Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Н-ну... На каго?– На Хрыс-та! – раптам нясцерпна ўзвысіў голас Юрась.Натоўп ахнуў.– Так, на Хрыста! – раўнуў Фама. – Чулі, у Гародні?– Ці-ха! – узняў пальчатку сотнік. – Гэта не той. Гэта самазванец і шалбер па імю Якуб Мялшцінскі, уцякач з Польшчы, якога даўно шукае за ерась і злачынства доказная інквізіцыя.Аб Мялшцінскім многія чулі. Гэта сапраўды быў самазванец, які няўдала выдаў сябе за месію. Месіі ў той час раслі як грыбы.– Мана! – сказаў Братчык. – Ісцінна я – Хрыстос.– Калі ён Хрыстос, – звярнуўся да натоўпу сотнік, – хай прылюдна створыць дзіва.Юрась маўчаў. На гэты раз яго, здаецца, сапраўды спаймалі. На гэты раз не выкруцішся. Усё. Маўчаў і натоўп.У гэты момант Хрыстоў позірк упаў на сляпых, што сядзелі ля аднаго воза. Страшныя буграватыя верхнія павекі, безудзельныя твары. Магчыма, вырвуць вочы і яму.І тут ён здзівіўся. Адзін са сляпых, карыстаючыся, што на яго ніхто не звяртае ўвагі, ва ўсе вочы глядзеў на беспарточнага гандляра, на сотніка і на яго, Юрася.З радасцю адчуваючы, як вяртаецца жыццё, Юрась непрыкметна паказаў яму залаты (якое шчасце, што яго не праелі!) і спытаў вачыма:“До?”“До”, – апусціў “сляпы” вочы і пачаў шаптаць нешта суседу, чалавеку такога ж бандыцкага выгляду, як і ён.Ноздры Хрыстовы раздзімаліся. Ён ускінуў галаву, і ў прыціхлы натоўп ударамі сякеры ўпалі словы:– Будзе цуд!Кірмаш замёр. На сотнікавым твары было непаразуменне.– Прывядзіце мне... ну, хаця б унь тых сляпых.Людзі кінуліся да калек, узнялі іх і на руках даставілі да Юрася. Натоўп глядзеў са свяшчэнным жахам на бугрыстыя, відаць, ад старых язваў, павекі. Сумнення не было.– Але найперш я хачу спытаць у іх, ці хочуць яны зрабіцца відушчымі? На такі паскудны свет, можа, лепей і не глядзець... Людзі, хочаце вы пачаць бачыць?– Бацюхна, – застагнаў першы, – ратуй. Дзеці малыя! Хоць пару год. Білі мяне людзі пана Жабы карбачом па галаве.Народ змоўк. Ён не ведаў, што гэта круцялі, але свята ім верыў, занадта ўжо звычайныя рэчы яны казалі:– Дзеля цябе выпаліла мне вочы ў маскоўскім паходзе.– Божа! – лямантаваў трэці. – Дзеля цябе ў катоўні мне святлом у вочы цэлы тыдзень білі.Натоўп ашчацініўся. І тут, разумеючы, што справа пакуль ідзе не на карысць сотніку, папы пачалі галасіць.– Не слухай, люд наваградскі... Гэты ерэтык, а не Хрыстос!.. Злодзей!.. Схапіце! Выдайце святой службе. Не выпрабоўвайце Бога гуслямі чарнакніжнымі... На прэнг іх!Нехта стаў перад імі:– А я табе, папоўскае адроддзе, зараз дам, то ты і азадак небу пакажаш. Не перашкаджай. Хрыстос ці не – самі вочы маем. А сляпых не руш – бачыш, павекі якія? Ды ці не ў цябе яшчэ ў катоўні, дамініканская ты падла, яго і асляпілі.Людзі моўчкі насоўваліся на раснікаў. Запанавала маўчанне.Юрась шапянуў Тумашу:– Ну, брат, калі выблытаемся, я ім пакажу. Думаў яшчэ, ці рабіць нам той фокус. А раз яны, царкоўныя пацукі, так з намі – ну, мы ім...– Прабач, люд наваградскі, – у цішыні сказаў дамініканец.– То ж бо... Давай, чалавеча.Хрыстос схіліўся, чарпануў з-пад ног гразь і левай рукой узяў “сляпога” за руку. Залаты перайшоў “сляпому”, і той моўчкі схіліў галаву: “До”. І тады Хрыстос мазануў гразёю ўсіх трох па вачах.– Ідзіце. Абмыйцеся. Будзеце бачыць святло нябёсаў... Людзі, адвядзіце іх да ручаіны, пакіньце на хвіліну адных.Каб ён ведаў, якую памылку ён ледзь не дапусціў, ён бы пахаладзеў. Але ўсё, на шчасце, абышлося добра.