Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Бог у вас, кажуць, з’явіўся? Ён дзе? Што робіць?– Ягоная справа. Ён жывы. А я хачу памерці.Марлора ўзмахнуў рукою. Слон апусціу нагу.

Раздзел ХХХІ

Нешта дні праз тры пасля бітвы на вапняковай пусташы апосталы пад началам Хрыста падыходзілі да невялічкага манастыра сярод дубовых гаёў і палёў канюшыны. Рачулка абкружала падножжа ўзгорка, на якім ён стаяў. Перагароджаная ў некалькіх месцах грэблямі, яна ўтварала тры-чатыры стаўкі, што адбівалі бляклае падвячэрняе неба.Трынаццаць мужчын і жанчына ішлі над вадою, успуджвалі з дзікіх макаў конікаў і думалі толькі аб тым, каб дзе-небудзь знайсці прытулак.Да іх даходзілі чуткі аб з’яўленні на поўдні татар. І хаця яны не верылі, што ніхто іх не сустрэне, што той жа самы Лотр не ўзніме супраць іх людзей, – даводзілася берагчыся. Цяпер нельга было начаваць у безабаронных хатах або ў чыстым полі. Трэба было забірацца глыбей у лес. Але тут і лясы былі дагледжаныя, чыстыя ад лаўжоў і ветрабою.Да таго ж яны не маглі доўга сядзець у бязлюдным месцы. Людзі – гэта быў хлеб, які ім, хай сабе і нячаста і не памногу, удавалася купляць.Таму сёння, убачыўшы белую цацку кляштара, Юрась узрадаваўся. Можна заначаваць пад мурамі. Калі ўначы здарыцца татарын – няўжо не пусцяць нават у жаночы? Быць таго не можа. Манастыры ж таму і будуюць, для прытулку.А раніцай можна будзе купіць хлеба, а можа, і рыбы (бач, якія ставы, неадменна ў іх будуць і лін, і цёмна-залаты, з блюда, манастырскі карась і вугор). І Юрась аддаў загад раскінуцца табарам пад пяццю-шасцю вялізнымі дубамі, амаль каля муроў. Калі пад дубы нацягалі сена, калі гаршчок з капустай пачаў балбатаць на агні, Юрась заўважыў, што Магдаліне нібы неяк непамысна.– Ты што, нядужыш?– Трохі ёсць.– Тады кладзіся на сена ды накрыйся. Я табе капусты сам прынясу.– Дзякуй табе, пане мой.Яна лягла пад плашч. Ёй сапраўды было непамысна, але не ад нядужнасці. Прыплюшчыўшы вочы, яна слухала размовы і... баялася. Вось вярнуўся з ахапкай лаўжоў целяпень Піліп з Віфсаіды.– Што за кляштар? – спытаў абыякава Хрыстос.– Гэна... Машкаўскі нейкі... У імя Марты і той... Марылі.Магдаліна здрыганулася пад плашчом. Яна ведала гэта. Толькі мур аддзяляе яго ад той.– Цікавы кляштар, – сказаў Хрыстос. – Бач, Магдаліна, што на мурах.На нізкім, у паўтара чалавечых роста, знешнім муры стаялі драўляныя, у натуральны рост, статуі. Прапорцыі іхнія былі парушаны: тулавы тоўстыя, мясістыя, вочы вырачаныя, галовы вялікія. Статуі былі пафарбаваныя ў ружовы (твары), чорны або рыжы (валасы), сіні, блакітны, чырвоны і ліловы (вопратка) густыя колеры. У большасці былі разяўленыя раты, і каля іх нешта вілося. Накшталт дымка. Так было ў святой Цэцыліі, святых Катарыны і Ганны. Сярод іх стаяў святы Мікола з люлькай, і ў таго дымок віўся над цыбуком. У драўлянага Хрыста дым круціўся над прыціснутай да сэрца і трохі адстаўленай далонню.Раты, цыбукі і далоні былі ляткамі, статуі – вуллямі, дымок – пчоламі.Святыя глядзелі на Магдаліну няўхвальна. Яна не ведала, трызніць яна ці не. Стаялі вакол ідалы, калыхаўся дуб (а мо то было дрэва Дабрыні і Зла?), звешваўся і варушыўся ў паветры вялізны льсняны змей, падобны на тоўстую даўжэзную каўбасу.У жаху расплюшчыла вочы і ўбачыла, што гэта не змей, што гэта Сіла Гарнец, Якуб Зеведзееў, плямкае платаядным ротам і блішчыць самовымі вочкамі, паказваючы Хрысту здаравеннага лілаватага вугра.