Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Да Баўтрамея падышоў багата апрануты мешчанін. Узяў бутэлечку, страсянуў:– Ды яна ў цябе пустая.– Не боўтай, не боўтай, кажу, пляшачкі, – узяў яго на перапуд ліцадзей. – Няшчасця хочаш? Я т-табе дам, пустая!!!Ад гэтага тону, а яшчэ больш ад трагічнай маскі – твару, мешчанін сапраўды перапалохаўся.– А ў ёй што?– Уздых святога Ёсіпа Арымафейскага. Што ён уздыхнуў, яшчэ калі Хрыста распіналі.– І ва ўсіх – уздых?– Уздыхнуў моцна.– А... ад чаго памагае?– Ад запою... – натхнёна збрахаў актор. – Ад хмялення.Мешчанін падумаў трохі, адлічыў грошы. Пасля павагаўся і... пайшоў у карчму.– Клюнула, – сказаў Пятро.Хвілін праз дваццаць з карчмы выскачылі з дзесятак прапойцаў, хуценька купілі па пляшцы і вярнуліся.Яшчэ праз палову гадзіны нейкі чалавек, па выгляду слуга духоўнай асобы, купіў бутэлечку і ў завулку перадаў яе таму самаму клірыку – “мёртвай галаве”.– Эг-ге, – выскаліўся Юрась. – Ну, д-добра. Цяпер я вам пакажу... І як святой службе нас аддаваць, і камяні, і ўсё.Праз нейкую гадзіну пайшло і пайшло. Да Баўтрамея валіў і валіў народ. І дарога ў людзей была адзіная: Баўтрамей – карчма.Пад вечар горад нельга было пазнаць. Нагадваў ён поле страшнага пабоішча. Людзі ляжалі паўсюль: на парогах, на вуліцы, у вокнах. І было гэта страшней, чым пасля татарскага ўварвання, калі выразалі яны Наваградак пад корань. Нават пасля татар так страшна не было.Кожны ляжаў там, дзе засцігла яго варожая сіла. У кучах ці паасобку, ніцма ці дагары.І сапраўды, няма каму было плакаць, бо ўсе ў капе бездыханна ляжалі. Занадта бо паспадзяваліся на сілы свае і на сілу новага святога патрона.Спаў кустод у браме. Спала варта на вежах. Нават ваявода Мартэл спаў, мармычучы ў сне:– Пагублю мудрасць мудрацоў і розум разумных адвергну.Першая скарысталася з гэтага Магдаліна. Проста, нібы ў свой дом, прайшла ў замак да адзінага цвярозага жыхара горада, Радшы. Ёй чамусьці зусім не хацелася ісці да яго, і ўсё ж яна пайшла. Яна шкадавала гэтага юнака, памятала пра ўсё. І хіба ён не заплаціў воляй за тое, што ўпарта хацеў толькі яе?На жаль, нельга было выпусціць яго. Ключар запёрся ў цямніцы і налакаўся ўжо там. Але яна гаварыла з Ратмам праз краты на дзвярах, казала, што вымушана ісці далей за сваёй мэтай, але абавязкова вернецца. І плакала. А ён (твар ягоны быў нібы з крэменю) сказаў ёй, што чуў, як яе сёння хацелі забіць за яго, што ніхто не прымусіць яго да шлюбу, што ён будзе чакаць....А ў цемры з уздыху святога Ёсіпа Арымафейскага скарысталіся і тыя, што сабралі яго.З мяхамі яны хадзілі з касцёла ў касцёл, з плябаніі ў плябанію, з царквы ў царкву. Па пустым, нібы вымерлым, горадзе. І мяхі іхнія рабіліся ўсё цяжэйшыя і цяжэйшыя.Рабавалі падчыстую. За спробу выдаць кату, за спробу потым забіць, за тое, што прымхліва надзерліся, а самі паўсюль крычалі аб цвярозасці. Рабавалі так, каб назаўтра няма з чаго было прычасціць. Паціры, дзіскасы, дарахранільні, лампады, грошы з тайнікоў і скарбонак, каштоўныя камяні. Здзіралі ўсё. Палахлівы мардач Андрэй аж стагнаў, што пагоняцца.– Лухта! – белымі каменнымі вуснамі казаў Хрыстос. – Збаяцца. Не крычаць жа ім, што напіліся, як свінні. Маўчаць будуць.Памылкова зайшлі ў нейкі багаты дом, палічылі за плябанію. І там сустрэлі яшчэ аднаго цвярозага.Хрыста з імі не было. Мацей пачаў быў браць маёмасць.Тумаш аглядаўся вакол. Непадобна было на папоўскі дом. Ат, усё адно!