Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Раздзел ХХХ

“І ўторгнуліся, і ўварваліся татараве крымскія ў нашы краі, і здарылася так, што не было ім, папушчэннем Божым, заслоны, і рассыпаліся яны там і там. О войска вялікае, шмат тысячаў ездных! О гора вялікае! Не спадзяваліся на тое, заўжды з пакораю Бога вялікага аб міры і спакою просячы, пры міры жывучы.І зямля гарэла, і хаты, і людзей у палон вялі, і клейны на лоб ставілі, як быдлу.І рассыпаліся татараве па зямлі нашай, як саранча, аб якой у адкравенні святога Яна Багаслова, Апакаліпсісе тож, прарочана. Усё, бы ў яго, спраўдзілася. Па абліччу нават: “Па выгляду свайму саранча была падобная коням, падрыхтаваным на вайну; і на галовах яе як бы вянцы, падобныя на залатыя, твары ж яе – як твары чалавечыя. На ёй былі броні, як бы броні зялезныя, а шум ад крылаў яе – як грукат ад калясніц, калі мноства коней бяжыць на вайну”. І спраўдзілася тое, што: “У тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе; пажадаюць памерці, але смерць уцячэ ад іх”.Але яшчэ страшней было за Апакаліпсіс. Бо ішлі яны, ляцелі яны, а разам з імі ляцеў звер з бязодні, рачоны слонь. Лаціньцы кажуць – лефант, а нашое – слонь. Тая слонь таўстамясая, упоперак сябе таўсцейшая, у вышыню сябе даўжэйшая, ногі – нібы дрэвы і тоўстыя, як кадзь, бязпоўстая, страхавыглядная, вялікагаловая, гарбаспінная, з азадкам віслым, бы ў мядзведзя (без поўсці толькі), і хадою, як мядзведзь, і замест носа як нібы хвост і два зубы, як у дзіка, гэтак і сяк і ўгору, і вушы, нібы колдры, а ў носе – хвасце – чэп пабіваючая.Дужа зверападобная і жаху падобная слонь!Змялі яны са слонню людзей, і ляцелі, і палілі. І ўцякалі ад іх бедныя і багатыя, і царкоўныя людзі кідалі ўсё і ўцякалі.З усіх расафорных – здзіўленне! – адзін дыякан Нясвізкай драўлянай Сафіі, што зачыняе пяцідзённы Нясвізкі славуты кірмаш, царквы драўлянай не па беднасці, а па смірэнню свайму, выявіўся чалавекам. Катавалі. Пэцкалі мёдам і садзілі на сонца, дзе мухі і восы. Душылі між дошкамі. Палілі. Трэскі забівалі пад кіпці. Але ён, пакуту смяротную прыняўшы ад паганых, ні тайніка скарбнага, ані ўвахода ў хады падземныя і пячоры, дзе хаваліся людзі, не паказаў. І тады прывязалі яго да дзікіх коней і пусцілі ў поле.А людзей у пячорах сядзела, можа, тысяча. А імя дыякана было Аўтроп”.Палалі вёскі, палалі гарады. Бурыліся ў агні драўляныя вежы крэпасцяў. З гіканнем, пад гул бубнаў імчалі коннікі. Луналі бунчукі. Жудасным, страшэнным воблакам стаяў пыл. Рыдалі вярблюды і аслы.Гналі на арканах напаўголых людзей, жанчын з сінякамі на грудзях. Забаранялі здымаць з палонных толькі крыжы. Таму што адзін, калі здзёрлі з яго, сцягнуў крымчака з сядла і ўдарыў кайданамі па галаве, і тады Марлора – хан – успомніў завет і забараніў. А таму, хто ўдарыў, увагналі ў жывот стралу і кінулі.І ўсіх мецілі. Падносілі клейну да лоба, стукалі па ёй, і заставаўся на лбе крывавы татарскі знак.Лупілі, луп цягнулі. Лямантуючы, імчалі орды. А паперадзе іх, матляючы ланцугом, бег баявы слон.Пажары... Пажары... Пажары... Цягнуліся гарбы і фуры з данінай, цягнуліся рабы.А ў горадзе гарадоў цягнуліся набажэнствы, цягнуліся малебны. У Дамініканскім касцёле... У касцёле францысканаў... у простай, белай знутры, Каложы.І адны ў дамініканаў казалі:– А я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, хто праклінае вас, чыніце дабро тым, хто ненавідзіць вас, і маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас і гоніць вас.