Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Смертаносная прыгажосць, – сказаў Кляонік. – Я з яе Магдаліну рэзаў бы.– Марына Крывіц, – кінуў Бекеш. – Людзі кажуць: самадайка. А мне здаецца, не можа быць хлуслівай гэткая прыгажосць. Можа, і дрэнь баба, але жыццё ж якое?! І ўсё адно не веру, што дрэнь.– Ты, бацька Альбін, не занадта зіркай, – сказаў разьбяр. – Лотр за грэх з ёю на браме павесіць. І потым – гэта ж смяротны грэх, ты ж манах, хаця і кепскі.– Няма, браток, у прыгажосці смяротнага грэху. Дый увогуле, што такое плоцкі грэх?Ён махнуў рукою:– Няма ў жаночых абдымках нічога грахоўнага. Глядзець не грэх – і ў чалавека ёсць вочы... Цалаваць не грэх...Маладыя зарагаталі.– Чаго рагочаце? Праўда. Каб Бог прадугледжваў манахаў – ён бы прадугледзеў дзеля гэтай мэты і людзей з пэўнай вадай. А раз гэтага няма, то, значыцца, лухта гэта ўсё.Братчыку абрыдлі п’яныя пацалункі Грыня, ён адвязаўся ад яго, кінуў кампанію і пачаў спускацца з гульбішча, мяркуючы схавацца недзе ў царкоўным бабінцы і падумаць. Ён чуў крык натоўпу за мурамі, захоплены галас, бачыў праз байніцы, як плыве ў храм людская рака, чуў звон грошай на блюдах.Але нават у бабінцы, калі ён спусціўся туды, яго не чакаў спакой. У бабінцы кіпела дзікая бойка. Ён спыніўся, уражаны.Ля муроў стаялі скрыні з грашыма. Па вузкіх жолабах плылі і плылі струменьчыкі золата, срэбра, мужыцкай медзі, падалі ў місы і карцы (відаць, грошы ссыпалі з блюдаў там, за мурам, проста як хлеб у засекі).Ніхто зараз не зважаў на тыя грошы. Між скрынямі, топчучы манеты, звіваліся захеканыя людзі ў белых францысканскіх, бурых дамініканскіх і іншых расах. Гваздзілі адзін аднаго вяроўкамі, што звычайна апаясвалі чрэслы, білі ў сківіцы, па галаве, пад дых.– Мы гадзіну толькі стаялі!– Дамініканцам места саступай, бабздыр ты!– Дысідэнт, свалата!– На табе, на!Кагосьці выкінулі ў акно, нехта літаральна ўзляцеў над натоўпам і, два разы перакруціўшыся ў паветры, вылецеў праз парэнчы кудысьці ў сутарэнне... Ніколі яшчэ не даводзілася Юрасю бачыць такой бойкі.Пахла зверам.Шкаляр паківаў галавою.– І стварыў Пан Бог чалавека па вобразу свайму, па вобразу Божаму, – сумна сказаў ён. – І ўбачыў Бог, што гэта добра.Ён махнуў рукою і рушыў на гульбішча. Можа, хаця на вежы можна будзе схавацца ад усяго гэтага.Лотр выпадкова скочыў з каня побач з Анеяй і толькі тады заўважыў яе. Павільгатнелі вочы. Дзяўчына не заўважыла яго, усё яшчэ пільна глядзела на зубцы, каб хаця не прапусціць. Але пільны позірк чалавека яна ўрэшце адчула... Павярнулася – і тут у вачах нібы плескануўся цень сполаху, змешанага з піетэтам.– Я зноў не бачыў цябе ў дамініканаў на споведзі, дачка мая, – мякка сказаў ён.– Я спавядаюся ў сваёй слабадзе, ваша правялебнасць, – апусціла яна вейкі. – Вы занадта добры, калі заўважаеце такую нікчэмную істоту, як я.– У Бога няма нікчэмных. І калі я нагадваю...– Вы – вялікі чалавек.– ...Калі я нагадваю, каб спавядалася там...У дзявочых вачах з’явілася раптам нешта цвёрдае. Варухнуліся вусны.– Бог паўсюль.– І ў схізмацкай малельні?– Што ж, калі ён захоча – ён пойдзе і туды. Ён – там. Ён ужо выходзіў адзін раз. І вы самі сказалі, у Бога няма нікчэмных...Супраціўленне трохі ўзбуджвала і раздражняла. Ноздры Лотравы задрыжэлі.– Глядзі, я нагадваю.“Магдаліна” загадала служку трымацца таго месца, дзе спешыўся кардынал.– Лягчэй знойдзеш.Папраўдзе, ёй трэба было прыгледзецца да дзеўкі, з якой так доўга і так падазрона размаўляў патрон. Не сыходзячы з мула, яна глядзела, ацэньвала і адчувала, як варушыцца недзе пад душою раўнівае хваляванне. Пляваць ёй было на абдымкі гэтага чарговага, але з ім было спакойна. І яна, на жаль, вельмі хутка звыкала. І ёй, на жаль, кожны раз здавалася, што вось гэта не... надоўга (яна баялася слоў “стала”, “заўсёды” і амаль успамінала, што ёсць слова “давеку”). Кожны, хто даваў ёй на пэўны час трываласць і ўсё, што звязана з гэтым (грошы былі дзесятай справай, хаця гэты і плаціў добра), выклікаў у яе душы прыязь і нават нешта падобнае на жаданне быць з ім.