Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

І тут уставіў свае тры грошы Рыгор Гародзенскі, у міру Гіляр Балвановіч:– Самі казалі: “махляр”, “бяспечны”.– Быў бяспечны, – сказаў мніх. – Быў.– Гаворыш чорт ведае што, – сказаў біскуп Камар. – Гэта што ж будзе, калі кожны вось так, у храм? Разважаць трэба. – “Брыда перад Богам – чалавек разважлівы”, – як заўсёды, ні з пушчы ні з поля падаў голас войт.Ганец пакутліва баяўся прынесеных кепскіх вестак.– Айцы, – сказаў ён, – і гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ кажуць, нібы заўважылі татар. Татары ідуць.– Змоўч! – успыліў Лотр. – “Нібы-ы”, “нібы-ы”. Татары прыйшлі і пойдуць. А той, хто замахваецца на народныя святыні, гэта табе не татары?Варухнуўся ў цёмным куту бурмістр Юстын. Расплюшчыў вочы. Хацеў быў сказаць, але толькі злосна падумаў:“Ясна, чаму вы так. Вас нават у рабы не возьмуць па поўнай няздатнасці, няробы. То вам што?!”І зноў пад скобкаю валасоў згаснулі вуголлі ягоных вачэй.– Ты разумееш, на якія асновы ён замахнуўся?! – пабарвавеў Лотр.Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася для ганца, каб не пачуліся на пераходах крокі, нейкія прыглушаныя ўдары і бразгат. Усе насцеражыліся. Пачулася нешта накшталт пералаю. Карнілаў голас угаворваў кагосьці трохі пачакаць. Пасля тысячнік увайшоў, але не паспелі яны спытаць у яго, што здарылася, як з грукатам адчыніліся дзверы. Лінула ў царкву дзікая какафонія гукаў. Бубны аж захлыналіся ў бразганні і гулкіх ударах.Мурза Сялім увайшоў на напаўсагнутых нагах, бязгучна, як кот, і адначасова нахабна. Таргануў тысячніка за нос на знак таго, што ўсё ж паставіў на сваім.Агледзеў царкву. Здзёр дарогаю з іконы бясцэнныя “абяцаныя” каралі з рубінаў, пацмокаў языком і запхнуў у запазуху.Пасля асцярожна падышоў да “врат”, прыслухаўся, ударам нагі расчыніў іх. Агледзеў бегаючымі вачыма.– Што? – рэзка спытаў у талмача.– Прастол.Мурза нібы ўспамінаў нешта. Пасля ўсміхнуўся высакамерна і ўскінуў галаву:– Прастол. Сыдзець тут хачу.І сеў.– Мыня слухай, уладары Га-ро-ды-на. Кіназ Джыкамон няма – вы кіназ... Ваш адказ... што трэба аддасцё – татар не пойдуць. Што трэба не дасцё – татар пойдуць. І пыл ад Гародына дасягне неба. І смурод ад гэтай зямлі дасягне неба. Белы кіназтва – будзе кара, чорны кіназтва.У адказ лягло маўчанне. На тварах людзей у прытворы нельга было нічога прачытаць. У вачах людзей з варты ясна чыталіся абраза, невымоўная агіда, жах і гнеў.Мурза выцягнуў вусны, нібы для пацалунка, узняў руку, сціснутую ў кулак, і павольна пачаў адгінаць пальцы. Адзін за адным.– Залатых чатыры цьмы, па адным на воіна, бо сорак тысяч нас. Рабоў чатыры цьмы – на кожнага воіна раб. І цьма рабоў – мурзам і хану. І дзве цьмы залатых – мурзам і хану... І коней – чатыры і чатыры цьмы. І быдла – чатыры і чатыры цьмы. – Ён паказаў на аклады. – І золата яшчэ вось такога чатыры гарбы, бо яно блішчыць.– Мы не з багатых, – сказаў Лотр. – І ў сціплай беднасці жывём.– Твар твой – пятка, што не мае сораму, – выскаліўся крымчак. – Таму што не чырванее пятка. Што маніш? Глядзі!Па мурах, іконах, статуях плыло золата. Уладары маўчалі. Сялім павольна выцягваў шаблю з піхваў. Яна выпаўзала з іх амаль нябачнымі рыўцамі, як змяя.– Імгненне кожнае прыбаўляе да вашай даніны. Я вырву шаблю, і што тады ўратуе вас?.. Імгненне кожнае прыбаўляе... Бо татары – пайшлі!І такая нахабная сіла была ў гэтым голасе і ў павольным выпаўзанні сталі, што ўсе нібы пачулі далёкае гіканне, несамавіты гул бубнаў, рыданні вярблюдаў і аслоў і шалёны пошчак капытоў нялічанай арды.