Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Юрась адчуў, што рука Тумаша халодная як лёд.– Што гэта? – спытаў ён.– Ціха, – аднымі вуснамі адказаў Фама. – Іначай – смерць. – І адным подыхам адказаў: – Чорная імша1.Лягла доўгая паўза. Магчыма, уладар голасу думаў. Пасля зноў металам пралуналі ў цемры словы:– Людзі! Вы, якія з вёсак Красовіца, Хітрычы, Бярэзіна і іншых, лікам дваццаць. Гаспадыні вашы – верныя дочкі мае. Імем сваім загадваю – хай яны дадуць вам трохі святла. Імем Чарнабога заклінаю іх забараніць згон, адмяніць стаўны невад і прыгон кормных кабаноў. Хай скінуць грашовага ўзносу па дваццаць грошай з кожнай капы. Клянецеся?– Але, – уразнабой уздыхнулі жаночыя галасы.– На знак згоды дасцё сёння подпіс уласным целам з тым сваім падданым, якога абярэце... Іншыя слухайце. Вялікі ўладар падумае і пра вас. Вам не трэба чакаць іхняга страшнага суда, якога не будзе. А яго не будзе! Я абяцаю вам гэта.Рэхам задрыжала лагчына.– Я знікаю. Вам скажуць, што рабіць. Спаліце крыж. Я знікаю...Зырка пабеглі ўгору першыя языкі полымя. Праз хвіліну над котлішчам палаў вялізны, з цэлай сасны, крыж. Агонь вырваў з цемры лагчыну, навакольныя зарасці, прывіды сухіх дрэў і шматлікія твары людзей.Іх было мноства. Некалькі сотняў. Цэлае мора. Збольшага зусім голыя. Крыж палаў над іхнімі галовамі. Вогненнымі і чорнымі птушкамі мітусіліся над імі святло і цень.Ля крыжа стаяў чалавек у чорным плашчы. На твары – груба намаляваная маска, на шапцы – турыныя рогі. У руцэ – доўгая дзіда.– Неафіты, дзе ваша абяцанне?!Над галовамі людзей паплыў вялікі, увесь няроўна, плямамі спярэшчаны чырвоны ліст пергаменту.Мужчына сярэдніх год, вельмі падобны на таго, сівога, што спалілі сёння, магчыма брат, узяў яго ў рукі. Сказаў ужо знаёмым голасам, тым самым, што казаў “забяры нас”:– Мы выдзерлі яго з самага вялікага Евангелля, калі бралі ахвяру. І кожны пакінуў на ім кроплю крыві. Вось.Ён узняў вялікі палец левай рукі. І за ім пачалі сямтам уздымацца рукі з адстаўленымі пальцамі. Дзесяць... трыццаць... сто... яшчэ і яшчэ.– Ён чырвоны, – сказаў мужчына. – Кроў выклікае кроў. Зло не нараджае дабрыні, але гнеў і зло. Дарэмна стараюцца.Рагаты ўзняў на дзіду пергамент і падпаліў яго ад крыжа.– Гары, – хрыпата сказаў ён. – Попел – разам. Кроў – разам. Гнеў – разам.Усе моўчкі глядзелі, як скура карабацілася ў агні.– Кляніся, – сказаў рагаты, калі попел абсыпаўся на зямлю.– Клянуся за ўсіх, – сказаў мужчына. – Клянуся ў гэтым выпаленым месцы, клянуся на попеле выкрадзеных і пахаваных, што мы аддаем сваю душу, помыслы, усіх сябе і дзяцей нашых табе, Чарнабог. Навучы нас быці трывалымі, як ты, навучы нас перамагаць, як ты, навучы нас не стагнаць нават тады, калі ўся кроў у нашых жылах пачне гарэць ад іхняга жалеза, як згарэлі гэтыя кроплі. Імем тваім выракаемся Бяссілага, яго гарадоў і нават Нябеснага Града, у якіх, як і ў сэрцы слуг ягоных, як і ў іхніх гарадах, няма ні шкадавання, ні літасці, у якіх няма нічога святога, нічога чалавечага. Ён не даў нам ані кроплі святла, ані іскры надзеі. Таму рэкі нашай крыві, агонь нашай лютасці мы аддамо, каб дапамагчы табе заваліць яго, Чарнабог. Вер нам. Мы з табою да канца і, на знак гэтага, прыносім табе ахвяру.Натоўп трохі адышоў ад агню. Плечы Хрыста калаціліся.– Што з табой? – шэптам спытаў Іуда.– Які гонар! Якое беднае быдла! Якая мужнасць! Якая цемра!Перад агнявым крыжам ляжаў на плоскім камені нехта, укрыты грубай палатнінай.