Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

І раптам...– Гулі-гулі-гулі.Стоячы ў калысцы, аптымістычна ўсміхнуўся бандзюгам дзіцёнак. Ружовы, толькі са сну.Твары вакол былі ў ценях ад паходняў, зарослыя, з крывымі ўсмешкамі, катаржныя.– Гулі-гулі-гулі.Тумаш працягнуў да малога страшныя, з цэбар, далоні.– Гу-у, гу-у, – усміхнуўся той.– Ах ты мая гулечка, – расплыўся Фама. – Гу... Гу... І пялюшкі мокрыя.Ён змяніў малому пялюшкі.– Ну, ляжы, ляжы. Ах, яны – быдла! Ах, яны – дарослыя! Ну-ну-ну, мачыляпы... На... На вось коржык.Малы радасна ўчапіўся ў коржык дзёснамі.– Кідай усё, – скамандаваў Фама. – Дом багаты... Ну і што?.. Нешта мне, хлопцы, нешта мне... неяк... Бач, як глядзіць...І яны выйшлі.У апошнім касцёле ледзь не памерлі з жаху. Тут таксама было поле бітвы. Спаў ля аргана арганіст. У абдымку ляжалі на амбоне пробашч і званар. Панамар звесіўся з месца для казаняў.Хрыстос якраз узломліваў скарбонку. І раптам дзіка, як дэман, зароў арган. Затрэсліся шыбы. Ад нечаканасці скарбонка ўпала, з ляскам і звонам пакаціліся па плітах манеты.Усе ўскінуліся. Але гэта проста арганіст упаў буянай галавою на клавіятуру.– Тфу! – сказаў Хрыстос і вытрас грошы ў мех.Абрабаваўшы ўсе храмы, нагружаныя скарбам, яны пад покрывам цемры пакінулі горад. На ўсякі выпадак ім трэба было пакінуць між сабою і Наваградкам як найбольш дарогі. Закусвалі на хаду. Частку нарабаванага вёз мул. На плячах у апосталаў Піліпа з Віфсаіды і Якуба Зеведзеева плыў біскупскі партшэз з Магдалінай. Пагойдваўся.На паваротках дарогі мянялі сваё месца зоры. А яна сядзела і з трывогай і адначасова з дзіўным спакоем адданасці лёсу думала: “Чаму я так зрабіла? Хіба не быдла ўсе людзі і хіба не ўсё адно, каму служыць? Вось і гэтыя... абрабавалі. Сапраўды, блюзнеры, махляры, валацугі. Чаму ж мне не хочацца служыць супраць іхняга атамана?”– Ну, быдла, – сказаў раптам Тумаш. – Ну, айцы душаў!І змрочны Хрыстоў голас адказаў з цемры:– Кінь. Яны ўсё ж вышэй за быдла. Можа быдла катаваць іншых? А прынізіць сябе? А сябе прадаць на таргах?“Жывы, – падумала яна. – Проста ён жывы. І рабуе, і ўсё... а жывы. А тыя і рабуюць, і словы гавораць, а мёртвыя. Гандляры, дрэнь, золатам залітыя, гвалтаўнікі, мяснікі, каты майго цела – мёртвыя яны, вось і ўсё. А гэты глядзіць на мяне, як на дрэва, а жывы. Там, дзе мерцвякі глядзяць на мяне, як на дрэва, ён – як на жывую. І ў адзіным выпадку, калі яны глядзелі, як на жывую, ён, як на дрэва. Ну і схопяць. Вядома, з табою не толькі ў неба не трапіш, з круцялём і мазурыкам, а і на зямлі доўга не паходзіш, у зямное пекла пападзеш... Хай так. Не хачу баяцца. Ніколі больш цябе не прадам. Выкуплю грэх, ды можа, і вярнуся да Ратмы... Не хочацца вяртацца да Ратмы, хаця і ласкавы ён, і кахае, і кранальны да замілавання. А, усё адно!.. Вось дарога – і ўсё”.У дрымоце яна глядзела, як плывуць зоры, слухала, як крычыць драч, бачыла, як рухаецца на фоне зорак Хрыстова постаць, апранутая ў брудна-белы хітон.