Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Гэтага перш за ўсё можна было заўважыць нават у самым вялікім натоўпе. Твар з румянымі ўсмешлівымі вуснамі і вялізнымі цёмна-сінімі вачыма быў гожы той рэдкаснай прыгажосцю, ад сузірання якой адразу прыходзяць у галаву думкі аб тленнасці зямнога, аб тым, што цябе вось чакае пекла, а гэтага стройнага, як трысцінка, юнака жыўцом возьмуць на неба.І, аднак, калі верыць рупліўцам аб веры, менавіта гэтае дзіця ўжо зараз не чакала неба. І, аднак, гэта менавіта яму праз некалькі год пагражалі пеклам і вечнымі пакутамі шматлікія прапаведнікі Італіі, ледзь не ўсе папы Беларусі, Польшчы і Жмойскай зямлі, і, вядома ж, уся Святая служба.Юнака звалі Кашпар Бекеш. І калі нехта і стварыў у той час славу Гродзенскай зямлі, то гэта ён і Крыштофіч, ерэтыкі, асуджаныя членамі Святога трыбунала, – імёны ж гэтых членаў ты вясі, Божа, а не людзі, нават самыя вучоныя.Бекеш трымаў на каленях познюю копію адной з Сафоклавых трагедый, чытаў яе сам сабе і па чарзе падціскаў пальцы. Пасля нешта запісваў у сшытак, што ляжаў на нізенькім століку.Копія была сапсутая шматлікімі перапіскамі, часам у ёй не было аніякага складу, і вось ён правіў, аднаўляў яе, лічачы склады і раздумваючы над некаторымі словамі, якія недасведчаныя пісцы даўно ператварылі ў абракадабру.Аблічча было сур’ёзнае, трошкі рэзкае ў выліцах (мабыць, ад продка венгерца); тонкая рука часам адкідала з ілба сонечна-залацістыя валасы.Людзі маўчалі, але нешта прыгнятала іх, перашкаджала працаваць.Можа, нялюдскі шум і крыкі з вуліцы.– Зачыніў бы акно, Кляонік, – сказаў брат Альбін. – Гэтыя жывёлы вытрасуць з Кашпара ўвесь рытм, а з мяне – усе астаткі маёй думкі.– Я сёння ўначы таксама ўвязаўся ў гэтую справу, – сказаў разьбяр. – І шкадую аб гэтым.– Нашто шкадаваць? Пакрычалі, папалохалі. Але няўжо ты верыш у яго?– Я? Кім ты мяне лічыш? Я так і сказаў: “Шкада, людзі...”– Правільна, – адарваўся ад рукапісу Бекеш. – Бог ёсць?– Ёсць, – адказаў Крыштофіч, а Кляонік моўчкі схіліў галаву.– Бог – ён ёсць, – сказаў Бекеш. – Але хто сказаў, што яго можна памацаць, схапіць, звязаць, пацягнуць у турму?– Хрыста ж схапілі, – сказаў разьбяр.– А я не думаю, што Хрыстос быў Бог, – усміхнуўся Кашпар. – Па-мойму, гэта быў вялікі прарок, большы за ўсіх біблейскіх. Таму яго і абагавілі. А можа, і не прарок, а так, прыхадзень аднекуль з зямлі справядлівасці, што ляжыць за цёплым морам і пра якую мы, бедныя, нічога не ведаем.– Н-ну, – недаверліва сказаў Крыштофіч. – Чаму ж не сказаўся?– А што б ён растлумачыў цёмнаму таму люду? Слова “справядлівасць”? Слова “роўнасць”? Слова “гуманізм”? Слова “праўда”? Слова “пазнанне”?.. Але заўваж, ён нідзе сам не называў сябе сынам Божым, не хацеў хлусіць, хаця і не забараняў вучням “здагадвацца” аб гэтым, бо так яны лепей разумелі і так было ім лягчэй. І потым, чаму ён на крыжы крычаў: “Божа мой, чаму ты мяне пакінуў?” Ён жа сам непадзельная частка Бога. А калі дагмат аб траічнасці няверны, калі ён – частка Бога, як сын – частка бацькі, то чаму ён не клікаў бацьку, а нібыта чужога чалавека?Брат Альбін пацягнуў носам:– Слухай, Кашпар, сын мой, табе не здаецца, што тут пачынае смярдзець?– Чым?– Блізкім вогнішчам, сын мой.– Сюды яны не дастануць. Тут іхняй улады – макавае зерне.– А праз некаторы час будзе ўся ўлада. Мы занадта слабыя, каб даць па іхніх лапах. Доказ гэтаму – той шабаш за акном... Страшная рэч!