Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Брудныя, пыльныя, многія ў лахманах. Зноў тое, што заўсёды бачыў дагэтуль: боль, гнеў, асуджаная пакора, тупасць. Ля ног машынальна пераступаюць сабакі з высалапленымі языкамі. А гэтыя ідуць, такія заўсёдныя, такія брудныя і непрыгожыя. Вочы. Тысячы абыякавых вачэй.І ўсё ж у гэтых вялікіх ад пакуты вачах было столькі чалавечага, столькі ад т ы х, што ў Хрыста ўпала сэрца. Гэтыя лахманы, падобныя на абрыдлівы брудны кокан. Якія матылі хаваюцца ў вас?!Ён глядзеў. Многія слізгалі па ім пакутным позіркам і зноў ішлі.– Што ж ты не даў знаць?– А чаго? – голас у Іуды быў суровы. – Я адразу ўбачыў, што не татары. Чаго было будзіць стомленых? Каб паглядзелі?Вочы ягоныя пачарнелі. Змрочныя вочы.Прачнуліся і другія. Таксама падышлі. Натоўп не звяртаў увагі на людзей, што на ўзгорку. Рэдка хто кідаў позірк.Магчыма, мора так і праплыло б паўз іх, але ў ім ішлі тры старыя знаёмыя Хрыста, тры “сляпыя” прайдзісветы, і адзін з іх заўважыў яго, штурхнуў сяброў.– Ён, – сказаў нехта з іх пасля роздуму.– А што, хлопцы, ці не свярбіць у вас тое месца, куды ён тады... – другі махляр пачухаў азадак.– Ды не было ў яго, пэўна, больш.– Кі-інь. Ну, не было. Дык баяцца павінен. Украсці, а даплаціць... Ну, як хочаце. Я не з міласэрных.Астатнія ў знак згоды схілілі галовы. І тады махляр шалёна і прарэзліва залямантаваў:– Браты ў го-ры! Лю-удзі! Ніхто нам не дапамога! Бог толькі адзін!– Вось ён! – паказаў другі. – Ад слепаты вылечыў мяне!– Ён Гародню ад голаду ўратаваў!Людзі пачалі запавольваць хаду. Хто мінуў – аглядаўся назад. Заднія напіралі... Шалёна крычала старая, трымаючы за вяроўку, наматляную вакол рог, карову:– Гандляроў выгнаў! Карову вось гэтую мне даў! Глядзіце, людзі, гэтую!– Не трэба далей ісці! Ён тут! – загарлаў нехта.– У Гародні – чулі?..Братчык раптам убачыў, што натоўп зварочвае з дарогі і плыве да ўзгоркаў. Ён чуў крык, але словаў разабраць не мог. І толькі пасля нібы прарэзаліся з агульнага галасу паасобныя крыкі:– Ён! Ён! Ён!– Гэта яны чаго? – спытаў дурыла Якуб. – Біць будуць?– А табе што, у першы раз? – Сымонавы вочы шукалі коней.– Жах які, – сказаў Тадэй. – Хвалі, што пеняцца сарамотамі сваімі.Раввуні паціснуў плячыма.– Гэта азначае – прыйшоў час, – сказаў Раввуні.Натоўп набліжаўся, паступова аточваў іх. І раптам стогн, здаецца, скалануў узгорак:– Божа! Божа! Бачыш?!Цягнуліся чорныя далоні, худыя жылаватыя рукі. І на закінутых тварах жылі вочы, у пакуце сваёй падобныя на вочы тых, у сне.– Прадалі нас! Рада царкоўная з татарынам спелася!– Войскі стаяць... Не ідуць!.. Не ратуюць!– Адзін ты ў нас застаўся!– Зброі!– Прадалі... Хаты спаленыя.Тысячавокі боль знізу поўз да шкаляра.– Забітыя яны ўсе! Стань галавою! Ратуй!– Людзі! Што я магу?..– Ратуй нас! Ратуй!– ...Я жабрак, як вы, бяссільны, як вы.– Пакажы сілу тваю! Дзяцей пабілі.Клікалі вочы, рукі, раты.– Я – самазванец! Я – махляр!Але ніхто не чуў, бо словы танулі ў агульным ляманце.– Ратуй! Ратуй!– Што рабіць? – ціха спытаў Раввуні.– Нічога, – сказаў Фама. – Тут ужо нічога не зробіш.І Братчык зразумеў, што тут сапраўды нічога ўжо не зробіш. І ён узняў рукі і трымаў іх над крыкам, а пасля над цішынёю.Ён памятаў, якімі ён бачыў іх у сне.Увесь дзень і ўсю ноч кіпела, віравала тысячарукая чалавечая праца. Згодна з невядомым пакуль планам Братчыка людзі прыйшлі на гэта возера, з трох бакоў абкружанае лесам. Вялікае, плыткае і топкае возера са шматлікімі астраўкамі.