Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Трэба сяк-так дажыць жыццё, раз ужо трапіў у гэты гной. Калі ўбачыць, што недзе б’юцца, бокам аб’едзе....Здарылася, аднак жа, зусім не так. Праз нейкія там пару гадзін ён трапіў у такі пераплёт, якога яшчэ не бывала ніколі ў ягоным жыцці....Мінула кароткая яшчэ, на дзве птушыныя песні, ноч самага пачатку жніўня. Пачало днець. Сонца вось-вось павінна было ўзысці. Перадранішні ветрык блукаў па някошаных травах.Трэба было даць коням адпачыць і хаця сяк-так папасвіць іх. Жывёл не рассёдлывалі. Скінулі толькі саквы.Спыніліся на самай вяршыні ўзгорка. Спускацца ўніз не варта было. З вышыні яшчэ здалёк можна было заўважыць набліжэнне арды і ўцячы. Лес, у які павінны былі яны звярнуць, каб прабіцца на поўнач, быў – рукой падаць. Туды яны і паскачуць, як з’явіцца небяспека.Перад імі была лагчына. Па ёй вяла, даволі блізка набліжаючыся да грады ўзгоркаў, прасёлачная дарога. На поўдні, дзе магла быць небяспека, дарога вынырвала з пушчы за нейкіх там пяцьсот сажняў: часу, каб уцячы, хопіць па горла.Магдаліну знялі з каня, але прывесці яе да прытомнасці ніяк не ўдавалася. Узрушэнне было такое глыбокае, што непрытомнасць яе перайшла ў глыбокі, непрабудны сон. Дзьмулі ў нос, злёгку хлопалі па шчаках – нічога не памагала. Юрась загадаў кінуць. Апрытомнее.Паставілі на варту Іуду, а самі раскінуліся ў траве, каб хаця трохі адпачыць самім ды, можа, хаця хвіліну прыдрамнуць пасля бяссоннай ночы. Паступова ўсе змоўклі. Задрамаў і Хрыстос.Сніў ён, што плыла ад далягляду нейкая няясная маса. Пасля яна наблізілася, і ён са здзіўленнем убачыў, што гэта людзі ў чыстых белых адзеннях. Яны ішлі то паасобку, то па два, а то і даволі вялікімі купкамі, але не ў натоўпе, таму што між імі плыло бясконцае мора жывёл. Людзі ветла гаварылі між сабою, але здзіўляла не гэта, не адсутнасць гневу, зайздрасці, нервовай варожасці, а другое. У чарадзе ішлі побач вясёлыя, усмешлівыя ваўкі і глядзелі сонечнымі сабачымі вачыма на какетлівых аленяў і махалі ім хвастамі. Каля ўзбочыны сабака гуляў з катом: рабіў выгляд, што ідзе бокам, па сваёй справе, а пасля кідаўся, хапаў за азадак і мякка “жваў”. Кот, лежачы на спіне, млява, мяккімі лапамі, адбіваўся. Ішлі ягняты і львы. Апошніх ён адразу пазнаў. Зусім бы ў кнігах. Вельмі падобныя да сабак.Даляталі тупат ног, бэканне, нейкі незразумелы рып.А людзі ішлі і дружалюбна падымалі да яго руку, на знак прывітання, і смяяліся. У іх былі дзівосныя светлыя твары, зусім не такія, як даводзілася бачыць дагэтуль. Не анёлы. У анёлаў халодныя вочы. У гэтых вачах была любоў, а ў жылах – гарачая плынь крыві.Ён страшэнна любіў іх. Гэтай хвілінай ён страшэнна любіў іх. Такімі нельга было ўладарыць, такіх нельга было падманваць. Ён вельмі, ён страшэнна любіў іх, аж сціскалася сэрца. Ён сам здзіўляўся, як ён усім на свеце гатовы ахвяраваць дзеля іх, дзеля такіх вось.І ехала на велізарным, падобным на сабаку, ільве Анея. Чамусьці не глядзела на яго, і ён спалохаўся, што не заўважыць, і кінуўся да яе...Рып, галасы і крык жывёлы былі не ў сне. Ён убачыў на грабяні скамянелую постаць Іуды, глянуў і жахнуўся.Бег натоўп. Знясілены, выснажаны, ён, праўдзівей, хацеў бегчы, ды не мог. Нібы ў жахлівым сне.Гналі чароды: няшчасных кароў, запыленых авечак. Дзяўчынка ледзь перастаўляла ногі, несучы на руках кацяня. Цягнулі нейкія каляскі, штурхалі тачкі з мізэрным скарбам. Ехалі вазы і рыпелі, рыпелі, рыпелі.