Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

І вось – гэтая. А можа, яшчэ і нічога? Можа, абыдзецца?На сходах кардынал сутыкнуўся з Балвановічам. Чырвоны, хістаецца – чорт ведае што. І раптам, калі Лотр запыніў яго, – з-пад п’яных броваў Рыгора Гародзенскага нечакана цвяроза бліснулі мядзведжыя вочкі.– Рык чуеш? – спытаў Лотр.– Адверз Пан Бог вушы мае.– І што?– Мяркую, сільненькі наш злодзей робіцца.– Мм... але. Вось табе і лялька. Два гэткія цуды. Вось выйдзі зараз на муры крыкні супраць яго. Што будзе?– Гэта ты выйдзі. Ты што, апошні аплот усходняга праваслаўя ў Гародні знішчыць хочаш? Гэта ты – пачакай.Лотр махнуў рукою, пайшоў. І ўжо каля самага забрала ўбачыў, як сядзіць на выступе мура і думае пра нешта Басяцкі.– Н-ну?Шэрыя ў прозелень, плоскія вочы праезуіта паказалі ў той бок, адкуль ляцеў шум чалавечай гурмы.– Т-так... ён дзе?– Варта даносіць: па забрале ходзіць, з другога боку вежы.– Сіла?– Д-ды... с-сіла. Гэта трохі больш, чым тое, на што спадзяваліся.– І што? – Лотр не жадаў пачынаць размовы першы.– Ды што... Адно з двух. Або ён круцель, прагны на грошы і славу, а ўлады – па дурасці, а можа, па ляноце – не жадзён. У гэтым выпадку ён нам – як паветра. З ім нам і курыя – глупства.– А што, гэта, па-мойму, някепска. – Лотр зрабіў нібы крок насустрач мніху-каплану, каб верыў, каб выказваўся далей. – Што б ты сказаў, каб я – папа, а ты – шэры папа?– Усё ў руцэ Божай.– Ну, а яшчэ якое “або”?– Або ён сумленны баязлівец-дурань і ні грошай, ні славы не хоча і не будзе нам памагаць (а такі ён нам не патрэбен).– І яшчэ ёсць адно “або”, – з раптоўнай суровасцю сказаў нунцый. – А што, калі ён і круцель, і срэбралюбец, ды яшчэ і аматар улады... І што, калі ён сілу сваю адчуе дый зразумее, што ён сам усё можа?– Мяркую, кепска будзе. Нашто мы, нашто царква пры жывым Богу?– Што ж тады?– Прыбраць, – аднымі вуснамі сказаў мніх і дадаў, толькі трохі галасней: – Але я думаю, што не з тых. Чалавек, былы раб. Адкуль яму ведаць пра ўладу і жадаць яе... Ідзі, спытай яго. Усё ў руцэ Божай.– То ж бо. У ч ы ё й руцэ?Басяцкі ўсміхнуўся кардыналу ў спіну. Бач, устрывожыўся, лупянуў, як ты яго, скажы, за пяты хапаюць. Дарэмна бяжыш. Чалавек – гэта або золата, або слава, а празе да ўлады гэтаму так званаму “Хрысту” яшчэ недзе было вывучыцца.Лотр знайшоў Юрася там, дзе чакаў знайсці. Братчык хадзіў па забрале, моршчыўся ад крыкаў і мяў адну руку ў другой. І гэты звычайны, вельмі чалавечы жэст супакоіў кардынала.– Ну што? – спытаў ён. – Тут лепей, чым на кабыле?– Ану яго, – сказаў Братчык. – Нешта мне тут так, нібы гэта я камар у баршчы. Ва ўсіх на вачах, усе глядзяць... І думкі нейкія дурацкія. Учора голы жабрак. А сёння “дзівы” гэтыя. Горад сыты, горад крычыць. Усе мяне хваляць. І думаеш, як гараджане ўсе: а можа, і сапраўды тут без усялення духа і натхнення Боскага не абышлося.Лотр засяроджана пакасіўся на яго.“Пачынаецца, – падумаў ён. – Не паспеў чалавек з гразі вылезці, а ўжо ў багі. Заўсёды, чорт яго пабірай, так”.Твар Юрася казаў толькі, што яму няёмка і кепска. І Лотр зрабіў дыверсію, каб даведацца, як далёка Хрыстос зайшоў думкаю:– Ну, а скочыў бы адсюль ці не?– Дудкі. Святога, можа, і вынеслі б анёлы, а я круцель, я шалбер.Звычайны наіўны твар. Аблічча прайдзісвета, які здабывае хлеб хітрунствам. Лотр прысунуўся да яго.– Слухай, – голас ягоны асекся. – Слухай, Хрыстос, і забудзь, што ты махляр. Ты вялікі, ты мудры, ты Бог. Да таго часу, пакуль мы ўзносім цябе. Ты нам патрэбен такі. Але і ты нас трымайся. Бачыш – горад ля ног. Вялікі, багаты, прыгожы. А за ім уся Белая Русь, усё каралеўства, уся зямля. Калі будзеш трымацца... нас, калі скажаш, што без... нас плача прастол святога Пятра – азалоцім. Усё дамо табе. Пакланенне... царствы... багацце.