Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

На самым вялікім з астраўкоў быў калісьці замак Давыдавічаў-Кароткіх, нашчадкаў колішніх пінскіх князёў. Замак даўно быў разбураны. Заставалася толькі затравелая дарога праз лес. Яна калісьці была засыпана каменем, таму і не зарасла.Сутыкнуўшыся з возерам, дарога ўспаўзала на штучную дамбу і ішла возерам яшчэ сажняў трыста, пакуль канчаткова не абрывалася. Калісьці, як замак яшчэ быў цэлы, людзей і коней перавозілі адсюль да вострава на вялікіх цяжкіх плывіцах. Цяпер і плывіцы дагнівалі па берагах ды на дне. Дый сама дамба зарасла па абодвух схілах вялікімі ўжо меднастволымі хвоямі, чорнай вольхай, дубкамі і хуткімі ў росце волатамі ясакарамі.Натоўп займаўся тым, што цягнуў дамбу яшчэ далей. Мільгалі рыдлёўкі, рыпелі коламі вазы з пяском, сыпалася зямля. Угразаючы ў глеі, людзі цягнулі вярэйкі з зямлёй, трамбавалі. Кіпела шалёная праца. Усе верылі: не паспееш зрабіць справу ў тэрмін – канец. За суткі дамбу працягнулі яшчэ сажаняў на дзвесце. Да астраўка заставалася яшчэ столькі, колькі было зроблена, з невялічкім гакам. І тут работу спынілі. Пачалі забіваць у дно палі з роўна зрэзаным верхам.Толькі тут ачуняла Магдаліна. Загадала паклікаць Хрыста. Замест яго прыйшоў цыган Сымон Кананіт, сказаў, што Хрыстос, Фама, Іуда і яшчэ некалькі чалавек ловяць дарогаю ўцекачоў і прымушаюць іх ісці ў Крыцкае ўрочышча, дзе сабраўся ўжо сякі-такі народ: рэшткі разбітых вартавых атрадаў з маленькіх гарадкоў, узброеныя вольныя мужыкі, дробная шляхта... Магдаліна ахнула, даведаўшыся, колькі была ў непрытомнасці.– Ды ты разумееш, што Анею яны з кляштара павезлі?!– Анею? Позна. Уквэцаліся ў такую саладуху, што ці будзем жывыя. Застанемся на зямлі – знойдзе. А не, то і Анея і іншыя будуць нам без патрэбы....Хрыстос сапраўды тым часам перапыняў уцекачоў. Наскроб трохі людзей. Ганцы з возера даносілі, што справа ідзе, але да канца яшчэ даволі далёка. Ганцы з татарскага боку спавяшчалі, што Марлора ідзе, што ён блізка, што частку коннікаў, на чале з Сялімам, аддзяліў і паслаў на Волхаў: гнаць быдла дзеля катлоў, коней дзеля падмены і паліць дарогаю вёскі, гарадкі і крэпасці. Хрыстос, пачуўшы аб падзеле, пачаў лаяцца так, што ганец з павагі толькі галавою круціў... Пасля ён сеў і думаў некалькі хвілін. Хрыстос надумаўся. Паклікаў распарадчыка, змрочна сказаў:– Хутчэй забівайце палі. Не паспяваем... Таму ты, ганец, скачы да Марлоры, нясі яму вось жменю зямлі.– Ты што? – збялеў ганец. – Зямлёй кланяцца?!– Лепей прыгаршчай, чым усёй, ды яшчэ з тваёй шкураю ў дадатак. Скажы, што ваяводы разбегліся, што папы моляцца, што не маюць яны права гаварыць, калі сам Бог тут... Скажы: хай возьме сорак чалавек і чакае мяне на Князёвым кургане. Скажы: я вазьму трыццаць воінаў. Слова даю.– Ды нас дваццаць восем, – сказаў начальнік варты.– Са мною Фама і Іуда... І я прыйду да яго. Будзем гаварыць. А войскі нашыя хай будуць далёка за нашымі спінамі. За трэць дня дарогі. Ну, давай.Ганец пусціў белага наўскач.

Раздзел ХХХІІ

Курган быў утаптаны стагоддзямі да каменнай цвёрдасці, зарослы пушыстым палыном, лямцаватым сабачнікам, укрыты сінімі зоркамі цыкорыя і ўвесь застаўлены чартапалохамі, што тапырылі свае стальныя дзіды і высока ўзносілі малінавыя шапкі.Вельмі стромы, нягледзячы на ўзрост, ён высока-высока ўзвышаўся над гэтым роўным, амаль не паплямаваным дрэвамі, вялікім аполлем сярод лясоў. Куды ні зірнеш – роўнядзь. Толькі вельмі далёка, на самым даляглядзе, дымна сінелі бясконцыя лясы.