Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

І асекся, убачыўшы на гэтым дзіўным, беспардонным твары агіду.– Я ж казаў, што не хачу быць святым. Я задаволены быў, што я валацуга... Я сёння бойку бачыў... Лепей адпусціце вы мяне. Не хачу я ў Рым. І табе не раю. У Рым я пайшоў бы толькі, каб убачыць аднаго чалавека.– Што за чалавек?– Ён не мае ўлады. Але ён ведае больш за ўсіх на зямлі, хаця дае людзям толькі частку сваіх ведаў. Не разумеюць. Не зразумееш і ты. Ён рана прыйшоў. Ён цяпер, мабыць, стары. Я абавязкова хацеў бы ўбачыць яго. Але ў Рым, у гэты горад нечасціўцаў, я пайшоў бы толькі звычайным валацугам-шкаляром. Калі тут такое, што ж тады ў Рыме?– Хочаш, я даведаюся аб гэтым чалавеку? – ласкава і прывабліва сказаў Лотр. – Што робіць гэты твой “знаўца”?Ён зразумеў, што золатам з гэтым бадзягам не зробіш нічога і трэба шукаць іншыя шляхі.– Адкуль? Дзе? – іранічна спытаў Хрыстос.– Я не ведаю, але тут ёсць чалавек, які ведае ўсё. Што робіць гэты твой “знаўца”?– Малюе, займаецца анатоміяй.– Так я і ведаў, што нейкая брыда накшталт трыбушэння мёртвых.– Ды гэтага не трэба... Досыць, што “ведае больш за ўсіх”.– Вартавы! – гукнуў Лотр. – Слухай, вартавы. Схадзі ў новы дом на Старым рынку і спытай там аб “чалавеку, які ведае больш за ўсіх і жыве ў Рыме”, хаця гэтае “больш за ўсіх” моцна аддае ерассю, таму што больш за ўсіх ведае, вядома, папа, а ён, колькі я магу меркаваць, мерцвякоў не рэжа і няздатны намаляваць нават дулі.– Каго спытаць?– Спытай Бекеша.Вартавы пайшоў. Сябры стаялі трохі нібы аглушаныя. У Крыштофіча лягла ад пераносся на лоб рэзкая зморшчына. Бекеш не верыў сваім вушам:– Нашто гэтаму махляру спатрэбіўся вялікі майстра?– Не ведаю, – глыбокім голасам сказаў “пожаг”. – Але нешта ва ўсім гэтым ёсць. Пасобнік гэтай навалачы, бадзяга, ведае пра чалавека, што “ведае больш за ўсіх”.– Нешта ёсць, – сказаў Кляонік. – А можа, мы не дарэмна адбівалі яго? Буду глядзець... Буду вельмі пільна прыглядацца да яго.– Чаму? – спытаў Бекеш.– Мне цікава.– Гэтага досыць, – сказаў Бекеш. – Але ён ведаў, што гэты чалавек мог спускацца на дно, але не адкрыў гэтага людзям, бо яны ператварылі б гэта ў зло. Адкуль ён ведаў, што гэты чалавек завяшчаў людзям лётаць, а ў яго ўменні жывапісаць было нешта боскае?– А можа, мы мелі рацыю, калі гаварылі пра край за морам, дзе людзі ўжо ўмеюць лётаць? – спытаў Крыштофіч.У гэты момант крык за вокнамі перарос у лямант і ў трубы архангельскія. Здавалася, вось-вось расколецца сама зямля.На гульбішчы з’явіўся чалавек у хітоне і стаў падымацца на вежу.– Божа! Божа! Божа! Ратуй нас!– Адпусці нам грахі нашы!– Ад кіпцяў д’яблавых, ад пекла ратуй ты!– Божа! Божа!Чалавек стаяў на вежы, і сонца гарэла за ягонай спіной. Сляпіла вочы людзям, што цягнулі да яго рукі.На Кашпаравых вуснах з’явілася саркастычная ўхмылка. Юнак паказаў падбароддзем на вежу.– Гэты? Адтуль? Ну ўжо не. Хутчэй я сам адтуль. А гэтае кажановае адроддзе, калі і пытала пра майстра, то напэўна, каб паспрабаваць... а можа, і ягоныя механізмы могуць памагчы яму ў круцельствах. Абакрасці, а тады, магчыма, і самога святой службе выдаць.Крыштофіч пахмурна буркнуў:– Святая служба ўжо не страшная вялікаму майстру... Вялікі майстра памёр...Хрыста не трымалі ногі. Ён сеў на каменны прыступак проста перад Лотрам і вартавым.– Памёр? – разгублена спытаў ён. – І зусім нядаўна?– Памёр, – паўтарыў вартавы. – Яны кажуць: “Вымушаны быў кінуць радзіму і памёр на зямлі найхрысціяннейшага, святому падобнага, дбайніка аб веры, кроля Францішака французскага”.