Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Былі і правілы: “Адзін даносчык – не даносчык” (у Германіі нядаўніх часоў на гэта не звярталі ўвагі, што сведчыць аб безумоўным прагрэсе), але падсудны мог прызнаць праўду даносу. “Нельга два разы прымяняць адно катаванне”. Але можна было яго “перарываць і пачынаць зноў”. “Прызнанне і самаасуджэнне – кветка дазнання”. Але калі чалавек не прызнаваўся і на прэнгу, яго лічылі “моцна западозраным у ерасі” і выпускалі пад нагляд.Страшна было тое, што на тагачасных беларускіх землях машына шматвяковай хлусні і звыклай крывадушнасці сутыкнулася з першабытнай, язычаскай яшчэ праўдзівасцю большай часткі людзей. Люд у вёсках не замыкаў дамоў (хіба што ўначы, ад звера), сведчыў толькі сваім словам; за аблудныя сведчанні – забівалі. Але ўжо тады сярод найбольш блізкіх да храма людзей пачынала буяна расцвітаць хлусня, крывая прысяга, ілжэсведчанні, даносы – усё тое, што народ непаразумела называў “душою рыгнуў”.За пару стагоддзяў гэтаму паспяхова навучылі цэлую грамаду. Як не паверыць пасля гэтага, што вера і догма змякчаюць норавы?!– Гаварыў ганьбавальныя словы на Пана Бога? – спытаў камісарый суда. – Зневажаў?Чалавек, відаць, быў старой рошчыны. Не зразумеў, чаму ён павінен хлусіць.– Я яго не лаяў. Нашто мне зневажаць яго? Я пра другое...Ён прызнаваў тое, што казаў калісьці. Не ўвесь учынак, а частку яго, тое, што было сапраўды. Ён не ведаў, што досыць і часткі, што астатняе дахлусяць за яго.З усіх бакоў на гэты адзіна чалавечы твар глядзелі морды. Знясіленыя бяссоннымі начамі, або тлустыя, пергаментныя, або налітыя крывёй, – але ўсё адно морды. Кожная – не аблічча, не “вобраз Божы”, не адзнака Высокай Істоты, не Твар, а менавіта os porci, свінячае рыла без сораму і сумлення... Чакалі.– Я не лаяў, – паўтарыў мужчына. – Пустое месца не лаюць. Я проста казаў, што не дазволіў бы Ён такіх пакут добрым, каб быў.– Адвядзіце... Па агавору сазнаўся... Наступны...Падвялі шляхцюка. Вельмі пацертая вопратка ў пыле розных дарог, збітыя чобаты. Відаць, бяздомнік. Маленькі, нягеглы сабою, ужо ў гадах. Тварык з кулачок, рэдкія вусы, галодныя і вартыя жалю вочы.– Імя, – перад шляхцюком камісарый здаваўся асабліва сытым, няспешным, грамагласным, як асёл.– Варган Будзіміраў пан Коцкі, – усміхнуўся чалавечак.– Ты раскажы пра сябе.– Яно, пане... з сагнаных я. Перавялі з зямлі нашы магнаты ўсіх нас, бедалагаў, у загонавую шляхту. Яно можна б і жыць, ды толькі нобіль наш упаў вокам на маю дачку... Прыёмную. Сябра нябожчыка... Я, прызнацца, і жанаты не быў... Шкада стала сірату. Пайшоў беззямельнікам з ёю. А яе і задумай адабраць, – голас у чалавека быў слабы, ён нібыта мяўкаў. – Яно... моцныя людзі – што скажаш? Але і на моцных ёсць Бог... Ёсць!.. Яна таго не вынесла. Прасіўся я, каб мне хаця вусы мае на ганьбу выдралі, ды не чапалі дзіця... Не вынесла... Каб ганьбы не было – павесілася... Няўжо яна пеклу душу сваю аддала, каб гонару не страціць? Не можа быць такога жорсткасэрддзя. Што можа бяссільны?.. Вось і хаджу ўжо дзесяць год. Бог смерці не дае... То курачку было насіў з сабою. Дзе гной на дарозе або зерне нехта рассыпаў – выпушчу, падзяўбе. А яна мне часам – яечка. Ды ад старасці няспрытная стала. Забіў яе капытом магнацкі конь... Беленькая, так яна крывёю і аблілася... Сям-там і я, як яна, падзяўбу. Ды вось учора прыйшоў сюды ды ў карчме малака трохі купіў. Даўно не піў малака, а тут...