Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Апосталаў цягнулі на коней. Пасля пачалі ўзлятаць арканы. Сталі хапаць жанчын. Чуўся віск, крыкі, тупатанне коней, чужая лаянка.– Я тае лапну! – Фама апусціў аглушальную аплявуху. – Я тае лапну двараніна!!!– Гвалт!– Вось гэта бабы! – крычаў крымчак. – Дужа вылыкы бабы. Гэтых хапай.– Ігі-гі! Ігі-гі!З краканнем, нібы дровы сек, малаціў Піліп. Але вакол усё больш гурбіўся конны смярдзючы натоўп.Ніхто з уцекачоў не здолеў бы скочыць на мур, занадта былі знясіленыя. Але Хрыстос і не думаў аб паратунку аднаго сябе. Патрэбна была, можа, адна толькі хвіліна, каб нешта... Ат, чорт!Над Іудам са свістам узляцеў аркан. Захапіў за глотку.– Хрыстос!!! – у адчаі, з перахопленым дыханнем, толькі і паспеў крыкнуць няшчасны.І тады Хрыстос устаў на ногі....Ігумення і Пархвер, якія цягнулі скручаную Анею да брамы ўнутранага мура, спыніліся, пачуўшы гэты крык.– Ч-чорт, што такое? – спытаў волат.Твар Анеі быў змарнелы і безуважны. Яна глядзела ў зямлю. Яна чула віск і крыкі і разумела ўсё. Ігумення пастаралася яшчэ пазаўчора адкрыць ёй вочы на лёс, што яе чакаў.– То адчыняй дзверы, – шэптам сказаў Пархвер.Ігумення, аднак, не спяшалася: яна ўчула, што за брамай, у двух кроках ад іх, нехта глуха рыдаў....Магдаліна, да крыві разбіўшы кулакі, распасцерлася на брамнай палавінцы, шырока раскінуўшы рукі, як распятая. Адзін адчай валодаў ёю. Скажы яна аб усім – яны ўдзерліся б сюды некалькі гадзін назад, і тады нічога б не было. А цяпер ён у іхніх руках. Чорт з імі, з астатнімі, але ён у іхніх руках. Яна калацілася галавою ў акутую жалезам палавіну, а пасля кінула і ўжо толькі плакала.– Цс-с! – сказала ігумення.Яна ціха, як кошка, узбегла сцёртымі каменнымі сходамі на забрала. Мур той быў утрая вышэйшы, чым вонкавы, з зубцамі. Яна прыпала да прасвету між імі і ўбачыла чалавека, які раптам выпрастаўся на вяршыні каменнай агароджы.Тады яна паспешліва збегла ўніз, зашаптала Пархверу:– Гэты, на муры. І жанчына тут, ля брамы. Зараз ён, пэўна, кінецца сюды. Зведаў.– То выпускай...Скручаная жанчына безудзельна глядзела ў зямлю. Яна сядзела на траве. Як толькі Пархвер кінуў яе, яна села: не трымалі ногі. Твар быў нібы здраўнелы. Вакол вачэй – сінія цені. Ігумення пакасілася на яе:– Яму ў рукі?– Чорт з ім. Абодвух і захопяць.– А як не? А як выкруціцца ды прыскочыць сюды?– Мур!– Мур з дзікага каменю. А гэты спрытняга...– Пускай, кажу, – Пархвер быў белы ад трывогі.– Не, – уладна адсекла тая. – Трэба паглядзець, што і як. Павялі ў вежу. Адчынім вонкавую браму. Калі схопяць – выпусцім. А як па-мойму, дык выпускаць не трэба. Трэба выбірацца адсюль. Ходам. Ён выводзіць у яр. Крымчакі туды не рызыкнуць – нетры. А там заўсёды чакаюць коні.– Загаду не выканаеш, – раззлаваўся волат.– Лепей не выканаю. Лепей самому Лотру аддам – хай робіць, што трэба. Яму лепей ведаць. Спіхнуць з рук, і хай сам разбіраецца. А як выпусцім, як аддамо, ды яны дзівам нейкім уцякуць, схаваюцца – то што тады? Мне – духоўны суд ды, у лепшым выпадку, каменны мех да смерці. А ўжо табе ўздыхальні не мінуць. Як пакароцяць цябе, – яна змерала вокам, – дзюймаў на пяць-шэсць – чым тады заспяваеш?Пархвер пацёр шыю. У гэты момант зноў прагучаў адчайдушны крык:– Хрыстос!І хаця Анея нічога не чула – гэты крык нібы вярнуў ёй прытомнасць. У вачах мільганула жывая цікаўнасць. І нечакана жанчына нібы ўзвілася:– Ю-рась! Хрыстос! Хрысто-ос!Пархвер кінуўся да яе, падхапіў на рукі, бегма памчаў да вежы. Ігумення трухала за ім.