Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Шабля выпаўзла амаль да канца.– Дан, – выскаліўся мурза. – Дан давай – жыць будзеш.Людзі ў прытворы пераглянуліся. І тут Басяцкі ласкава, з адчуваннем сваёй годнасці ўзняў руку:– Стой.Мурза ўсміхнуўся і з ляскам закінуў шаблю назад у піхвы.– Не пагражай нам, мурза. Мы досыць моцныя, каб растаптаць вас.Варта ля дзвярэй ускінула галовы.– І калі мы ўсё ж дамо табе тое, аб чым просіш, то не з боязі, – плоскія вочы смяяліся, – а таму, што так загадвае нам наш Бог. Сказана бо ў Мацея: “І хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку – аддай яму і верхнюю вопратку”.– Добрая вера, – сказаў мурза. – Зручная для моцнага вера.– Ты што ж, не кранеш тады зямлі? – спытаў Грынь Балвановіч.– Нашто “зямлі”? В а ш а й зямлі не крану.Сінкліт думаў.“Прасяшчаму ў цябе – дай”, – ціха сказаў Лотр.– Па вазе дай, – сказаў крымчак.Жаба ціха забубніў:– Няверныя вагі, сказаў Саламон, брыда перад Панам Богам, але правільная вага жаданая яму.– І жанчын дайце нам. Бо нам патрэбны жанчыны. Нараджаць моцных ваякаў... дзеля нашай веры.Кардынал і мніх пераглянуліся. Зразумеў іх таксама біскуп.– Хіба што... некалькі манастыроў, – узняў ён грозныя бровы. – Усё адно з манашак талковага, як з кошкі воўны.Мніх ціха сказаў:– Машкаўскі... Ігуменні сказаць, каб каго ўжо каго, а тую выдала басурманам, – і ўсміхнуўся. – Нічога, яны там з іхнім вопытам не адну, а тры арды адразу знутры раскладуць.Татарын глядзеў на тых, што шапталіся, чакаў.– Дамо, – сказаў Лотр. – Толькі каб зберагчы мір.– Будзе мір, – падступна ўсміхнуўся крымчак.Карніла зашаптаў Лотру на вуха:– А як падмануць? Грошыкі ж на рамонт мура ля Лідскай брамы вечна нехта ў кішэнь?..– Ну-ну.– А мур там такі, што я кожны раз з жахам гляджу, калі да яго сабакі падыходзяць ды падмываюць. Грошай не даяце.– Рада хай плоціць, – сказаў кардынал.– Вы аднойчы ўжо магістрацкія грошы цю-у, – сказаў, дачуўшыся, Юстын. – А гарадская рада заўсёды была бедная, як царкоўны... прабачце, як магістрацкі пацук.– Тым больш адкупіцца трэба, – бязгучна сказаў Лотр і ўголас дадаў: – Мы пакажам табе, дзе вы будзеце мець права браць жанчын, мурза. Першым можаце Машкаўскі кляштар...У гэты момант моцна аддаўся пад гатычнымі скляпеннямі гук смачнага пляўка.Плюнуў малады чалавек год дваццаці пяці, які стаяў сярод варты. Худы, але цыбаты і моцны, у цяжкіх латах ад шыі да ног (шлем ён пачціва трымаў у руцэ, і доўгія попельныя валасы ягоныя ляжалі на сталёвых наплечніках), ён цяпер выціраў тыльным бокам вузкай і моцнай далоні вялікі і цвёрды рот, рот утрапёнага.Шэрыя, прыгожай формы вочы глядзелі з абурэннем, саркастычнай усмешкай і амаль з фанатычным гневам. Просты нос нібы акасцянеў.– Тфу!– Гэй, ты гэта што, у храме?.. – спытаў Карніла.– Кар-чма гэта, а не храм, – кінуў чалавек. – Таргі! Хто са мною? Мы ім...Некалькі чалавек рушылі за ім.– Будуць ваяваць? – занепакоена спытаў мурза.– Адступнікі, – сказаў Лотр. – Сказана – “не забі”. Тысячнік, загадай, калі скончым, замкнуць браму і не выпускаць з горада мяшчан.Так завяршыўся самы ганебны торг з басурманамі, які калі-небудзь ведала Зямля Белай Русі. З тым, хто плюнуў, з правадыром асуджанага заслону, паспела выйсці, дзеля ўратавання сумлення і гонару, не больш як за трыста – чатырыста чалавек, пераважна без коней. Выйшлі на верную смерць.У гонар гародзенцаў варта сказаць і тое, што пасля таго, як тысячнік зачыніў брамы, нешта чалавек каля пяцідзесяці ўмудрылася спусціцца з муроў і ўсё ж уцячы за раццю.