Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

З жахам глядзелі на чужынцаў дзеці, з бязмернай агідаю жанчыны, з гневам – бо хто ж іх калі-небудзь зваў на Белую Русь – мужыкі і мяшчане.Што праўда, татар прымусілі спешыцца яшчэ на Малой Скідзельскай, але ім пакінулі ўсё, нават бубны. І вось пабедныя, варварскія гукі чужой музыкі, той, якую памежныя людзі снілі нават уначы, агалошвалі Ростань, пасля Старую вуліцу, пасля Стары рынак. Ніхто не папярэдзіў аб з’яўленні крымчакоў ні раду, ні нават духоўны суд, што якраз сядзеў у палацавай царкве, у першым усходнім нефе замка. Татарын загадаў тысячніку Карнілу не цягнуць гадзінамі і днямі, калі не хоча, каб ягоная тысяча сустрэлася з цьмою, а адразу весці яго “да ўладароў”. Іначай будзе горш. Кожная хвіліна – лішняе спаленае сяло.І Карніла вырашыў весці мурзу на сваю адказнасць.Ударалі, грукаталі бубны. І ішоў, валюхаючыся, паперадзе сваёй дзікай вобразам варты пасыльны татарын. Ногі ў ботах з загнутымі насамі ўпэўнена папіралі зямлю. Адна рука – на эфесе, другая – абаранкам на тугіх вітках аркана. Галава закінута, вочы глядзяць зверху ўніз. І нахабна, пагардліва ўсміхаецца рот.Толькі аднойчы вытрымка здрадзіла яму. Убачыў залатыя кісці рук і даўжэзныя вусы Ціхона, і яны так уразілі яго, што ён засмяяўся і ўхапіўся за іх, нібы дзіця за цацку.– Доб-ры баран. Мой будыш!Сябры кінуліся былі на крымчака. Гіаў развярнуўся быў, каб даць. Вястун узняў молат. Але тут замкавая варта, якая суправаджала пасланцоў, выставіла дзіды і гізаўры.– Вы што, хамы? – спытаў тысячнік. – Пасла?!...А славуты гародзенскі сінкліт сядзеў між тым у паўночным прытворы дварцовай царквы і анічога не ведаў пра нечаканую “радасць”, якую рыхтаваў яму лёс.Перад пачцівымі і высакароднымі раснікамі стаяў ганец, запылены да таго, што здавалася, нібы ён усё жыццё дагэтуль пражыў на млыне. І вось яго выцягнулі адтуль і, сяк-так пачысціўшы (бракавала часу), даслалі з даручэннем.– Трэба пахваліць вашу службу, – вельмі ціха сказаў Лотр Фларыяну Басяцкаму. – І як вашы галубы?– Прыляцелі, – змрочна сказаў праезуіт.– Цікава, – сказаў Лотр. – Цікава было б ведаць, чаму вы ўважылі за лепшае ўвесці нас у зман наконт таго, што ўсё добра, пакінуўшы пры сабе весткі аб падзеях у Наваградку, аб спробе перашкодзіць святой службе, аб тым, што знік генеральны камісарый і што ў знікненні гэтым, магчыма, таксама вінаваты яны? Урэшце аб апошніх падзеях... Гэта была ваша ідэя з галубамі?.. Вы штосьці ўжылі?– Ужыў, – змрочна сказаў мніх-каплан.– Цікава было б ведаць, што?– Я ўжыў гэтых галубоў. Смажаных у масле. Памятаеце? Вы яшчэ памаглі мне іх ужываць. Было смачна. Магу таксама нагадаць, што была серада.Кардынал папярхнуўся.– Калі ласка, – амаль бязгучна сказаў ён, – маўчыце.– Чаго мне маўчаць, калі не маўчыце вы?– Але ж...Твар каплана абцягнуўся скурай. Бязлітасна і жорстка ён сказаў:– Галубы вярнуліся без запісак.– Можа...– Усе тры галубы вярнуліся без запісак, – паўтарыў мніх.– Магдаліна? – узняў Лотр непаразумелыя вочы.– А вось гэта ўжо была ваша ідэя, – зваліў правіну на кардынала дамініканец. – Я толькі выказаў меркаванне “а можа”. І тут вы ўхапіліся за яго, як клірык за бутэльку, як папа Аляксандр VІ за ўласную дачку, як п’яны за плот...– Хопіць, – сказаў Лотр. – Давайце дзейнічаць.Фларыян Басяцкі кашлянуў і ласкава звярнуўся да ганца:– Дык што ж гэта ты нам такое сказаў? Як гэта гандляроў разагнаў?! Як дазволілі?