Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Хрыс...Пархверава далонь заціснула не толькі яе рот, але і ўсё аблічча....Шкаляр на муры, пачуўшы крык, выпрастаўся. На хвіліну вочы зрабіліся дзікія.“Пачулася? – падумаў ён. – Яна?.. Ды не, ніхто не крычыць. Цішыня... Пачулася... І як гэта я нічога не забыў?”Ён урэшце адчуў, што сілы вярнуліся. Унізе ўсё яшчэ мітусіўся натоўп, кіпела звалка, гучалі немыя крыкі.Зрынуты Іуда, усё яшчэ з зямлі, усё яшчэ пераціснутым голасам кінуў:– Пакідаеш нас?Замест адказу Юрась пабег па сцяне. Спыніўся.– Кладзі-іся! – несамавіта закрычаў ён. – Хто свае – кладзі-ся! Усе! Ляжы ціха!Гэта быў такі крык, што яго пачулі нават сярод шалёнай какафоніі бойкі. Большасць з непаразуменнем.– Кладзіся!Людзі пачалі падаць тварам на зямлю. І тады Хрыстос моцным ударам нагі скінуў уніз адну фігуру святога, вялікі вулей з доўбленай ліпы.Вулей ляснуўся ўніз, раскалоўся, нібы на пару ночваў. Вываліліся круглыя рэшаты вашчыны. І адначасова з разбуджаным натужным гулам узвіўся ўгору дымок.Хрыстос бег па муры, разумеючы, што спыняцца нельга: заядуць да смерці. Бег і штуршкамі нагі скідаў вуллі. Святыя павольна хіліліся, пасля дзяўблі носам і, набіраючы хуткасць, падалі, разбіваліся. І ўсё гусцей і гусцей было ў паветры ад “дыму”, і ўсё гучней і гучней звінела, гудзела, раззлавана гневалася паветра.Ён бег і скідаў, бег і скідаў... Кацярыну... Ганну... Міколу... з люлькай... Самога сябе, драўлянага.Нехта закрычаў унізе. Пчолы знайшлі ворагаў. Яны не чапалі тых, што ляжалі нерухома. Яны раямі кідаліся на тых, хто рухаўся і цягнуў і хапаў, чые коні скакалі ў паветры.Немы лямант. Нехта адпусціў паланянку, замахаў, нібы млын, рукамі. Завыў Тумаш, трапіла і яму. Гэта карысней, чым ісці на аркане... Яшчэ ўдар нагою. Зрабіў свечку адзін конь, другі, трэці. Яны пачалі шалёна кідацца, гігатаць, збіліся ў поўную жаху чараду.Узляталі і ўзляталі чорныя, як хмара, раі. Татары пачалі кідаць палонных, адмахвацца, круціцца. Юрась убачыў, што галовы ў некаторых ужо нагадваюць рухомы жывы шар.Вызваленыя кінуліся да ставоў, пачалі змаху скакаць у іх, ныраць.Знізу ляцеў ужо не галас, а рык. Адзін, другі, трэці ляснуўся долу з шалёнага каня, што перакінуўся на спіну, каб пазбавіцца ад укусаў.Коннікі ўжо вылі.Хрыстос, выскаліўшыся, трос уздзетымі рукамі ў паветры:– Салодкага захацелася! Ану, мядку! Не любіш, сэрцайка?Зразумеўшы, што ўсё скончана, коннікі пачалі адрывацца ад атрада. Хутка ўся зграя шалёна скакала прэч, цягнучы за сабою пчаліны вэлюм. Ён віўся, налятаў туманнымі струменямі, гудзеў, адлятаў і нападаў зноў.Коні імчалі ўтрапёна. І то адзін, то другі крымчак падаў з каня.– Вось вам інвазія! – крычаў Хрыстос. – Не баб нашых цалуйце! Пацалуйце пад хвост пчале!Ён скакаў на муры і ледзь не істэрычна выў, выў, як шалёны. Палёгка і адчуванне небяспекі былі такія, што можна было ўвогуле звар’яцець....Пачуўшы пераможны крык, ігумення таксама закрычала:– А гаварыла ж табе! Ну, у вежу! Вось бы і выпусцілі. Цягні! Хутчэй!Распятая на браме Магдаліна бачыла гэта праз вочка і, аднак, не магла нават клікаць на дапамогу. Хто б пачуў яе ў гэтым дзікім харале радасці? Не, ужо нічога не зробіш. Канец.Ляснуў за ўцекачамі цяжкі бронзавы завал. Загудзелі медныя дзверы. Магдаліна асела на калені, павольна, у глыбокай непрытомнасці ўпала на зямлю.Гэта быў канец. На паплаўцы дабівалі татар, лавілі перапалоханых коней, якія дзіка гігаталі і кідаліся туды і сюды. Крычаў на ўсіх шалёна Хрыстос: