Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Адкрыйце, – сказаў рагаты. – Развяжыце яму хлябала.Нехта таргануў з ляжачага покрыўку. І тут Хрыстос закрыў далонямі рот, каб міжволі не крыкнуць. На камені ляжаў генеральны камісарый доказнай інквізіцыі. Вялікая грузная туша.Калі ў яго зноў выцягнулі з рота кляп – аддаўся той самы, што і раней, жывёльны крык.– Судзіў і судзімы будзеш, – сказаў рагаты. – Кажы, што хацеў яшчэ сказаць, іначай будзе позна.– Адпусціце, – з клекатаннем у глотцы сказаў той. – Бачыце, вы ёсць. Значыць, нельга сказаць, што мы вядзём вайну з бязвіннымі. Паўсюль вайна за душы, і ў гэтай вайне я – салдат. Палонных не забіваюць.Бялявыя валасы таго, што прысягаў за ўсіх, зблытанымі кучмамі падалі на шалёныя вочы. Твар запаў у шчаках. Вусны пабялелі так, што амаль не адрозніваліся ад колеру ўсяго аблічча.– Значыць, і ерэтыкі – палонныя салдаты? – Вочы ягоныя ашклянелі. – А што робяць з імі? А знішчаныя вёскі і гарады? А разораныя краіны без людзей? Чым вінныя былі перад табою і Богам тыя, спаленыя сёння? Той стары з курачкай? Нас не было. Гэта ты нас выдумаў. Ты жорсткасцю зрабіў нас. Хто пайшоў бы сюды, каб не штурхнуў ты і твае браты ў забойстве? Можа, я? Па даносу хапаў бязвінных, гвалціў жанчын, катаваў і паліў – і ты салдат? Не было б цябе – не было б і д’ябла. За жорсткасць – жорсткасць... Рыхтуйся. Мы дамо табе хуткую смерць. Не як ты.І тады, зразумеўшы, галава доказнай інквізіцыі зноў нема закрычаў. Брат спаленага прыставіў яму нож да сэрца і налёг на рукаятку.– Не ха-чу! – крык захлынуўся ў нейкім булькаценні, змоўк.Чалавек вытаргнуў нож, ашалела паглядзеў на ўсіх.– Б-бярыце гэтую пад-длу.Ён стаяў, хістаючыся, і раптам упаў, нібы яму ўдарылі пад каленкі. Яго аднеслі. Народ стаяў у суровым маўчанні. Ціха-ціха. Пагрозна ціха. І тады рагаты падышоў да падгарэлага крыжа і адным ударам нагі паваліў яго на труп. Узляцеў ураган іскраў.– Жары... Каб яшчэ з аднаго бандзюгі не зрабілі святога.Дыван жарынак засыпаў ляжачага. Ускінулася полымя. На яго накідалі яшчэ сушняку. Вакол былі суровыя, амаль безнадзейныя, мядзяныя твары з рэзкімі чорнымі ценямі.І тут за спінамі людзей, недзе ў цемрыве, пачалі павольна біць барабаны, раўці дуды, уздыхаць бубны. Заспявалі смыкі.Палілася павольная музыка. Рытм яе ўсё пачашчаўся. У ім было нешта пагрозлівае, д’ябальскае і, аднак, поўнае жыцця, страснае.Успыхнулі раптам яшчэ два вогнішчы... Яшчэ. Разам з узрастаннем языкоў агню паскараўся тэмп гукаў.У гэтым рытме было нешта такое заразлівае, што нават Хрыстос з вялікай цяжкасцю падавіў міжвольныя рухі сваіх ног і прымусіў сябе сядзець нерухома.Усё меншыя рабіліся паўзы, усё больш прыбаўлялася мігатлівага святла. Нагія людзі пачалі павольна пагойдвацца. Натоўп, зачараваны ўсім гэтым, нібы забыў аб жыцці, аб тым, што чакала ў хатах з гною, прыйшоў у рух.Рукі шукалі другія рукі, спляталіся. Ногі пачалі спачатку павольна, а потым хутчэй і хутчэй папіраць зямлю.Яшчэ агні... Яшчэ... Усё больш нясцерпнай і д’ябальскай рабілася музыка і ўдары барабанаў. Бубны клікалі, захаплялі, вялі.І вось пацягнуўся між вогнішчаў чалавечы ланцуг. Наперадзе цягнулі за вялізныя рогі казлоў, і густы казліны мех мяшаўся з чырванню чалавечай скуры.Дуды... Трубы... Імкненне... Палёт.Усё хутчэй і хутчэй, у нястрымным карагодзе між агнёў і вакол галоўнага, нахіленыя наперад, імпэтныя. Выгукі, крыкі, сп’яненне.Рытм стаў невыносны. Ляцелі развеяныя ў неўтаймаваным палёце валасы, мільгалі ногі, рукі, закінутыя твары. Сям-там, не вытрымаўшы экстазу, бегу, шалёнага імкнення, пачыналі падаць людзі. Але ў віхуры, у вінна-крывавым святле, у ярасці і ўтрапенні, у крыках імчала няздольнае спыніцца чалавечае кола.