Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

У кошыку ў яго было яшчэ некалькі драбнейшых: цішком налавіў у стаўку.– З-змей! Гэта каб тая конаўка дурная, Пятро... куды яму? А тут яго спячы на вуголлях – м-мух! А вэнджаны ж які! Няма, братка, дзе завэндзіць. Жытка наша, жытка, уюны ёй у пуза.“Ну і што? Існуе недзе Лотр. Дагэтуль не спаймаў. Можна зашыцца так глыбока, што й не спаймае. Цэлыя вёскі жывуць у пушчах і ніколі не бачаць чалавека ўлады. Можна ўцячы на Палессе, у страшныя Сафіёўскія лясы пад Воршай, да вольнай памежнай варты, да панцырных баяр. Яны прымуць. Яны любяць смелых, хаваюць іх, запісваюць да сябе”.Чаго яна павінна, уважаючы на іх правялебнасць Лотра, маўчаць? Трэба сказаць яму, што Анея тут, выкрасці яе або ўзяць сілай, дарогаю вырваць з кіпцюроў ханжэй і прагнага бацькі Ратму і ўцякаць да панцырных баяр. Хата ў лесе за частаколам, зброя, наводдаль вышка з дровамі і смалою. Можна жыць так дваццаць – трыццаць год, падрастуць дзеці і пойдуць вартаваць замест бацькі. Будуць волаты... А можна і праз тры гады ляснуць – як пашанцуе. Убачыць здалёк агні, запаліць свой, убачыць, як за дзве вярсты ад цябе ўстане яшчэ адзін чорны дымавы султан. І тады спусціцца і за ваўчынымі ямамі і заваламі з лукамі і самастрэламі чакаць ворага, біцца з ім, трымаць да падыходу другіх чарнарукіх, прапахлых смалою і порахам “баяр”.Затое звычайная раніца, Божа мой! Роўны шум пушчы, сонца падае ў акенца, у залатой пляме святла на свежавымытай падлозе гуляе з клубком кацяня. Ратма, хай сабе і не дужа каханы, але звыклы, свой, вечна свой, есць за сталом гарачыя, падрумяненыя ў печы калдуны.Або ноч. Ціха. Зоры. І той самы вечны лясны шум. Трохі нядужыцца, і ад гэтага яшчэ лепей. Толькі страшэнна хочацца піць. І вось Ратма ўстае, шорстка чэрпае ваду. І яна адчувае ў вуснах паліваны край конаўкі. І Ратма кажа голасам Хрыста “папі”, і чамусьці адразу цёплая, гарачая хваля коціцца па ўсім целе. Такая, што яна ад здзіўлення ледзь не губляе прытомнасць. А можа, гэта не ад здзіўлення?– Ты прасіла піць? – сказаў Хрыстос. – Пі. Напілася? То зараз еш. Капуста, халера на яе, такая ядраная.Яна маўчала, каб даўжэй затрымаць у сабе тое, што абудзіла яе.– Гэ, ды ты зусім паганая. Кепская, як беларускае жыццё. Ну, давай нагадую.Ён шарпаў лыжкай у місе. Пасля яна адчула зубамі мяккае і пахучае грушавае дрэва, смак гарачай, жывушча-вадкай, наперчанай капусты. Яна спаймала сябе на думцы, што з тых часоў, калі жывыя яшчэ былі бацькі, калі сама была малая – не было так спакойна, добра і даверліва.– Ну вось, – сказаў ён. – Спі. Засмажым рыбу – тады ўжо...І яна сапраўды як правалілася ў дрымоту. Здалёк даносіліся глухія гукі размовы. Часам прытомнасць вярталася, і тады адна-дзве думкі праплывалі ў галаве, і яна адчувала, што лёгкая нібы нядужасць, боязь і дрыгота пакідаюць яе. Ад сну на паветры, ад гукаў вечара, ад прысутнасці гэтага чалавека побач.Юрась глядзеў на ставы, на сініх стракоз, што лёталі над вадою, на твар той, што спала. Дзіўна, нешта клікала яго, нешта нібы не давала сядзець на месцы, але вечар супакойваў і прымушаў сядзець. З манастырскай брамы выйшлі некалькі дзесяткаў маладых манахінь у белым, чарнабровыя, зіркатыя. У адной на плячы была лютня.Сваім надзіва чуйным слыхам ён чуў гучныя, над вадой, урыўкі размовы:– Чаго гэта яна і сёння ўдабрухалася ды нас выпусціла? І ўжо трэці дзень.– І ў ігуменняў...– Сэрца... Ведаем мы, што за сэрца...