Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Ён пайшоў. Некаторы час яна сядзела моўчкі. Гучна завуркаталі галубы. Ім было добра ў праменнях сонца, якое яна сёння ледзь не ўбачыла ў апошні раз. Нічога. Усё абышлося. Цяпер трэба ўбачыць Ратму.Яна дзейнічала машынальна, як заўсёды. З Лотрам не жартуюць. Гэта прэнг, і “велля”, і расплаўлены свінец у роце, а там і вогнішча... Галубы... Значыць, запіска. Яна дастала маленькі скрутак танюткай паперы, ачыненае вераб’інае перайка, інкаўст1 у скураной чарніліцы і пачала пісаць кірылаўскімі літарамі:“Эядянмяэлсчюпялёэасўтўсокмфсяегнчёэгмэяілаўшфупяэйспбфшямоыўняэчшярсб...”Гэта была “літарэя за адной пячаткай”, старажытны беларускі тайнапіс2. Магдаліна пісала ім спрытна і хутка. Машынальна рухалася рука. Думак не было. Нібы нейкая запруда стаяла перад імі. Нібы кій трапіў у кола і застопарыў яго.І раптам яна ўспомніла цеплыню чалавечай спіны на сваіх грудзях. Спачатку толькі яе. Яна была непадобная на ўсе іншыя цёплыя спіны. А яна памятала іх шмат.Яна ашчаперыла пальцамі галаву і, нягледзячы на боль, сядзела так некаторы час. Пасля ўдарылася лобам аб падвоканне. І яшчэ. Яшчэ. Адзіная вялікая кропля крыві ўпала на пергамент. Жанчына скамячыла яго.Лілася кроў. На палях, у катоўнях, на вуліцы. Шмат крыві.Жанчына думала яшчэ некаторы час. Пасля адчыніла клетку, звыкла – лапкі між пальцаў, вялікі палец на крылах – вынула аднаго голуба і падкінула ў неба. Той затрапятаў крыламі ў блакіце, пакружыў і памкнуў на паўночны захад.З другім голубам пальцы нібы развучыліся. Ён забіў крыламі, вырваўся ўрэшце і паляцеў за першым.Трэцяга яна проста вытурыла з клеткі, выпусціла, як жанчыны выпускаюць птушак на вялікдзень....Тры хустачкі ператварыліся ў кропкі, зніклі за акаёмам. З хвіліну яна думала, ці не варта адкрыць усё Хрысту. І спалохалася.Ведала – не кране пальцам, але не даруе ніколі. І ёсць яшчэ Лотр, які ўрэшце ўсё ж спаймае і яго і – цяпер – яе. Ён учыніць ёй “веллю” не на сорак, а на восемдзесят гадзін, парве вены і ўсё ж спаліць жывою.Яна адчувала сябе злачынцаю. Толькі так! Ні гонару, ні ўдзячнасці не было ў душы – толькі сабачая прыніжанасць. Яна выканала б усё, што ні загадаў бы ёй кардынал. Але не гэта.“Хай рабуе, хай блюзнерыць, хай нават павесіць самога Лотра або замахнецца на папу – я не магу... Я не магу выдаць гэтага чалавека”.

Баўтрамей выскаляў рэдкія жоўтыя зубы над сваімі пляшачкамі:– Вось тавар! Вось святы тавар! Наваліся, хто грошы мае!Апосталы з Хрыстом сядзелі ўбаку, грэліся на вячэрнім добрым сонцы.– Няўжо яму павераць? – спытаў няверны Тумаш.– Усяму павераць, – змрочна сказаў Хрыстос.– Добра, каб паверылі, – сказаў Гарганцюа – Якуб. – Здаецца, Валаамаву асліху з’еў бы. Бывала, на возеры мянёў напячэш, ды юшка з акунькоў...Тумаш недаверліва круціў галавою.– Але ж вера... Вера, яна...Хрыстос раззлаваўся:– І ахвота табе гаварыць. Ну вера, вера! Плявузгае. А ў пісанні даўно аб ёй сказана, што вось... калі будзеш мець веру велічынёй з гарчычнае зернейка і скажаш унь той Замкавай гары перайсці адсюль – яна пяройдзе.– Ну, з зернейка ў мяне ёсць.Ён утаропіўся на вежы, напружыўся ўвесь і заплюшчыў вочы. Пасля расплюшчыў іх – гара была на месцы.– Храновіну гародзіш, ойча.– Трэба практыкавацца ў веры, – сказаў Хрыстос.– Добра. Пастараюся.Маўчалі.– Што Анея? – шэптам спытаў Раввуні.– Ніч-чога. Невядома дзе. Нават апошнія чуткі заглохнулі. Сёння пойдзем на поўнач, на Вільню. Усё адно – голка ў стозе.