Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Нібы ўзнесеныя пякельным ветрам, нібы сапраўды ў вечным Дантавым карагодзе, у штохвілінным сконе і ўзлёце і як быццам у паветры, не адчуваючы нагамі зямлі, імчалі яны.Віхура, ураган, вецер саміх стагоддзяў на твары. Забыццё розуму і самога сябе. Пекла, вечнае полымя, шалёны вечны палёт самога жыцця.

Раздзел ХХVІІ

Ніколі яшчэ дагэтуль не былі яны так блізка да мэты сваіх пошукаў, як у гэты дзень. Ад мястэчка, у якое прыйшлі яны на кірмаш, было да манастыра не больш за дзень упартай, з летняга ўсходу да захаду, хады. Але ведала, што яны ідуць у гэтым напрамку, адна Магдаліна. І яна адначасова радавалася, што хутка скончыцца яе шлях, што яна выкупіць свой грэх, і незразумела тужыла.Падалі на натоўп гукі храмавага звона. Кірмаш быў як кірмаш. Мянялі, прадавалі, куплялі. Неяк асабліва добра было чуваць пасля той неймавернай, бы ў сне, ночы звычайныя чалавечыя галасы, будзённыя размовы. Апосталы радасна штурхаліся між людзей. Толькі на адным твары, на твары Хрыста, ляжаў пакутны, не ўчарашні і не пазаўчарашні роздум.Звінелі макітры. Звінелі ўедлівыя жаночыя галасы ад ятак. І нерухома, як ідал, стаяў сярод натоўпу багата апрануты крымчак з шабляй. Чалма вакол паўкруглага, з шыпам, шалома, насурмленыя бровы, пільны позірк пагардлівых халодных вачэй. Малады яшчэ, прыгожы, гарбаносы твар. Каптан стаіць лубам, відавочна, ад паддзетай кальчугі. Нязмерна шырокія ў калашынах аксамітныя шаравары не гнуцца. На нагах – пацёртыя ад страмёнаў саф’янавыя чобаты. Стаіць, нібы нічога яго не абыходзіць.На самай справе крымчак слухаў. Так сядзіць на кургане па-царску непарушны драпежны сапсан, не зварухнецца і нібы спіць, а сам чуе падземны віск землярыйкі ля падножжа.Гаварылі два мужыкі. Адзін маладзенькі, празрыста-прыгожы, з авальным іканапісным тварам, акруглым падбароддзем і некароткім носам (“Якшы, – сказаў сабе крымчак. – Для Персіі найлепшы быў бы тавар”), другі – пажылы, але моцны яшчэ, з хітрымі вачыма, тонкім кручкаватым носам і сівымі, аж снежнымі, вусамі.– Гародзенец адзін прыязджаў, – лупэткі маладога былі поўныя наіўным здзіўленнем перад дзівамі Божага свету, – то ён казаў: Хрыстос выйшаў з горада. І вось нібыта гэта якраз яны унь ходзяць па рынку. Вя-алі-кай магутнасці людзі.– Па рылу непадобна нешта, – сказаў сівавусы. – Мазурыкі, па-мойму.Татарын агледзеў вачыма апосталаў, паціснуў плячыма. Пайшоў праз натоўп да храма. Людзі расступіліся, убачыўшы страшненькага.– Бар-раны, – праз зубы сказаў крымчак.Ён ішоў незалежна, ведаючы, што закон мясцовых гарадоў – за ўсіх чужаземцаў і не дасць іх у крыўду. Ішоў і гуляў канцом аркана, прывязанага да кушака.Як гаспадар, узняўся па прыступках, увайшоў у прытвор, памкнуўся быў далей, у самы храм. Кустод стаў у яго на дарозе.– Нельга.І адразу незалежнасць нібы некуды знікла. Татарын лісліва прыклаў руку да сэрца і схіліўся, адставіўшы шырокі, расплясканы вечнай скачкай, цяжкі азадак.– З дзвярэй пагляджу, бачка, – маслена ўсміхнуўся крымчак. – Уваходзіць мне сюды скора. Зупсым скора-хутка.– Аглашэнны, ці што?– Аглы-лашэнны.– Ну, глядзі, – з сытай паблажлівасцю сказаў кустод. – Гэта ты правільна. Вера наша сапраўдная, праўдзівая.Крымчак пачаў прыглядацца да праўдзівай веры.“Ля ўвахода тоўпяцца з блюдамі, на якіх грошы, са свечкамі, абразкамі, ружанцамі.Паўсюль прыгожа і добра пахне, але на мурах, супраціўна алаху, падабенства людзей. Колькі ж гэта душ адабралі яны гэтым у жывых?! Нячыстыя!