Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Лаві іх! Ды хутчэй вы, чэрці, дальбог! Давай, давай! Яны гэтага так не пакінуць.Манашкі стаялі ўбаку. Сумныя.– А мы як? – спытала тая, што заігрывала з Юрасём.– Любачкі, – сказаў шкаляр, – у другі час, самі ведаеце, вы на той свет і мы ўслед. А зараз нельга. Яны сюды праз гадзіну такую сілу нагоняць... І сцягнуць з вас і нас скуры ды нацягнуць на барабан ці кастрою наб’юць... А вам з намі – ніяк нельга. Тут на конях скакаць трэба... Унь у вас вежы непрыступныя... Тая унь.– Тая чамусьці замкнёная.– А тыя?– Тыя адчыненыя.– То хіба татарын конны туды ўзлезе? Першыя байніцы – дзесяць сажняў ад зямлі. Прыпасы ёсць?– Ёсць.– То бяжыце туды, замкніцеся, ніжнія байніцы заторкніце ды сядзіце сабе ціхенька. Пераседзьце бяду. Не бойцеся. Яны штурмаваць не майстры. І доўга яны тут не будуць, – Юрась весела скаліўся. – Яны – на хапок. Налятуць, нарабуюць, спаляць, накладуць ды назад. Больш за тыдзень у адным месцы не бываюць.Яму падвялі каня, ён скочыў у сядло. Убачыў, як нясуць непрытомную Магдаліну, як садзяць на каня проста ў абдымкі Тумашу.– Ну, таечкі, хутчэй.– Дай хаця пацалаваць цябе, Божа, – сказала сумна гарэзлівая. – Цудатворца ты наш. Упершыню я ў цябе паверыла, сокал.– Ну ўжо і сокал. Варона. – Ён узняў яе, з сілаю пацалаваў у вусны і паставіў на зямлю. – Бяжыце, дзеўкі! Хлопцы, за мной!Узялі ўнамёт. Закурэў пад нагамі пыл. Здрыганулася ад пошчаку дарога.Каб нехта зірнуў у гэты час на зямлю з вышыні птушынага палёту, ён бы ўбачыў тры кавалькады, якія разбягаліся ў розныя бакі ад замкнёнага на ўсе завалы і нібыта бязлюднага кляштара.Адна (невялікая – два коннікі і два завадныя кані) бегла ў бок Гародні глухімі ляснымі дарогамі. Імчалі мужчына і жанчына. На сядле ў мужчыны нерухома ляжаў бездыханы скрутак.Другі атрад таксама нібы ўцякаў, але ў процілеглы бок. Там разважалі так: калі крымчакі пагоняцца, то ніхто не падумае гнацца туды, дзе блукаюць іхнія ж атрады. Імчаў з намерам аддаліцца ад кляштара, а там, звярнуўшы, накіравацца страшэннымі наднёманскімі пушчамі на поўнач. Коні ляцелі, як страла з цецівы. У гэтай кавалькадзе на адным сядле таксама быў нерухомы скрутак.І, урэшце, трэцяя кавалькада, далёка абагнаўшы другую, ехала ледзь не па паралельнай з ёю дарозе. Успененыя, загнаныя, коні ішлі ступою. Коннікі былі фантастычна страшныя. І без таго шырокія морды сталі ненатуральна, яшчэ ў два разы шырэйшыя. І без таго вузкія вочы сышлі на нішто. Ехалі ўсляпую, пакладаючыся на коней. Галава атрада зрэдку падымаў павека пальцам і глядзеў на дарогу.Хрыстос і не думаў увязвацца ў агульнае бязладдзе. Ён не ведаў аб зговары бацькоў царквы і мурзы Сяліма. А каб і ведаў, быў бы ў непаразуменні наконт таго, што здолее ён з дзесяткам людзей, калі ў бяздзейнасці вялізнае войска.Добра, што шкуру паспелі ўратаваць. Прыемна, што ўратавалі жанчын. Яшчэ лепей, каб удалося адшукаць Анею – усё адно, здрадзіла ці не. А наконт астатняга – што ж... Страшэнна, вядома, шкада людзей. Але што можа зрабіць бадзяга з тузінам паплечнікаў? На гэта ёсць войска. Вялізнае, магутнае войска Гародні. Яму будзе цяжка – устане войска Беларуска-Літоўскага княства. Хто яго перамагаў дагэтуль? Крыжакі? Батый калісь? Іншыя? Ого! Вось чакай, збяруцца толькі, устануць – паляціць з татарвы пер’е. Рэпу будуць капаць носам. А ён – маленькі чалавек; яму трэба выжыць, зберагчы людзей, якія спадзяюцца на яго і за якіх ён адказвае. Магчыма, знайсці сваю жанчыну.