Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Што ты думаеш аб ім? – спытаў Кляонік.– Прахвост і самазванец, – абыякава сказаў Альбін.– І я гэта ведаў. Ды толькі думаў, што мы ягоным імем тут пачысцім трохі. А выяўляецца, яны і імя прыбралі сабе, ды нас жа і ў дурні. Цяпер вылюдства гэтае, ізуверства адсюль і за сотню год не вымецеш. Чуеце?Яны ўсталі і падышлі да акна. Унізе, на плошчы, дробна варушыліся галовы, раз-пораз выбухаў крык, раўлі званы. Проста перад сябрамі быў замкавы мур, і гэта да яго цягнуў рукі натоўп.– Божа! Блаславёны будзь! Бацька ты наш!Бекеш паціснуў плячыма:– Вы іхнія морды бачылі? Гэта ж нешта неймавернае. У завулку ўначы спалохаешся. І вось нібы слепакі... Нічога не бачаць... А ясна, што прарокі з такімі не бываюць, тыя, што дасылаюцца часам на гэтую няшчасную цвердзь... Каб хаця зернейка нейкай думкі пакінуць.– Ну, я з імі крычаць не буду, – сказаў брат Альбін. – Гэтая вера ў звышнатуральнае – гэта дурасць і невуцтва несамавітае. А гэты чалавек – ясна, што шалбер, махляр, круцель і ашуканец. І прыдумала яго тое прагнае быдла... А я ў іхнія пастулаты і догмы не веру... Не хаці ты ракаў, не мачы ты... портак.Людзі пад імі плылі і плылі да недалёкай царквы. І паўсюль на іхняй дарозе стаялі манахі, са звонам патрэсваючы блюдамі.Кляонік раптам заўважыў, што Бекешавы вочы нібы блішчаць.– Беднае ты... Няшчаснае ты быдла, народ мой, – сказаў Кашпар. – За якія такія грахі?!У вежным пакоі варты (дзверы з яго выходзілі на забрала замкавых муроў) ішла між тым вялізная, сапраўды “апостальская” п’янка. Большасць былых валацуг было ўжо “еле можаху”. Адносна цверазейшыя былі тры чалавекі: Раввуні, Братчык і яшчэ Грынь Балвановіч, які так і прыляпіўся да новай кампаніі. Вісеў на плячы ў Хрыста:– А братачка мой! А падумаць толькі, якога слаўнага чалавека ледзь не спалілі! А Божа ты мой найсалодшы!.. Ну, дай жа ты бусю старому грэшнаму пастыру.Братчык крывіў рот.– Не глядзі ты на гэтае свінства, – расчулена сказаў Кашпару Кляонік. – Зірні, дзевак колькі... Гожыя...– Тая? І сапраўды.Непадалёку ад іх, ледзь не каля самых муроў, стаяла дзяўчына год семнаццаці. Блакітны са срэбрам “караблік” маладзіковымі рожкамі тырчаў над галавою, а з-пад яго падала да самых каленяў таўсценная залацістая каса.Пухлы раток прыадкрыты, у чорных з сінявою вачах цікаўнасць, чаканне і захапленне: уся нібы цягнецца да забрала, на якім зараз нікога няма. Чакае. І ледзь з’явіцца на забрале вартавы – уздрыгваюць даўжэзныя вейкі. Відаць, што звычайна шкура на ёй гарыць, але цяпер нібы з’яўлення цудатворнай іконы чакае. На шчоках празрысты, лёгкі, з глыбіні недзе, румянец: высокія грудзі (хоць ты на іх поўную чашу стаў) абцягвае сіняя казнатка1.Яшчэ не зусім увайшла ў цвет, але ясна, што абяцае.– Ах, д’ябал, – сказаў Бекеш. – Хто такая?– Мечніка Палянкі дачка. Нічога, заможныя, статэчныя гараджане.– Ды што мне ў гэтым. Імя як?– Анея. Сяброўка Фаўстыны маёй.– Ах, якая, – Бекеш нібыта забыў пра ўсё. – Ах, Божа мой, прыгажосць невыказная.– А як бы я маладзейшы быў, то і я... – сказаў Крыштофіч.– Дык давай, дзядзька.– Не, брат, не тыя ўжо ў каня зубы. Тут, брат, жаніся. А яна мяне макам напоіць ды з-пад бока – на пасядушкі да хлопцаў. Я, пры маіх гадах, усё больш унь да такіх...– А што, – сказаў Кляонік. – А і нішто.Да брамы ў гэты момант прадзіраліся праз натоўп два чалавекі. Жанчына на муле, укрытым сеццю з залатых ніцяў, і за ёю, на вараным жарабцы, кардынал Лотр.