Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

...Між тым агульны энтузіязм дасягнуў апагея. Юрась бачыў, што на другім канцы плошчы ўжо стаіць над ручной каляскай, застаўленай закаркаванымі пляшачкамі, жаўтазубы Баўтрамей. Чакае, і твар – як кепская трагічная маска. І яшчэ Хрыстос бачыў, што ніхто да яго не падыходзіць, усе глядзяць на іх, і, значыцца, фокус пакуль выгарае. Усё ішло добра.І тут да яго зноў падышлі два былыя слепакі. Народ сустрэў іх сяброўскімі крыкамі.– Ну як, сталі бачыць? – спытаў ён.– Але, – выскаляўся той, што ўзяў манету.– То добра, ідзіце з мірам, – дружалюбна сказаў Хрыстос.– Мір не танна дастаецца, – шапнуў мазурык. – Давай яшчэ тры залатыя.Яны шапталіся з ласкавымі ўсмешкамі на вуснах. Народ з замілаваннем глядзеў на гэтую сцэну.– Няма ў мяне больш. Слова. Пасля, можа...– Крыкнем, – сказаў сляпы.– А я вось зараз таксама крыкну, – сказаў Пятро, – што вы за вылячэнне яшчэ і грошай просіце. Тады вам жыва вочы выб’юць, а другога Хрыста – дай вам Бог, галубочкі, дажыць да яго з’яўлення.Братчык з кранаючай пяшчотай абняў іх:– Ідзіце да д’ябла, улюбёныя браты мае. Пакуль не пасыпаліся зоркі з вачэй вашых. Не хацелі па-добраму пачакаць. Страшыце? Копну вам у зад.У натоўпе ўзніклі ўздыхі замілавання. Братчык падвёў “братоў” да прыступак паперці і непрыкметна даў ім моцнага выспятка ў азадак. Тыя з каметнай хуткасцю паляцелі праз натоўп.– Бач, пабеглі як, – пракаменціравала баба. – З радасці, мілая!– З радасці пабяжы-ыш....Магдаліна ішла, і трывога яе рабілася нясцерпная. Што ж, урэшце, здарылася? Яна раптам адчула самоту і жах. Ёй хацелася хутчэй дабрацца да тых, каго яна гадзіну назад ледзь не аддала ў рукі святой службы. З імі не так небяспечна, яны нешта прыдумаюць.Гатычныя, папярочна-смугастыя дамы навісалі над ёю, здаецца, сачылі вострымі маленькімі акенцамі, прыціхлі. Яна фізічна адчувала, што за кожным рогам яе чакае небяспека.Урэшце ў самым канцы вулачкі яна ўбачыла на прыступках храма Хрыста з хаўруснікамі, адчула гэта з раптоўнай радасцю і... стала.Паміж ёю і Хрыстом стаяў і глядзеў на яе невялічкі, пераважна жаночы, натоўп. Былі тут касцельныя жоўтыя дэвоткі і чырвоныя маладзіцы з тупымі і злоснымі вачыма, былі вечныя “дзяўчаты” з вуліцы святой Цэцыліі, што глядзелі прагна, з адчуваннем сваёй бяспекі, было некалькі пажылых мужыкоў у пераломным узросце і манахаў з блудлівымі зрэнкамі. Было нават некалькі няпростых кабет у багатых сукнях.Яе вочы з дзіўнай рэзкасцю бачылі ўсё гэта.А наперадзе стаяла мажная кабета ў дзявочым шлягавым вянку. Расставіла ногі, склала на грудзях пачварнай магутнасці рукі. Грыбасты рот усміхаўся.“Ганорыя з Валевічаў, – зразумела яна. – Усё. Адкрыў ёй стары хрэн ваявода”.Яна аглядала агульную і Ратмаву нявесту і міжволі іранічна думала: “Бедны Ратмір. Ну, гэтая яго навучыць”.– Вядзьмарка! – кінула Ганорыя ціхім голасам. – Абпаіла д’яблавым зеллем. Спакушальніца...Магдаліна рушыла наперад, гледзячы ёй у вочы. Тая сумелася, і таму, здаецца, нахабства яе яшчэ ўзрасло.– Ну, – сказала Магдаліна, – ачысці дарогу.Натоўп па-ханжаску маўчаў. Баяўся смелых вачэй.– Распусніца, – хавала вочы Ганорыя. – Самадайка. Вядзьмарка. Тварына. Жаніхоў чужых зводзіць?..– Ты ўжо хто? – з усмешкай сказала “лілея”. – Дарога кірмашная.Яна адставіла клетку, каб часам не растапталі.– Прыходзяць тут гнілыя... Хамка... На дваран замахваешся? Не па чыне.