Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Ля прыступак сядзеў з нявіннай мордай Раввуні і часам бліскавічна высоўваў наперад нагу: ставіў падножкі тым, што беглі. Пераважна тоўстым. Некаторых ён паспяваў яшчэ, падчас іхняга падзення, копнуць ступаком у азадак.Хрыстос адкінуў аркан....Перад храмам стаяў аслупянелы народ і глядзеў, як чалавек сыпле ў далоні старой залатых коней, кароў, свінняў... Крымчак убаку трымаў свой аркан і здзіўлена глядзеў на старую, на золата, на шкаляра.– Бабуля, бедная. На, купі каровы, купі ўсё. Ніхто нам, бедным, не паможа. Брэшуць усе. Брэшуць усе на свеце. Брэшуць.Малады асцярожна сціснуў сівавусаму локаць:– Кажаш – мазурык?.. А я думаю – праўду казалі. Бог прыйшоў. Бог. Мы людзі бітыя. Ніхто, акрамя Бога, не пашкадаваў бы, не ратаваў. Я іх ведаю.Татарын, пачуўшы гэта, пачаў павольна штурхацца праз натоўп да свайго каня... Ускочыў... Пусціў каня ў намёт, прэч ад храма.Юрась закрыў далонямі вочы. Усё – ад кабылы, на якой ён ляжаў, ад вогнішчаў, ад чорнай імшы і да гэтай хвіліны бою, – усё гэта перапоўніла яго. Ён не хацеў, не мог глядзець на белы свет. Пасля яго ўразіла цішыня. Павольна спаўзлі з вачэй пальцы.Людзі стаялі на каленях.

Раздзел ХХVІІІ

Татарын імчаў нагім полем, як шалёны. Двойчы перасядаў ужо на заводнага каня, даючы магчымасць другому адпачыць.Вакол было бязлюддзе. Ані душы. Колькі вокам сягнуць, нідзе не было відно ані чалавека. Толькі луналі недзе наперадзе, магчыма над нейкім ярам, крумкачы. Кружлялі чорнымі чаінкамі, але не сядалі – нешта трывожыла іх.Крымчак падумаў, узяў трохі правей і пад’ехаў да спадзістага адрожка. Дном ягоным скаціўся ў яр.Ніхто б не мог нават і падумаць, што мёртвае бязлюддзе можа быць такое падманлівае....Яр, наколькі вокам можна было акінуць да павароткі, на вярсту і напэўна яшчэ далей, быў набіты людзьмі. Стаялі нерассядланыя, калманогія конікі простых воінаў, елі сухую канюшыну арабскія скакуны сотнікаў. У большасці коней былі на нагах аўчынныя макасіны, а на храпах – перавязкі.Сядзелі і з усходняй непарушальнай цярплівасцю чакалі людзі. Ля кожнага дзесятка і сотні тырчалі ўторкнутыя ў зямлю бунчукі, падпёртыя круглымі шчытамі. Блішчэлі сталь дзід і срэбныя піхвы крывых татарскіх шабляў.З глыбокай катлавіны, выкручанай, відаць, весняй вадою, высіліся бакі, гарбатая спіна і лабастая галава велічэзнага слана. Змаршчакаватая скура ягоная была, як зямля ў засуш. Цемнаскуры пагоншчык-індыянін вохраю і кармінам наводзіў вакол ягоных вочак застрашлівыя, жоўта-барвяныя вачніцы. Зброя пагоншчыка – востры анк – і зброя слана – адпаліраваны, таўшчынёю ў руку ля пляча і даўжынёю ў два сажні ланцуг – ляжалі ўбаку. Слон уздыхаў.Крымчак спешыўся і куцалапа павалюхаў да невысокага белага шатра, каля якога сядзеў на кашме мажны, яшчэ не стары татарын. Сядзеў нерухома, як бажок, глядзеў нібы праз таго, хто падыходзіў.Малады даволі нядбала схіліўся перад ім:– Бацьку майму, цёмніку, хану Марлоры звесць. Добрая звесць.Толькі тут ля вачэй татарына склалася сетка ўсмешлівых зморшчын. Прадубленая ўсімі вятрамі і сонцамі скура ля рота і рэдкіх вусоў прыйшла ў рух:– Увесь дзень скакаў, сын мой, першародны Сялім-мурза?– Спяшаўся, бацька мой.– Дай мне, Сялім, – сказаў стары хан.Сын адкінуў потнік са спіны свайго ўспененага каня, дастаў з-пад сядла тонкі і вялікі, далоні на чатыры, скрыль сырога цёмнага мяса. Працягнуў.