Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Адыдзі.Голас быў такі ўладны, што нахабная бабішча адступіла была, з уласцівай усім такім подлай баязлівасцю, але вакол зашапталі:– Не пускай... Не пускай.Магдаліна зразумела: прайсці не выйдзе. Цяпер трэба было ўчыніць вялізную сварку – можа, пачуюць свае і вызваляць, пакуль не пабілі.– Чарадзейка... Атрутніца... Вочы выдзеру, шлюха ты, – кідала Ганорыя.– Маўчы, грамадская студня... Зажыва гніеш, а на маладога рыцара брудным вокам кідаеш... З турэмшчыкамі табе спаць, з пракажонымі, з катамі! І ён яшчэ з табою пойдзе, святы хлопец? А дулю.– З табою хіба, з шалавай? – спытала гаспадыня Валевічаў.– А і са мною. Арол такой гусі бруднахвостай не пара.– А ты хто, хлопка?– Ды ўжо ж не ты. Да чыйго дома ў горадзе самы біты шлях? – яна выдумвала, але ведала: з гэтай усё будзе – праўда. – Ці ёсць у Наваградку такі хаўрус, які б цябе “нашымі жорначкамі” не называў? Ды ў яго, калі ён дурань будзе, шыя зломіцца ад тых падарункаў, што ты яму да шлюбу назапасіла!– Дрэнь! Чарнакніжніца! Ерэтычка!– Ад каго браты зажыва засмярдзелі ды Божага царства пайшлі шукаць?! Хто ва ўласнай маткі ў дванаццаць год законнае права жонкі адабраў?Удар нечакана трапіў у цэль. Ганорыя задыхнулася.– У студні закінутай у яе пашукайце, – цадзіла Магдаліна (яна добра ведала норавы жанчын такога тыпу). – Бачыце, айцы святыя непарочнай яе агаласілі. За колькі? Ці мо натурай заплаціла? Можна і гэтак. Тыя казлы згодзяцца. Дзявочы вянок беднаму добраму Ратму. Ды табе б ганебны каўпак, ды прыпол абрэзаць, ды – віцамі! А лепей крыж забараніць насіць, ды радзюгу нашыць на плашч, лапічак, ды бранзалет на нагу1.– Ды што?! – не знайшлася шляхцянка. – Біце яе! За распусту бязбожную! На Евангеллі ў чысціні паклянуся!Яны ўчапіліся адна ў адну. Магдаліна першым чынам збіла з галавы Ганорыі вянок. Абедзве валтузіліся. І тут нейкі клірык, з жоўтым, як чэрап, тварам і чорнымі вачыма, сказаў:– Стой! Ну! Вы што, ля студні? А між тым яна ж царкву абразіла! Абразіла! Слова, якім касцёл заступіўся за цноту гэтай дзяўчыны. Чаму? Ачараваўшы ваяводскага сынка, жадала на іншых свае правіны скінуць. Між тым гэта адна з самых страшных кабет Гародні.Магдаліна магла яшчэ выцягнуь знак, ладанку, дадзеную Лотрам. Але пры ўсіх гэтага нельга было рабіць. Смерць без суда. Чаму яна загадзя не паказала яе дамініканцам?Яна зразумела, што гэта ўсё. Цяпер нішто не ўратуе. Пасля, на трупе, знойдуць той знак; клірыка за выкрыванне і забойства асабліва даверанай асобы, той, што можа загадваць ад імя царквы ўсім, аддадуць службе і знішчаць. Ці лягчэй ёй будзе ад гэтага? Яна склала рукі і адступіла.– Распусніца! – узвыў народ.– Бі яе!– Дзеўкі, у камяні!!!Камень ударыў Магдаліну вышэй скроні....І тут, пачуўшы гвалт, Раввуні штурнуў Хрыста.– Глядзі!– Што такое?– Магдаліну, здаецца, б’юць, – прабасіў Тумаш.Збялелы Юрась кінуўся да натоўпу. А гурма ўжо лезла наперад, ціскалася, выла. Лезлі ледзь не па галовах, каб дабрацца наперад, вішчалі. Недзе дурным голасам екатала апантаная бесам. Юрась штурхаў баб, адцягваў за валасы клікуш – і амаль дарэмна.Але Тумаш добра разумеў, што такое азвярэлы натоўп, а асабліва жаночы. Ён выдзер аднекуль кол і арудаваў ім. Тут было не да ягонага “рыцарства да дамаў”. Кол, прынамсі, цверазіў, прымушаў хапацца за выцятае і менш думаць аб ахвяры, а больш аб тым, як знікнуць.Камяні ляцелі ўжо градам. Але ў клікуш было крывава ў вачах ад ярасці, і яны кідалі свае снарады абы-як. Магдаліна бачыла белыя вочы, разверстыя раты, чырвоныя твары.