступаць. Вакол невялічкай купкі людзей лягла шырокая паласа адчужэння і жаху. І тут раптам дзікім голасам, нібы на судны дзень, залямантаваў Раввуні:– Я табе дам ланцуг, басяк! Ты на каго руку ўзняў, ты на каго!..Змрочная, нежывая ўсмешка зноў рассунула сотнікавы вусны.