Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Магутныя грудзі Пархвера затрэсліся.– Ерась! – з паблажлівай ласкавасцю сказаў ён. – Ты баба нішто. Проста мне, відаць, усё жыццё ад адной да другой ісці. Пажартаваў Бог, надзяліў расточкам. Абдымаешся недзе ў гаю, а яна табе добра як пад дыхалам галавою... А што, ёсць, пэўна, краіна волатак?– Пэўна, ёсць... Добра, пойдзеш дык пойдзеш. Хадзем, дзеўку тую з вежы выпусцім.– Хадзем. А як ты яе вытурыш?– А проста. Выведзем за вялікі мур, а пасля я з-за яго калаўротам браму вонкавага падыму. Не думай, спаймаюць.– А нас яны не спаймаюць?– У той вежы спаймаюць? Глупства! Там адному можна супраць усёй арды пратрымацца. Прыпасаў хопіць, – яна ўсміхнулася. – Вось і пасядзім.– Ну-ну, разышлася.– Я цябе, галубок, не трымаю. Спатрэбіцца – у той самы дзень ходам выведу – і гані ў Гародню... калі дарогаю нехрысці не перахопяць.Яны выйшлі.Хрыстос усё яшчэ кідаўся каля мура. У вочка брамы ўбачыў твар Магдаліны.– Не адчыняюць!– Бяжы, – голас у яго адзічаў. – Бі, грукай, рукі разбі – дастукайся!Зноў пачаў шалёна торгаць вяроўку звона.Між уцекачамі і коннікамі ўсё яшчэ была адлегласць. Хрыстос не ведаў, што яны былі ўпэўнены ў тым, што браму не адчыняць, і таму не спяшаліся. Дый лезці на ражон не хацелася: Тумаш і яшчэ пара апосталаў часам спыняліся і кідалі ў коннікаў камяні.Але дзверы не адчынялі, а ён ужо бачыў не толькі твары сваіх, а і твары крымчакоў, збольшага шырокія і мускулістыя, гарбаносыя, з ашчэранымі пашчамі. Шаломы – місюркі, малахаі, халаты паўзверх кальчуг, чоўнікі страмёнаў.Ноздры ягоныя лавілі ўжо нават пах ворага: дзікі, чужы, сумесь палыну, барановага лою, пранасцяў, поту і яшчэ чагосьці.– І-гі-гі! І-гі-гі!І раптам ён усім нутром зразумеў: не адчыняць. Збаяліся або намер такі, чорт яго ведае, дзеля чаго. Цяпер і самому не ўскочыш. І, значыцца, усе трапілі ў пастку, і ён таксама. Калодка на шыі, ланцугі, аркан, шлях у Кафу. Вось і канец твой, ілжэ-Хрыстос. І няма чаго з надзеяй глядзець на неба, не дапаможаЗахэканыя, чырвоныя ад напругі твары з дзікім выразам жаху былі ўжо блізка. Нават калі б яны пачалі падсаджваць людзей – перш за ўсё жанчын – на мур, яны паспелі б падсадзіць ад сілы трох-чатырох. І, значыць, схопяць і Тумаша, і Іуду, і ўсіх, і яго. Бедных не выкупяць. Рабства. Бізун.Ён агледзеў мур, і раптам нешта мільганула ў яго вачах: “А можа, і ўскочыш?”Хрыстос пабег насустрач уцекачам. Убачыў, што ў вачах некаторых шалёнае здзіўленне. Але ён не бег доўга. Сажняў за дзесяць ён павярнуўся і, набіраючы хуткасць, памчаў да мура.– Так! – хрыпата крыкнуў Тумаш. – Так! Абы не палон.Ён падумаў, што Хрыстос хоча разбіць галаву аб камяні. Але той не думаў пра гэта. Разагнаўшыся, ён, нагамі наперад, скокнуў на мур і, скарыстаўшы інерцыю, зрабіўшы на ім два крокі, ускінуў рукі, захапіў-такі пальцамі за востры верхні край яго, зрываючы пазногці, наддзіраючы жывот, звіваючыся, падцягнуўся і з нечалавечай сілай, сілай адчаю і безвыходнасці, ускінуў-такі адну нагу, а пасля і сам сеў верхам на замшэлыя камяні. Упаў галавою на верх забрала ў раптоўным страшным знясіленні.Зверху ўбачыў твар Раввуні, ягоныя працягнутыя рукі, вочы, у якіх былі радасць за яго і адначасова бязмерная роспач.У гэты час татарва нагнала і схапіла Яна Зеведзеева і Фаму. Хрыстос не разумеў, чаго так. Ян быў жанчынападобны, гэта так, Але Фама? Толькі пасля ён здагадаўся, што ў гэтым няверным прысмерку не было часу разглядаць. Акрамя таго, крымчакі, па дурасці і недасведчанасці, не здолелі адрозніць белых рас манахінь ад палатняных, брудна-белых апостальскіх хітонаў.