Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

...”Сляпыя” ўмыліся ля крыніцы.– Во халера, – сказаў адзін. – Як плюхнуў па вачах! А што, хлопцы, калі мы зараз яго кінем ды ўцячом? Залаты ў нас.– Не кажы, – сказаў той, што глядзеў на Юрася. – А раптам дагоняць. Скажуць, ён вас вылечыў, а вы замест падзякі яго – на прэнг. Не, брат, давядзецца вярнуцца.– Дый гразь нейкая смярдзючая, – сказаў трэці.– Нічога, – сказаў ініцыятар. – Мы з яго за гэтую гразь ды за тое, што не ўцяклі, лішнія залатыя возьмем.– Бедны, – сказаў першы.– Чорт з ім. Ды яшчэ і з гледачоў здзяром. Пайшлі. Вымай гарох.Яны вынялі з-пад павек пакладзеныя туды палавінкі гарошынак, праміргаліся і, заплюшчыўшы вочы, пайшлі назад.Карніла з тупой іроніяй глядзеў на бадзяг. Убачыў, што сляпыя набліжаюцца, што вочы ў іх заплюшчаныя, і ўсміхнуўся:– Што, выкручвацца хацеў? – не памагло?Сляпых падвялі. Юрась перахрысціў іх.– Бач! – загадаў ён. – Глядзі на Бога ў славе ягонай!Сляпы “з цяжкасцю” прыўзняў павекі.– Пане Божа, – крануліся шэптам вусны. – Бачу... Бачу, Пане Божа... Сузіраю светлы твар твой!Зірнуў на сотніка:– А гэта што за багабрыдкае рыла?Сотнік разгубіўся. Два другія былыя слепакі глядзелі на яго з кепска прыхаванай агідай.– Чорт, – сказаў адзін.– Ясна, што сатана, – сказаў Раввуні. – Толькі рогі пад валасамі.Два мешчаніны падышлі да сотніка.– Н-ну, рыла. Гэта як жа? На Бога руку ўзняў. Саўл, пачэ калу смярдзяй.Карніла наліўся барваю. Вырваў меч.– Ці-ха, хлопы!Гэта ён зрабіў дарэмна. Наваградскім мяшчанам, як і ўвогуле тагачасным мяшчанам, зброяю пагражаць не варта было. Рык натоўпу дайшоў да шалёнай раз’юшанасці. Гулка лопнуў аб галаву Карнілы пусты гаршчок. Коннікі пацягнулі з піхваў мячы. І тут белае, сіняе, чырвонае, золатавалосае, стракатае ад доўбняў, кіёў, кордаў, кляўцоў і дзід мора кінулася на іх з усіх бакоў. Паляцелі дзежкі, паленні, зафырчалі ў паветры бручыны.Спалоханыя крыкам, аслепленыя, коні ярыліся і ўставалі дыбам, а потым чуйдух прабіліся праз натоўп і паляцелі прэч. Наўздагон ім для постраху пусцілі з дзесятак стрэл. Магдаліна ў адчаі глядзела на шалёныя ўцёкі латнікаў, ведала, што раней чым праз пару дзён (і то, узяўшы падмацаванне ў Любчы) Карніла сюды не вернецца. Ведала, што Хрыстос цяпер нагострыць адсюль лыжы, і, значыць, зноў дарогі, самыя глухія, дзе нават галубіных станцый няма, значыць, трэба ісці і кінуць Ратму.Каб яна ведала, што гэтая акалічнасць уратуе яе, яна думала б іначай. Але яна не ведала і таму пайшла глухімі вуліцамі да замка, каб, магчыма, развітацца з Ратмам і ўзяць клетку з галубамі ў запас. Клетку яна атрымала, але хлопца не ўбачыла. Вартавы сказаў груба:– Ідзі-ідзі. Ён пад замком.– За што?– Ну, значыцца, добрых спраў нарабіў.Гэтая вестка напоўніла яе трывогай. Што такое магло здарыцца? Няўжо за начную прыгоду? А можа, ён усё адкрыў бацьку? Ну не, не можа ж ён быць такі дурны, каб вось так адразу. Усё гэта трэба было доўга рыхтаваць. ...Яна не ведала, што Радша і выявіўся менавіта такім “дурным”. Ашалелы, звар’яцелы ад шчасця, кахання і цягі, ён адкрыў бацьку Мартэлу, што з нявестай у яго ўсё скончана, што ён не хоча з-за земляў быці пасмешышчам і вырашыў ажаніцца з другою. Бацька ўрэзоньваў яго, што ўсё гэта лухта, што радавітыя не гаспадары сабе, што, ажаніўшыся, можна пасля мець хаця сто палюбоўніц. Юнак ашалеў. І тады ваявода загадаў узяць яго пад замок.Ёй было вельмі трывожна, і нейкае нібы прадчуванне мучыла, і цягнула, і смактала пад сэрцам.