Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Паклічу – і ён прыскача з мячом,Ён кіне хаты ў бары,За яго магутным белым канёмСотня коннікаў спусціцца з грыў.Як архангел, ён прыйдзе да гэтых муроў,Затрубіць – падуць муры.І няхай тады маё сэрца згарыць,Няхай маё сэрца згарыць.“Любы, – моўчкі маліла яна. – Нахіліся, абдымі, мне ўжо нельга. Нават грубасць, абы не абыякавасць. Я ўжо больш не магу жыць без гэтага майго кахання, без гэтай журбы”.Яшчэ імгненне, і яна сказала б гэта ўголас. І хто ведае, чым бы гэта скончылася. Таму што яна кахала, а ён ужо некалькі тыдняў назад паверыў, што нікога не знойдзе і што мечнікава дачка сапраўды ці не здрадзіла яму.Але ў гэты час мяккі вячэрні прыцемак прарэзаў шматгалосы дзявочы віск і крыкі.– Што ў іх там? – устаў Хрыстос. – Вось, чэрці, валандаюцца паўсюль, швэндаюцца, як сабакі.Крыкі і віск змоўклі.– Неадменна гэта яны раней часу ад тэорыі да практыкі перайшлі, – сказаў Хрыстос. – Ах, беларускі народ, беларускі народ! Слабаваты ў тэорыі, дурны. І не вучыцца.Галас між тым узняўся зноў. Шалёны, быццам жанчын там, у гаі, атачылі полчышчы мышэй.Крык набліжаўся. Хрыстос глядзеў у той бок, якраз на захад, і раптам зразумеў, што гэта не проста паласа заранкі гарыць на даляглядзе. Так, гэта была заранка. І, аднак, не толькі заранка. Барва яе сям-там варушылася, была больш дымная, чым трэба. Амаль як захад у жорсткі мароз.Раптам ён зразумеў. І ўжо не мог уцяміць, чаму не бачыў, калі не разумеў. На захадзе, у водсветах заранкі, недзе далёка шугала полымя. Нешта гарэла зырка і безнадзейна.Пасля ён убачыў іх. Да муроў здалёк бегла некалькі дзесяткаў мужчын і жанчын у белым. Уцякалі шалёна, запінаючыся, падаючы і зноў ускакваючы на ногі. Уцякалі ва ўсе лапаткі, наўскач, унамёт, як можна ўцякаць толькі ад чагосьці смяротна небяспечнага і пачварнага.Пасля даволі далёка за імі з’явілася нейкая цьмяная маса. Некаторы час ён не мог зразумець, што. А пасля ўбачыў бляск сталі, хвастатыя бунчукі, грывастыя цені коней – і зразумеў.Тыя, хто бег, маглі ўцячы. Трэба толькі, каб была адчынена брама.Ён схапіў Магдаліну, паставіў яе ногі сабе на плечы, а пасля выцягнуў рукі ўгору, як мог:– Скачы, за вонкавы мур! Скачы!!!– Я не...– Рукі мне развязваеш! Скачы!Магдаліна пераскочыла.– Бяжы да ўнутранай брамы! Грукай! Кліч!Сам ён кінуўся да брамы ў гэтым вонкавым, нізкім муры. Схапіў за вяроўку звона, якім выклікалі сястру-брамніцу. Ударыў раз, другі, трэці... З усёй сілы, блізка ўжо, з усіх ног ляцелі ўцекачы. А за імі, проста з зарыва, імчала арда, сотні дзве татар.– Ігі-гі! Ігі-гі! Адзя-адзя! Ігі-гі-і-і! – віск іхні холадам аддаваўся ў спіне....Ігумення ў сваёй келлі пачула гэта і ўзняла галаву з ложка.– Ну вось, здаецца, усё кончана.Чалавек, што ляжаў побач з ёй, той самы волат Пархвер, што калісьці вёў Хрыста і апосталаў на катаванне, ляніва расплюшчыў вялікія сінія вочы:– Ну і добра. Нездарма я табе загад прывёз ды тры дні выканання чакаў.– А мне грэх, – сказала тая адзяваючыся.– Тры дні – і ўжо грэх, – усміхнуўся той.– Я ж не аб тым, – ігумення пагладзіла яго мокрыя залатыя валасы. – Я ж іх сама тры дні адпускала. У нейкі з іх, маўляў, і схопяць.– Ты не спяшаешся?– А чаго? Я дык і ўвогуле з гэтай справай не спяшалася. Адзін дзень не прыйшлі па іх – ах, як добра! Другі – ну, проста цудоўна! Трэці... І каб яшчэ не прыходзілі – дзякуй Богу. Я ж ведаю, хіба ты на мяне паквапіўся б? Так проста, ад нуды тры дні чакаючы. Ды яшчэ ў суседняй келлі замкнёны.