Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Ты заўсёды падумаеш аб бацьку, сынок.– А як? Тры дні і тры ночы сядзець тут і не бачыць гэтага ў вочы.Каніна была смачная. Уся змачаленая і адбітая за дзень скачкі, цёмная ад добрага конскага поту і прапахлая ім. Няма на свеце лепшага паху, чым пах конскага поту, гэта ведаюць усе... Хан еў.– Сядай, сын. Нічога няма смачнейшага пад небам Алаха за такое вось мяса. Натрудзіцца за дзень. Пахне палыном, стэпам ля блакітных узгоркаў, дзе пасвяцца нашы табуны.– Ежа дзеля мужчын, о мой бацька.– Дык вось, кажы, Сялім-мурза.Малады нібы амыў далонямі твар. Мяккая, кашэчая грацыя была ў няспешных ягоных руках.– Край багаты, о айцец. – Вусны ягоныя, калі ён загаварыў, склаліся, нібы для пацалунка. – Але ў простых хатах, як заўсёды тут, можна браць ці не адных толькі рабоў. І яны рахманыя, бо дазваляюць сваім мулам, нават не воінам, браць у сябе амаль усё... Жывуць тут беларусы, трохі іудзеяў і нават татары, узятыя ў палон яшчэ ў часы Бату і пазней.– Гэтых знішчыць, – сказаў хан. – Убраць з гэтага свету. Гэта будзе лепей дзеля іх. Магаметанін, па закону прарока, павінен аддаваць перавагу смерці перад палонам. Яны ўжо не мужчыны.– Грэх.– Прымусь іх забіваць няверных. Пасля няверныя заб’юць іх. Тады нашы трапяць у рай за забойства хрысціянскіх сабак, а хрысціянскія сабакі пойдуць у эдэм да свайго Бога, бо той загадаў ім знішчаць няверных.Марлора засмяяўся свайму жарту.– Усім будзе якшы.– Усё золата маюць яны ў іхніх мячэцях. Добра гэта зрабілі яны дзеля нас... Варта п’е. Ханы – журботныя галавою.– Ханы ў іх заўсёды журботныя галавою.– Крэпасці недагледжаныя. Вельмі проста будзе прайсціся ступою гневу і жаху па кіліме іхняй пакорлівасці, ператварыць іхнюю зямлю ў попел адчаю і размятаць яго нашымі арканамі.Марлора аддзёр кавалак мяса і запхнуў яго ў рот сыну, які прыплюшчыў дзеля гэтага вочы і па-гусінаму выцягнуў шыю.– За добрыя звесці. Ідзі ў Га-ро-ды-ну. Скажы – не будзе ясаку, не будзе рабоў, не будзе золата, не будзе саф’яну, славутага ў гэтай зямлі, мы вырабім саф’ян з іхняй шкуры.– Ёсць і сумнае, – сказаў мурза. – У іх... толькі што... Толькі што ў іх аб’явіўся і сышоў на зямлю іхні Бог. Іса бен Марыям-мн, Іса Кірысту.– Ты бачыў? – непачціва спытаў хан.– Як цябе. Ён узяў у мяне аркан. Разам з адным сваім прарокам ён разагнаў гэтым арканам цэлы натоўп. Хто яшчэ можа такое?– Б-бог, – хан мацаў аркан. – Няма Бога, акрамя алаха. Але памятай, нават Бату пазбягаў бурыць шатры чужых багоў. Мала што! Гэт-та можа несці вецер небяспекі. Калі сутыкнёмся – Бога браць першага. Нават калі наперадзе бой... Скачы ў Га-ро-ды-ну, сын.Сялім ускінуўся на каня. Хан усміхнуўся яму:– Гаворка гаворкай, пасольства пасольствам і ясак ясакам. Але я думаю: нам няма чаго марудзіць. Жах – харошы памочнік. А дадуць згоду на даніну – мы спынім тады.– Згода.І, калі мурза крануў з месца, хан пляснуў у далоні:– Збор!Глуха заракаталі бубны. Стан прыйшоў у рух.

Раздзел ХХІХ

Усяго праз два дні гэты самы грукат нясцерпна рассыпаўся над дамамі і вуліцамі Гародні. Нясцерпна, хаця тут яго вывяргалі ўсяго два барабаны і з дзесятак бубнаў у руках варты.Гук быў нясцерпны, таму што вялікая, мёртвая цішыня стаяла на поўных народам вуліцах горада.Ішлі пасланцы ад крымчакоў, а гэта азначала, што і сама арда недзе тут і ўжо льецца кроў, ляскаюць, бразгочуць мячы, свісцяць арканы і лямант стаіць у паветры.